Абрад «Закліканне дажджу» са Старога Дзедзіна Клімавіцкага раёна летась трапіў Дзяржспіс аб’ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі

Дождж са Старога Дзедзіна

Вёска Стары Дзедзін, што ў Клімавіцкім раёне, — паселішча старажытнае і знакамітае. Яму больш за 1030 гадоў. Хаця гэта ўмоўна, гісторыкі дасюль не могуць дакладна сказаць, як даўно тут пасяліліся людзі — мо, і раней. А адлік вядзецца ад узросту знойдзенага ў Старым Дзедзіне ўнікальнага скарбу. Ён лічыцца самым старажытным не толькі ў краіне, але і ва Усходняй Еўропе. Пра адмысловую знаходку нагадвае і валун з памятным надпісам на ўездзе ў вёску.


Гаршчок з манетамі

У 1926 годзе мясцовы селянін Трафім Гудкоў араў свой надзел і зачапіў плугам гліняны гаршчок, з якога высыпалася больш за 200 старажытных манет. Спецыялісты высветлілі, што схаваны яны былі паміж 980—985 гадамі. Адсюль і дата.

Але знакамітая вёска не толькі знойдзенымі некалі манетамі. Славіцца Стары Дзедзін беражлівымі адносінамі да народнай творчасці і абрада. Тут, на маляўнічым беразе ракі Асцёр, і сёння можна пачуць старажытныя, цягучыя, падобныя на малітвы і замовы песні, якія стагоддзі таму гучалі менавіта ў гэтых мясцінах. А таксама ўбачыць язычніцкіх часоў абрад «Закліканне дажджу», або «Аранне ракі», у Старым Дзедзіне яго праводзілі з даўніны. Летась ён быў уключаны ў Дзяржаўны спіс аб’ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны краіны.

Дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клімавіцкага раёна Сяргей Булянкоў расказвае:

— Калі гаварыць мовай этнографаў, сёння носьбітам мясцовых традыцый лічыцца жыхарка Старога Дзедзіна Галіна Васільеўна Брыкава, былы кіраўнік сельскага клуба. Яна ведае мноства аўтэнтычных песень, танцаў, з дзяцінства чула і пра «Паханне ракі», бачыла некалі, як гэта рабілі дарослыя жанчыны. З дапамогай Галіны Васільеўны абрад аднавілі і цяпер выконваюць удзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Астранка». Але мы імкнёмся, каб традыцыя не перарывалася, захоўвалася і надалей — для гэтага ў Старым Дзедзіне створаны дзіцячы ўзорны фальклорны калектыў «Астраначка» — спадарожнік «Астранкі». На жаль, старэе вёска, а вельмі хочацца, каб яна жыла, не вымірала.

Абрад не мае канкрэтнай даты правядзення, здзяйсняўся па патрэбе — толькі тады, калі не было доўгі час дажджу і гінуў ураджай на палях і агародах старадзедзінцаў. Лічыцца, калі ўсё выканаць правільна, дождж пачне ісці праз пару гадзін або на наступны дзень. У Старым Дзедзіне ў гэтым перакананы.

Аранне ракі


Раней удзельнічаць у абрадзе дазвалялася толькі ўдовам, бо іх сям’ям без кармільца было асабліва цяжка. Зараз яго здзяйсняюць жанчыны і маладыя дзяўчаты. Ідуць да ракі Асцёр, там і адбываецца рытуал: чытаюць малітву, заходзяць у змялелую раку і пад абрадавыя спевы і замовы тры разы праводзяць плугам па дне. Дзве цягнуць плуг, следам адна — «арэ», другая — лазовым дубцом паганяе.

Праўда, у далёкія часы выконвалі абрад крыху інакш. Зазывальніцы дажджу дамаўляліся пра свае намеры паціху, каб ніхто пра тое не ведаў і самога дзейства не бачыў, а ў раку заходзілі галышом.

Сённяшнія старадзедзінскія жанчыны заходзяць у ваду ў белых вышываных сарочках, і гледачоў на абрад збіраецца многа — прыязджаюць і з іншых раёнаў, і з Расіі, яна тут зусім побач. Але — усё роўна дзейнічае! Ёсць таму многа сведак. Яшчэ расказваюць: у розны час здымалі абрад для тэлебачання і дождж сапраўды пачынаўся. Але і іншае прагаворваюць: маўляў, выклікаюць дождж без патрэбы, для тэлекамер — вось і няма лета цёплага.

Так ці інакш, але і гэта таксама пацвярджае: дзейнічае абрад! Так жа?

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter