Почти 83% объектов жилфонда страны получили паспорта готовности к отопительному сезону

Дом, дзе сцены саграваюць

Першы месяц восенi падыходзiць да канца, халодны восеньскi вецер не-не ды i прымусiць зашпiлiць куртку i падумаць пра шалiк. Пакуль мы не адчулi пахаладання ў поўнай меры, але каляндар падказвае — яно не за гарамi. У краiне завяршаецца падрыхтоўка да асенне-зiмовага перыяду. Амаль 83 працэнты аб’ектаў ЖКГ атрымалi пашпарты гатоўнасцi. Да 1 кастрычнiка гэты паказчык павiнен дасягнуць найвышэйшай адзнакi. Як праходзiць праца, высвятляла карэспандэнт «Р».

Высокая ступень гатоўнасці

Каб даставіць гарачую ваду і ацяпленне ў кожны дом, трэба трымаць адпаведныя аб’екты пад пастаянным кантролем. Таму ў перыяд іх падрыхтоўкі да эксплуатацыі восенню і зімой Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі праводзіць штотыднёвы кантроль па 13 асноўных паказчыках і штомесячны па 89. Гэта гарантуе надзейнае і безаварыйнае цепла- і водазабеспячэнне і функцыянаванне ўсёй структуры гарадскіх і сельскіх пунктаў у ацяпляльны перыяд.

— У цэлым аб’екты ЖКГ да ацяпляльнага перыяду гатовы, — дае ацэнку намеснік начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Святлана Цімошкіна. — Гадавое заданне пры замене цеплавых сетак выканана на 74 працэнты. У поўным аб’ёме створаны запасы дрывянога паліва, сфарміраваны 752 аварыйна-аднаўленчыя брыгады. У гатоўнасці знаходзяцца 15 перасоўных модульных кацельняў і 570 аўтаматычных перасоўных крыніц электразабеспячэння. Падрыхтавалі 3903 адзінкі снегаўборачнай тэхнікі, назапасілі 241 000 тон пясчана-салянай сумесі. Завяршаецца праца па атрыманні пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц, якія знаходзяцца на абслугоўванні ЖКГ.

На сёння фактычна ўсе мерапрыемствы, якія праводзяць для атрымання пашпартоў гатоўнасці, выкананы.

Пачынаючы з гэтага года, рашэнне аб тэрмінах пачатку і завяршэння ацяпляльнага сезона прымаюць абласныя, раённыя, гарадскія выканаўчыя камітэты. Узгадненне з Мінжылкамгасам не патрабуецца. Сігналах да старту паслужаць сярэднясутачныя тэмпературы вонкавага паветра. Для падключэння дзіцячых дашкольных і медыцынскіх устаноў тэмпература павінна трымацца на адзнацы +10 градусаў і ніжэй на працягу пяці сутак. Для жыллёвага фонду гэта +8 градусаў і ніжэй. Традыцыйна ў адміністрацыйных і грамадскіх будынках, офісах батарэі становяцца цёплымі ў апошнюю чаргу.

— На 21 верасня атрымана 82,7 працэнта пашпартоў гатоўнасці аб’ектаў жыллёвага фонду, — падзяліўся дадзенымі начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксціловіч. — У лідарах Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская вобласці і горад Мінск. Тут пашпарты гатоўнасці атрымалі ўсе аб’екты. У Мінскай вобласці пакуль не зарэгістраваны 33 пашпарты, у Магілёўскай — сем, Віцебскай — чатыры.

На сёння фактычна ўсе мерапрыемствы, якія право­дзяць для атрымання пашпартоў гатоўнасці, выкананы. У поўным аб’ёме правялі профрамонт сістэм ацяплення цеплавых вузлоў, завяршылі гідраўлічныя выпрабаванні сістэм ацяплення і іх апрацоўку. Засталося закончыць рамонт даху (96,7 працэнта плана выканана), стыкаў сценавых панэляў (99,2 працэнта) і зверку прыбораў уліку цеплавой энергіі (96,8 працэнта).

Праблемы будуць вырашаны

Генеральны дырэктар ДУ «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд» Аляксандр Азярэц у сваю чаргу адзначыў: на 21 верасня Дзяржэнергагазнагляд зарэгістраваў 87 працэнтаў пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і 89 працэнтаў цеплакрыніц.

— Згодна з новымі правіламі, апошні дзень афармлення пашпартоў гатоўнасці — 30 верасня, а не 1 кастрычніка. Да зацверджанага тэрміну ўсе работы будуць выкананы. Каб своечасова зарэгістраваць пашпарты гатоўнасці, персанал Дзяржэнергагазнагляду працуе і ў выхадныя дні, — падкрэсліў Аляксандр Азярэц. — З году ў год праблемныя пытанні паўтараюцца. Гэта невыкананне праверкі тэхнічнага стану дымавых і кандэнсацыйных каналаў у шматкватэрных жылых дамах, дзе стаіць пакватэрнае газавае абсталяванне. Несвоечасова выконваюцца рэгламентныя работы: правядзенне гідраўлічных выпрабаванняў, аднаўленне цеплавой ізаляцыі. Назіраем неадпаведнае афармленне тэхнічнай дакументацыі.

tychko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter