Закінутая некалі сядзіба ўжо прымае турыстаў

Дом, які ратуе Генрых

Генрых Траццяк жыве ў вёсачцы Флер’янава паміж Баранавічамі і Ляхавічамі. 27 гадоў ён кіраваў мясцовым калгасам імя Ламаносава. 

У 1988 годзе ў Крамлі старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Андрэй Грамыка ўручыў аграрыю з палескай глыбінкі Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы. На пенсіі 83-гадовы Траццяк без справы таксама не сядзіць — у 2012 годзе ён купіў за адну базавую велічыню закінутую сядзібу XIX стагоддзя. Кожны месяц палову сваёй пенсіі Генрых Міхайлавіч аддае на аднаўленне фальварка, які ратуе ад старасці яго самога.

Фота аўтара
Гэтую сядзібу ў 1870 годзе пабудаваў Ян Атон Бохвіц — сын пісьменніка і філосафа Фларыяна Бохвіца. Ян удзельнічаў у паўстанні 1863 года, за што быў пакараны двума гадамі турэмнага зняволення. Некалькі разоў у Флер’янава прыязджала Эліза Ажэшка. Тут яе наведвалі пісьменнікі, музыканты, мастакі. Літаратурныя чытанні збіралі гасцей з Варшавы, Вільні, Пецярбурга, Адэсы. Сын Яна Тадэвуш стаў “сардэчным сябрам” пані Ажэшкі. Пазней іх лісты адзін аднаму выдадуць асобным томам  300 старонак.

Пасля вайны ў сядзібе жыло каля 20 сем’яў. У савецкі час у будынку размяшчаліся сельгастэхніка, Дом ветэранаў, пансіянат, потым — праўленне калгаса імя Ламаносава. 

Цяпер тут бязлюдна. У старым каміне патрэскваюць дровы. Гулка цікае насценны гадзіннік. З чорна-белых фатаграфій за адраджэннем фальварка назіраюць яго былыя ўладальнікі. Генрых Траццяк разлівае па кубках чай:

— У 26 год я паступіў на педагагічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, займаўся навукай, быў ленінскім стыпендыятам. Для сябе цвёрда вырашыў: ажанюся толькі пасля таго, як стану доктарам навук. Але ж выйшла інакш. Яшчэ будучы студэнтам закахаўся ў аспірантку з Ленінграда. Вось ужо паўстагоддзя як мы з маёй Ларысай ідзём па жыцці разам.

Неяк маладая сям’я прыехала да бацькоў у Ляхавіцкі раён і вырашыла застацца тут назаўсёды. Малады навуковец год адпрацаваў галоўным аграномам у калгасе імя Ламаносава, пасля вяскоўцы абралі Генрыха Траццяка сваім старшынёй.

У 1997 годзе ён выйшаў на пенсію, а праз шэсць гадоў сядзіба апусцела.

— Мы жывём зусім побач, так што будынак прыходзіў у заняпад на нашых вачах. За гэтым было балюча назіраць. Спачатку я вырашыў стварыць тут клуб навукова-тэхнічнай творчасці ветэранаў, а неўзабаве мне прапанавалі стаць паўнавартасным уласнікам сядзібы і заняцца яе аднаўленнем. Выйсця ў мяне не было — у адваротным выпадку яна проста знікла б. Я купіў сядзібу за адну базавую велічыню. Яшчэ 500 даляраў аддаў за афармленне дакументаў. Разумеў, што ўвязваюся ў вельмі няпростую і маштабную справу. 


Разам з Генрыхам Міхайлавічам ідзём хітраспляценнямі калідораў. Заблудзіцца тут можна лёгка. Плошча сядзібы больш за трыста “квадратаў”! Гаспадар паказвае, што ўдалося зрабіць за апошні час:

— Тут страх што рабілася. Перакрыцці паміж паверхамі дзе-нідзе абваліліся, у вокнах не было шкла, дзверы выбітыя. За пяць год здолеў адрамантаваць дах, спыніць працэс разбурэння. Паставілі драўляныя вокны, у некаторых пакоях адшліфавалі падлогі, выраўнавалі сцены і столь. Дубовыя дзверы — асобная гісторыя. Ім каля 100 год. Я ўручную здымаў усе пласты фарбы, шліфаваў дрэва. Увогуле, 90% працы раблю сваімі рукамі. Грошай на ўсё не хапае, так што імкнуся зрабіць максімум магчымага з мінімальнымі выдаткамі.

Сядзіба для Генрыха Траццяка — таксама і магчымасць пакінуць свой след на зямлі. Тут ён працуе з раніцы да вечара. Кожны дзень, без выхадных:

— У гэтай сядзібе работы на 100 год хопіць. Не так важна, што я паспею зрабіць. Значна важней, што я захаваю. 

Па драўлянай лесвіцы, якая памятае хаду Ажэшкі, падымаемся на другі паверх. У прасторным пакоі светла і ўтульна. Рамонт амаль скончаны. Генрых Траццяк мяркуе, што менавіта тут размяшчалася спальня ўладальнікаў сядзібы:

— Вось тут захаваліся дзверы, якія калісьці вялі на вялікую тэрасу. Вокны выходзяць на тры бакі. З пакоя можна было назіраць за ўзыхо-дзячым сонцам і любавацца заходам. Я стараюся аднавіць усё так, як было 150 год таму. Вельмі хочацца, каб у сядзібе захаваўся пах даўніны. І гэтая праца мне ў радасць.

Пакуль гаспадар сядзібы нават не думае зарабляць на выніках сваёй працы, хоць грошай не хапае. Радуецца, калі прыязджаюць турысты. Распавядае, што нядаўна мінская турфірма прывезла цэлы аўтобус гасцей. 

Выходзім на двор. За апошнія пяць год тут таксама адбыліся вялікія перамены. Тэрыторыя расчышчана, смецце вывезена, сядзіба абнесена новым плотам. На месцы, дзе калісьці быў стары яблыневы сад, цяпер падрастаюць 100 маладых дубкоў.

З усходняга боку сядзібы таксама расце дуб. Яго ў 1908 годзе пасадзіла Эліза Ажэшка. Генрых Траццяк прыкладвае да ствала далоні. Заклікае мяне зрабіць тое ж самае — падзарадзіцца энергіяй стогадовага волата:

— Вось так падзарадзішся — і за працу. Я ж да гэтага часу ўсю гэтую тэрыторыю ўручную абкошваю і на здароўе не скарджуся. Атрымліваецца, што я ратую сядзібу, а сядзіба — мяне. Нам адзін без аднаго ніяк не абысціся.

p.losich@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter