«Драўляная» праблема

КДК Гродзеншчыне праверыў 6 дрэваапрацоўчых арганізацый

На шэрагу дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Гродзеншчыны не выконваюцца тэрміны рэалізацыі інвестпраектаў, існуюць іншыя недахопы

Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці праверыў 6 дрэваапрацоўчых арганізацый канцэрна «Белляспаперпрам». ААТ «Лідская мэблевая фабрыка», ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Слоніммэбля», СТАА «ЗОВ — ЛенЕўрамэбля» займаюцца вытворчасцю мэблі. ААТ «СКПЗ «Альбярцін», СТАА «Эксклюзіў» — вытворчасцю паперы, кардону і папяровых вырабаў санітарна-гігіенічнага прызначэння, ААТ «Лідабудматэрыялы» — выпускам сталярных вырабаў.

У ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Слоніммэбля» праблемным пытаннем з’яўляецца невыкананне ААТ «ААБ «Беларусбанк» дагаворных абавязацельстваў па прадастаўленні крэдытных сродкаў згодна з графікам фінансавання ў суме 125 тыс. еўра ў месяц (адкрыта крэдытная лінія ў памеры 1,5 млн. еўра).

У шэрагу арганізацый выяўлена адставанне ў асваенні аб’ёмаў інвестыцый. Так, у ААТ «Лідабудматэрыялы» рэалізуюцца два інвестыцыйныя праекты (удасканаленне тэхналогіі вытворчасці аконнага блока, рэканструкцыя цепласушыльнай гаспадаркі). За студзень—кастрычнік бягучага года аб’ём укладанняў склаў усяго 0,2 млрд. рублёў, або 10 % ад запланаванага на 2013 год. Па першым праекце набыта больш таннае абсталяванне, якое дазволіла палепшыць якасць аконнага блока з паваротна-адкідной прыладай. Новы кацёл, які працуе на адходах дрэваапрацоўкі, для правядзення рэканструкцыі цепласушыльнай гаспадаркі на прадпрыемстве не набылі. Замест гэтага праведзены капітальны рамонт дзеючага. Дэбіторская запазычанасць з пачатку года ўзрасла ў 1,6 раза і склала 5,4 млрд. рублёў.

Не адпавядае заяўленаму аб’ём інвестыцый і ААТ «Лідская мэблевая фабрыка». Пры запланаваным аб’ёме на студзень—кастрычнік 2,5 млрд. рублёў фактычна асвоена толькі 0,9 млрд. (35 %). Набыта ўстаноўка прэсавання мэблевага шчыта, выкананы замена кампрэсара, устаноўка пажарнай сігналізацыі, замена вымяральнага інструменту ў сушыльных камерах, праведзены падрыхтоўчыя работы па ўстаноўцы воданагравальнага катла. Аднак у сувязі са зніжэннем пакупніцкага попыту на мэблю з ламініраваных пліт і ДСТП значна зменшаны аб’ём продажаў. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці склалі 238 % пры ўстаноўленых у бізнес-плане 170 %.

Таксама існуюць праблемы ў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыя ААТ «Слонімскі кардонна-папяровы завод «Альбярцін». Праектам прадугледжвалася пашырэнне вытворчасці кардону за кошт арганізацыі вытворчасці мелаванага і немелаванага кардону на ствараемых вытворчых плошчах да 70 тыс. тон у год. Разам з тым прадпрыемству ў фінансаванні праекта коштам 11 млн. еўра ў красавіку бягучага года ААТ «ААБ «Беларусбанк» і ААТ «Белаграпрамбанк» адмовілі, паколькі планавалася набыццё лініі па вытворчасці кардону, якая была ў карыстанні. Таксама не знойдзена крыніца фінансавання праекта па ўкараненні газапоршневай устаноўкі магутнасцю 1480 кВт з інвестыцыямі ў 1,6 млн. еўра.

Праблемнымі пытаннямі пры рэалізацыі прадукцыі з’яўляюцца зніжэнне продажаў санітарна-гігіенічных вырабаў з-за значнага імпарту аналагічных тавараў, а таксама неканкурэнтаздольнасць тавараў па цэнавым фактары пры іх продажы на экспарт. Пры закупках макулатуры асноўнай праблемай з’яўляецца невыкананне арганізацыямі патрабаванняў пункта 4.2.1 ДАСТ 10700-97 «Макулатура папяровая і кардонная» адносна ўпакоўкі макулатуры ў стосы вагой не менш за 200 кг. Як вынік, пры дастаўцы макулатуры за кошт перапрацоўшчыка таварыства нясе вялізныя выдаткі. Таксама ў апошні час назіраецца пастаянны рост цаны на макулатуру, што вядзе да росту сабекошту прадукцыі і яе неканкурэнтаздольнасці на знешніх і ўнутраных рынках. Пры гэтым кампенсацый, як перапрацоўшчык другаснай сыравіны, прадпрыемства не атрымлівае.

Акрамя таго, ва ўсіх гэтых арганізацыях выяўлены факты безгаспадарчасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter