Можно ли восстановить работу почти неработающего клубного учреждения в селе, знают в Червеньском районе

Дом, дзе ствараецца настрой

АД некаторых сельскіх клубаў застаюцца пустыя будынкі з замкамі на дзвярах. Здавалася, не так даўно тут танчыла моладзь, а на белым экране спявалі і пакутавалі ад непадзеленага кахання героі індыйскага кіно. А ці бывае наадварот, калі на змену цішыні і заняпаду прыходзяць песні і бурлівае жыццё? Кажуць, што так. А ад каго альбо ад чаго гэта залежыць? Ці рэальна, асабліва за даволі кароткі прамежак часу, пачаць практычна з нуля і ўзняць культуру на сяле на дастаткова высокі ўзровень?

Ансамбль народнай песні «Скарбніца».

За адказамі карэспандэнт «СГ» разам з галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрвеньскага райвыканкама Марынай ПАТАПЕНКА і дырэктарам ААТ «Валевачы» Андрэем ГРЫЦКЕВІЧАМ адправілася ў Чарнаградскі сельскі дом культуры.

ЯШЧЭ на падыходзе да яго можна было зразумець, што жыццё тут бурліць, як вулей. Пад суправаджэнне баяна спяваў ансамбль народнай песні «Скарбніца», якім кіруе Аляксандр Вавілаў. Музыка смяецца: «Я школьны настаўнік. І вось дырэктар ДК Алена Баляславаўна некалі запрасіла папрацаваць усяго адзін тыдзень. А атрымалася так, што спеўкі нашы зацягнуліся на некалькі гадоў».

Аб складзе ансамбля асобныя радкі. Удзельніц няшмат, але яны сабралі і сплялі разам песні Міншчыны і Палесся. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС некаторыя спявачкі пераехалі сюды з Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў. Так што рэпертуар разнастайны, а гастралюе «Скарбніца» нават у суседзяў. Была з абменным канцэртам на Смалявіччыне, у верасні прымае ўдзел у свяце адной з вёсак Пухавіцкага раёна. Самай старэйшай і пастаяннай удзельніцы Марыі Мацак амаль 82 гады! Далей па сыходнай ідзе «моладзь» — 71, 68... Жанчыны самі ў жарт задалі пытанне, самі і адказалі на яго: «Хто ў вёсцы ходзіць у клуб? Наша «моладзь»!» Рэпетыцыі, якія праходзяць двойчы ў тыдзень, і зімовыя вячоркі даюць магчымасць проста пагутарыць.

КУЛЬТУРНАЕ жыццё Чарнаградзі адрадзілася тры гады таму, калі загадчыцай Дома культуры стала Алена Сныткова. Педагог, жыла на Магілёўшчыне, узначальвала дзіцячы садок. Сюды яе перацягнулі дачушкі-мінчанкі. Праўда, спачатку яна была школьным завучам у суседняй Грабёнцы. Але жыццё ўсё перайначыла. Сам будынак Дома культуры з’явіўся недзе ў 1982-м, толькі апошнія гады ён павольна дажываў свой век. Вечарамі па выхадных «круцілі» дыскатэкі, збіралася пара-тройка танцораў. І на гэтым усё. У штаце лічыўся толькі адзін чалавек — мастацкі кіраўнік Святлана Баўрына. Так што новаму загадчыку прыйшлося спачатку брацца за звычайны рамонт, змагацца з цвіллю і вільгаццю. Потым акультурылі тэрыторыю, разбілі клумбы, устанавілі міні-скульптуркі. На дапамогу прыйшлі і простыя людзі, і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, і спонсары.

Загадчыца Чарнаградскага сельскага дома культуры Алена СНЫТКОВА.

За некалькі месяцаў ДК пачаў «дыхаць». Цяпер без яго жыццё вяскоўцаў губляе фарбы. Актывізавалася не толькі «Скарбніца». Прыцягнуліся да ўстановы мужчыны-салісты Андрэй Чубянок, Пётр Сарока і Сяргей Русецкі. Не ўяўляюць вяскоўцы канцэрты і без маленькіх вакалістаў Дар’і Лісіцы, Аляксея Баўрына, Насці Еўсюковай, Мікіты Зыля і Колі Зубакіна. І вось тут Чарнаградзь загула, заспявала...

Школы на месцы няма, у далёкім мінулым была толькі пачатковая, вучняў з таго часу падвозяць за 3—4 кіламетры ў суседнюю Грабёнку. Мясцовая дзятва часцей за ўсіх наведвае Дом культуры. Іх пакой тут самы яркі. Тут працуе гурток, дзеці шыюць казачных герояў. Мех і ўсе неабходныя аксэсуары прывозяць са Жлобіна. На падлозе — вялікі кракадзіл, набіты саломай. На ім самыя маленькія любяць пасядзець. Калі спытала ў дзяўчынкі, якая расчэсвала «мяккага звера», як яе клічуць, яна выдала: «Пятрова Соф’я Паўлаўна, тры гады». Ну, якія яшчэ пытанні?

На канікулах да сельскіх актывістаў падключаюцца і прыезджыя дзеці. Для старэйшых наведвальнікаў усталявалі тэнісны стол, мужчыны актыўна праводзяць спартыўныя паядынкі. На стэндзе ў калідоры — выстава фотаздымкаў «Год малой радзімы». Мой прагляд тут жа пракаментавалі: «Тут усё наша, мясцовае. Нават рапс, гусі і конь ля крыжа — чарнаградскія». У 2017-м аграгарадок адзначыў юбілей — 200-годдзе. Свята прайшло з размахам, прыехалі нават тыя, хто некалькі гадоў таму пакінуў родныя мясціны.

ДОМ культуры абслугоўвае пяць вёсак, прыкладна 647 чалавек. Суботнія дыскатэкі збіраюць 20—30 аматараў патанчыць, уваход каштуе два рублі. У святы людзей значна больш. Напрыклад, на навагодні вечар прадалі 111 уваходных білетаў. За 2017 год зарабілі каля трох тысяч рублёў. Усяго на тэрыторыі Валевачскага сельсавета тры клубныя ўстановы. На Дзень Незалежнасці праводзяць сумеснае вялікае мерапрыемства. А калі пайсці па хатах на Каляды, то за вечар не абыдзеш. Тая ж уборачная кампанія заўсёды гарачая пара і для творчых людзей. Пачынаючы з «Зажынак», ансамбль і салісты гастралююць па палях, выступаюць перад хлебаробамі. Кульмінацыя, канечне, «Дажынкі».

Вікторыі ЕЎСЮКОВАЙ шыць мяккія цацкі дапамагае Сонечка ПЯТРОВА.

— Прыемна, што не трэба прыкладаць намаганняў, каб сабраць людзей, — кажа Алена Баляславаўна, — яны самі прыходзяць да нас. Вы б бачылі тыя гулянні: дарослыя мужчыны, а ў забавах удзельнічаюць з захапленнем. Каб узмацніць цікавасць, узнагароджваем пераможцаў падарункамі. Прысмакі даюць ААТ «Валевачы» і мясцовае прыватнае кафэ. У якасці спонсараў падключыліся і нашы індывідуальныя прадпрымальнікі Аляксандр Жадан і Зінаіда Прыходзька. Стараемся ахапіць усе катэгорыі жыхароў. Ансамбль «Скарбніца» і салісты заўсёды віншуюць пажылых людзей, ветэранаў і ўдзельнікаў вайны. Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць каго ўшаноўваць. Гэта наша жыццё, яно павінна быць насычаным і светлым.

chasovitina@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter