Дом на адкрытым месцы. Каб прыняць сонечную ванну пад пальмамі і ля вады, зусім не абавязкова ехаць на экзатычныя выспы

На Беларусі ёсць свае курорты, адзін з якіх — Мядзельшчына. Пальмы вы знойдзеце якраз у цэнтры горада, ля хаты аператара цэнтральнай кацельнай гарадскога жылкамгаса Міхаіла Падгола і ягонай жонкі, санітаркі мясцовай бальніцы Вольгі.

— Хата мая стаіць на відным месцы — хочацца, каб было прыгожа, — тлумачыць з’яўленне экзатычных дрэваў і трапічных матылькоў гаспадар. — Я ж не толькі качагар, але яшчэ і рыбак, паляўнічы, а ў вольны час сам сабе мастак.
Творчых ідэй у Міхаіла Падгола шмат, ды ўсё ўпіраецца ў наяўнасць матэрыялу. Невядома, ці з’явілася б у Мядзела пальма, каб Падголы не набылі новую лядоўню. Бакавыя сценкі старой лядоўні пайшлі на лісце. Ствол дрэва зроблены з нявартага матэрыялу — састаўленых адна на адну пластыкавых бутэлек, умацаваных арматурай ды бетонным фундаментам. Мара энтамолага — гіганцкі матылёк — таксама абавязаны сваім з’яўленнем старой лядоўні. А грыбы-падасінавікі некалі былі непатрэбнымі драўлянымі калодкамі.
У Падголаў двое дзяцей: Раман вучыцца ў выпускным класе, Насця перайшла ў чацвёрты. Хлопец, як мае быць, больш цікавіцца тэхнікай ды дапамагае бацькам па гаспадарцы. А вось у Насці таксама мастацкая жылка прабіваецца: ужо два гады займаецца ў гуртку вышывання і графікі з нітак, раней захаплялася танцамі.
У канцы мімалётнай сустрэчы цікавімся планамі самадзейнага мастака.
— Нядаўна ездзіў на радзіму свайго бацькі, на Расоншчыну, — кажа той. — Бачыў дзіва: прыгожы конь вытачаны з бярозы так, што можна разгледзець бабкі, капыты. На галаве сапраўдная грыва, ззаду, як належыць, сапраўдны хвост. Побач цыган з чорнай барадой, у чырвонай кашулі і чорным капялюшы: пэўна, скраў бярозавую жывёліну. Я тады загарэўся: крыху б ад сябе дадаў і такога ж каня зрабіў. А яшчэ маленькія калёсы і сажалку невялікую, з мастком. Бо калі твая хата стаіць на адкрытым месцы — хочацца, каб было прыгожа...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter