Дом для талентаў

У Крупскім раёне — бум культурнага будаўніцтва

У Крупскім раёне — бум культурнага будаўніцтва

Крупскі раённы Цэнтр культуры чакае наваселля. Гэтай вясной яго будынак, якому ўжо сорак гадоў, павінен адкрыцца пасля капітальнага рамонту і рэканструкцыі.

300 мільёнаў рублёў асвоена на мадэрнізацыю летась,

яшчэ 400 мільёнаў запланавана для заканчэння ўсіх неабходных работ сёлета. Між тым вынік фінансавых выдаткаў відавочны ўжо зараз. Нават звонку будынак не пазнаць – цеплавая рэабілітацыя, сучасны дызайн. Многа прыемных адкрыццяў чакаюць будучых наведвальнікаў. Адно з іх — абноўлены раённы Цэнтр культуры зніме праблему, якая асабліва адчувалася ў апошнія гады. Амаль на сотню месцаў павялічыцца ўмяшчальнасць глядзельнай залы. Цяпер

іх будзе каля 450.

— Сама ж зала атрымае сучасны выгляд і выдатнае абсталяванне. Каля 50 мільёнаў выкарыстана на набыццё “адзення” для сцэны, больш за 50 мільёнаў каштуе закупленая гукавая апаратура, 12 мільёнаў – святло, 85 мільёнаў – новыя крэслы... Канечне, на будаўніцтва спатрэбіліся немалыя грошы з мясцовага бюджэту. Але кіраўніка нашага раёна аляксея Сілівестравіча Гарнака не трэба пераконваць у неабходнасці і значнасці фінансавых укладанняў у такі аб’ект, — расказвае начальнік аддзела культуры Крупскага райвыканкома Ганна Кукарцава.

Разам з глядзельнай залай у новым Цэнтры культуры будзе працаваць і зала дыскатэчная. Абмяркоўваецца стварэнне більярднай, залы ігравых аўтаматаў і нават невялікага кафэ. Прадугледжаны прасторнае фае, гардэроб і, што немалаважна, добраўпарадкаваны санвузел. Не сакрэт, што згодна з колішнім савецкім праектам у тыповых раённых установах культуры яго наогул не было.

Пасля рэканструкцыі, паводле слоў Ганны Кукарцавай, вырашыцца і праблема з пакоямі для заняткаў студый і гурткоў, рэпетыцый самадзейных мастацкіх калектываў. У ранейшым памяшканні ім даўно ўжо было цеснавата. Талентаў у Крупках нямала – пры раённым Цэнтры культуры працуюць ансамбль народнай песні “Жывіца”, ансамбль эстраднай песні “Настальгія”, народны аркестр духавых інструментаў, дзіцячы эстрадны калектыў “Жамчужына”, клуб для сталых лю-

дзей “Залаты ўзрост”. Ці трэба гаварыць, з якім нецярпеннем чакаюць завяршэння рамонту і вяртання “пад дах дома свайго” самадзейныя артысты, іх прыхільнікі дый усе жыхары Крупак, бо неўзабаве з’явіцца ў іх горадзе цудоўная сучасная ўстанова культуры, якую прыемна наведваць самім і куды несорамна гасцей запрасіць.

У гэтым сэнсе цэнтр культуры – не “першая ластаўка”. Пачаткам культурных наваселляў на Крупшчыне можна назваць стварэнне і адкрыццё ў 2004 годзе раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Будынак пад яго знайшлі ў самым цэнтры горада. Праўда, на той час у стане далёка не зайздросным, пра які і сёння дырэктар музея Таццяна Белая ўспамінае з жахам. Але ж як узяўся за гуж... І здолелі, аднавілі. Дзякуючы апантанасці энтузіястаў-музейшчыкаў і падтрымцы мясцовых улад правялі рэканструкцыю і рамонт памяшканняў, сабралі музейную калекцыю, аформілі экспазіцыю, закупілі мэблю і камп’ютэрнае абсталяванне. Каля 400 мільёнаў рублёў выкарысталі на гэтыя мэты з раённага бюджэту. Сёння па-дамашняму ўтульны музей гасцінна прымае і мясцовых жыхароў, і турыстаў. У яго фондах захоўваецца каля 6 тысяч экспанатаў — ад часоў старажытнасці да нашых дзён.

Аднак будаўніцтва на гэтым не спынілася, бо які ж сапраўдны музей без сваёй выставачнай залы? І ў мінулым годзе пры ім адкрылася мастацкая галерэя. Між іншым, адзіная падобная ў Мінскай вобласці. Пад яе таксама адвялі асобны будынак і яго адрамантавалі, выдаткаваўшы амаль 100 мільёнаў бюджэтных грошай. Цяпер у дзесяці невялікіх залах галерэі выстаўлены каля сотні мастацкіх работ, сярод якіх творы мясцовых аматараў жывапісу Аляксея Гаміна, Фёдара Сарокіна, Сяргея Варламава, Міхаіла Грабянцова, а таксама прафесіяналаў — жыхароў Крупшчыны Алега Пручкоўскага, Аляксандра Міхеева, мінчан Барыса Аракчэева і Аляксандра Ксяндзова. Цікава, што пераважная большасць карцін у пастаяннай экспазіцыі перададзена аўтарамі ў дар гэтай установе культуры.

Першыя ўрокі малявання ў вучняў пачатковых класаў мясцовых школ цяпер пачынаюцца менавіта тут, у раённай галерэі. Як справядліва лічаць яе навуковы супрацоўнік Тамара Каваленка і кіраўнік народнага клуба майстроў “Таленты Крупшчыны” Вольга Баяркіна (гэты калектыў размясціўся пад адным дахам з галерэяй), вельмі важна, каб, вывучаючы рэпрадукцыі славутых твораў Левітана ці Шышкіна, ведалі крупскія дзеці і пра цікавых мастакоў-землякоў, маглі ўбачыць арыгінальныя творы і адчуць іх жывую энергетыку.

Між тым культурнае будаўніцтва вядзецца не толькі ў цэнтры. Летась пачаў працаваць Дом рамёстваў у так званым спальным раёне Крупкі-2.

Занятак па душы ў студыях дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знайшлі ў ім каля 70 чалавек — дзяцей і дарослых. Новая сучасна абсталяваная дыскатэчная зала з мінулага года радуе моладзь у Лянокскім сельскім доме культуры. Вялікі рамонт праведзены ва Ухвальскім доме культуры. Сёлета завяршаецца мадэрнізацыя дома культуры ў аграгарадку Кляновічы, яго сцэна будзе адной з лепшых, так званай філарманіч-

най пляцоўкай раёна. Пад самы Новы год гасцінна адчыніўся цэнтр адпачынку ў вёсцы Каменка. І спіс культурных новабудоўляў, падобна, працягнецца і надалей.

Напрыклад, з-за рэканструкцыі раённага Цэнтра культуры ўшчэмленымі аказаліся інтарэсы цэнтральнай раённай бібліятэкі. Раней яна размяшчалася на другім паверсе будынка, але пасля яго адкрыцця на былое месца ўжо не вернецца. Зразумела, каб праз пэўны час справіць наваселле. А значыць, неўзабаве давядзецца новы рамонт пачынаць. Паводле слоў Ганны Кукарцавай, ужо і будынак вельмі падыходзячы нагледзелі. “акультурыць” яго для крупчан справа не новая. Маюць вопыт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter