ДОМ, дзе сустрэліся сэрцы

Большасць старых — жыхароў Дома міласэрнасці — цёплым жнівеньскім днём сядзела на падворку ў прыгожых альтанках і на лавачках. У кожнага з іх — свая гісторыя. Паслухаем некаторыя.Насуперак тыповаму перакананню, што дом састарэлых — гэта “багадзельня”, людзі жывуць тут сваім жыццём і будуюць шчасце, для якога ніколі не запозна.

— Калісьці тут стаяла вялікая ваенная часць, — расказваў мне вадзіцель,  калі мы праязджалі па шырокай вуліцы гарадскога пасёлка Урэчча Любанскага раёна. — Бачыце, былыя  казармы з выбітымі вокнамі. А гэтую казарму, напэўна, “новыя беларусы” выкупілі і адрамантавалі — глядзіце, якія прыгожыя новыя шклопакеты паставілі.
Дзе ж тут Дом міласэрнасці, або аддзяленне кругласутачнага знаходжання пенсіянераў і інвалідаў? Аказалася, што не трэба далёка ехаць — размяшчаецца ўстанова якраз у доме “багацеяў”.
Нават мяне, сталічную жыхарку, здзівіў унутраны выгляд Дома міласэрнасці, або, як раней казалі, багадзельні. Еўрарамонт, модныя яркія колеры сцен і шпалер, дарагія агрэгаты на кухні і ў пральні. У шыкоўных залах для адпачынку — сучасныя тэлевізары, DVD-плэеры, крэслы і канапы нагадваюць атмасферу дарагога гатэля. Як расказала дырэктар Любанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Несцер, на рамонт і закупку абсталявання для Дома міласэрнасці спатрэбілася 730 мільёнаў рублёў. Для сарака “пастаяльцаў” прызначаны ўтульны дом, плошча якога складае амаль тысячу квадратных метраў. Разам з Наталляй Несцер і загадчыцай аддзялення Валянцінай Вяроўкай праходзім па двух паверхах дома, аглядаючы спецыяльную некрутую лесвіцу і поручні ўздоўж сцен. Аддзяленне заселена яшчэ не цалкам — пакуль тут 19 чалавек, улетку старыя чапляюцца за роднае жытло, а вось ацяпліць яго зімой многім сіл не стае. Таму бліжэй да халадоў можа ўзнікнуць чарга на засяленне.
Большасць старых — жыхароў Дома міласэрнасці — цёплым жнівеньскім днём сядзела на падворку ў прыгожых альтанках і на лавачках. У кожнага з іх — свая гісторыя. Паслухаем некаторыя.
Дакуль, мама, будзеш па дзецях хадзіці?
Пра Надзею Карнееўну мне расказалі яшчэ раней.  Сярод астатніх бабулек яна адразу вылучаецца хітраватым, з усмешкай позіркам жывых блакітных вачэй і няспыннымі рукамі за працай. За жыццё старой (а ёй ужо 82 гады) хапіла гора. Бацькі загінулі ў 1945 годзе, мама і тата разам. “Мне засталося шасцёра дзяцей гадаваць. Да вайны сем класаў скончыла. На работу я — куды хочаш. Козы пасвіла, каровы трымала, касіла — усё-ўсё я магла,” — расказвае бабуля. А зараз у дзяцей — свой клопат. У дачкі кватэра малая, двухпакаёвая. Сын працаваў аграномам, цяпер — лесніком. Але ж старая не змагла ўжыцца з нявесткай. Пра сваю долю Надзея Карнееўна расказвае вершамі, ад якіх стыне кроў у жылах:
Паехала к сыну —
яго не застала,
А вось жа нявестка
мне горда сказала:
“У нас дзеці вялікі,
няма што рабіці,
Ідзі да дачушкі
і там будзеш жыці”.
Дайшла да дачушкі
і стала ў куточку:
“Мая ты дачушка,
памый мне сарочку”.
“Не буду я мыці,
няма дзе сушыці”.
Каўры дарагія,
няма як хадзіці.
...Малодшаму сыну ўрачы
прыказалі,
Каб хворую маці
дадому забралі.
І хата відная,
каўры ўсе харошы,
Усё пакуплялі
за маміны грошы.
Дакуль мама будзе
жыць на нашым жаленні,
Калі ты памрэш, маць,
няма нам цярпення?
Старая вымушана была пакінуць непрытульны дом і жыла ў чужых людзей. “Я там не гуляла. За лета назбірала шэсць мяхоў бяссмертніку, сем мяхоў жалудоў, і гусі пасвіла, і шкарпэткі вязала. У тых мясцінах шмат авец, брала ў людзей воўну, прала і вязала”, — расказвае мне бабуля. Хоць і баляць рукі, аднак у Доме міласэрнасці Надзея Карнееўна таксама ўвесь час нешта робіць. “Не бядую, не плачу. Што плакаць, што?! 200 пар наскоў тады звязала і прадала, а тут ужо дзесяць пар. Санітаркам падарыла”, —  пра сённяшняе распавядае старая. За адным сталом з ёй у сталоўцы сядзяць 87- і 94-гадовыя бабулі. Дык Надзея Карнееўна дапамагае і ім.
Аддаў грошы — будзь харошы
Тут да нас з цікаўнасцю падыходзіць Васіль Міхайлавіч. Яго апякункі Наталля Мікалаеўна і Валянціна Іванаўна расказвалі, што душа ў Васі светлая і добрая, як у дзіцяці, усіх любіць і шкадуе. Аднойчы Васіль папрасіўся з Дома міласэрнасці праведаць родную хату, яго адвезлі. А назад Вася прывёз цэлы абярэмак кветак і падарыў дзяўчатам — абслугоўваючаму персаналу. Казалі, кветкі збіраў па ўсёй вёсцы, і ніхто яму не адмовіў. Субяседніца мая не губляецца і па-добраму шуткуе:
Васілю, Васілю, забяры дзяціну,
Не возьмеш дзяціну — на пракосе кіну.
Кажуць, больш за ўсё сумуюць па старой хаце жыхары Дома міласэрнасці ў першы месяц на новым месцы. “Магчыма, некаму хацелася б выпіць, як прывыклі на адзіноце,” — па сакрэту кажа загадчыца. Але ж у аддзяленні з гэтым строга. “Як кажа наш Вася, аддаў грошы — будзь харошы”, — дадае Валянціна Вяроўка. Незалежна ад памеру пенсій старыя павінны пералічыць аддзяленню ЦСАН 80 працэнтаў ад яе. Зараз адзін дзень утрымання чалавека ў аддзяленні каштуе 28 тысяч рублёў. Права на сацыяльнае абслугоўванне ў Доме міласэрнасці маюць адзінокія і адзінока пражываючыя непрацаздольныя састарэлыя грамадзяне і інваліды, якім патрэбна дапамога з-за частковай страты працаздольнасці і немагчымасці сябе абслугоўваць. 
Хадзем, мая красачка!
Час палуднаваць, старыя паціху выбіраюцца з альтанкі і, падтрымліваючы адзін аднаго, кіруюцца ў сталоўку. Адразу заўважаю гэту пару, якая пад ручку памалу ідзе да ганка. Перад ім дзядуля ў вялікіх акулярах пяшчотна кажа: “Сонечка, ступенькі”, і як можа дапамагае бабульцы падняцца ў дом. Супрацоўнікі расказваюць, што былы настаўнік вельмі пяшчотна ставіцца да сваёй сяброўкі, прыносіць ёй пачастункі. У бабулі даволі суровы голас, і яна любіць крыху пабурчаць. Напрыклад, кажа “кавалер”:
— Сонечка, я заходзіў да цябе, а ты спала...
— І чаго ты ідзеш і ідзеш без канца, — бурчыць бабуля.
Але ж, напэўна, жаночае сэрца не застаецца зусім раўнадушным. Загадчыца аддзялення з усмешкай кажа, што, калі старыя вырашаць пажаніцца, ім з задавальненнем прапануюць асобны пакой, аформлены ў вельмі далікатным ружовым колеры.
Я прашу пару зноў прайсціся разам для “кантрольнага” фота.
— Хадзем, мая Сонечка, хадзем, мая красачка, — звяртаецца да бабулі стары, і я міжволі  заўважаю такое пяшчотнае замілаванне адзін адным, якое і ў маладых нячаста сустрэнеш.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter