Уладзімір Пятроў ужо трыццаць гадоў выходзіць на сцэну свайго Вялікага тэатра

Дон Жуан, ён жа — Анегін

Уладзімір Пятроў ужо трыццаць гадоў выходзіць на сцэну свайго Вялікага тэатра

Па версіі швейцарскіх музычных крытыкаў, Уладзімір Пятроў — лепшы Дон Жуан у гісторыі оперы. Нядаўна яму споўнілася 60 гадоў, палову з іх ён аддаў сцэне. Пасля кансерваторыі ў Свярдлоўску прыехаў у Мінск. З таго часу — на вядучых ролях у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.


Уладзімір Пятроў і Надзея Паўлава ў оперы “Травіата”

Першая партыя самародка на сцэне мінскага тэатра была не “прынясі-падай”, ён адразу трапіў у арыстакраты.

— “Анегін” для мяне стаў лёсавызначальным, — прызнаўся спявак. — З ім я аб’ездзіў паўсвету: Ізраіль, Францыя, Германія... Сустракалі на ўра! Гэтая опера будзе актуальнай заўсёды. Каханне, рэўнасць, барацьба — гэта ўсё наша жыццё.

Уладзіміру Пятрову пашчасціла працаваць і з горача любімым беларусамі Жэрарам Дэпардзье. Дуэт склаўся ў Парыжы — у оперы венгерскага кампазітара Золтана Кодая “Хары Янош”.

Сваім творчым настаўнікам спявак называе імпрэсарыа Дзіна Арычы. Дзякуючы яму Вялікі тэатр Беларусі пяць гадоў ездзіў выступаць на самыя прэстыжныя фестывалі разам з вядучымі салістамі свету.

— Мы выконвалі цудоўныя творы: “Барыс Гадуноў” Мусаргскага, “Кармэн” Бізэ, “Паяцы” Леанкавала, “Аіда” Вердзі.

У 2015 годзе Уладзімір Пятроў удастоены вышэйшай узнагароды Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі — прэміі “Хрустальная Паўлінка”. А напярэдадні юбілею быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Мэтру оперы шмат разоў прапаноўвалі змяніць “прапіску” — клікалі і ў Заходнюю Еўропу, і ў Амерыку. Але, на шчасце мінчан, “залаты барытон” пакідаць родны тэатр нават не думае.

Вялікі тэатр адзначыў творчы юбілей вядучага саліста з размахам — трыма пастаноўкамі сусветнага ўзроўню. Уладзімір Пятроў праспяваў князя Ялецкага ў оперы “Пікавая дама”, у “Царскай нявесце” — партыю Гразнога.

Крысціна Хілько
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter