Насельніцтва 21 месяц запар прадае больш валюты, чым купляе

Долары здаюць i не здаюцца

Такія даныя вынікаюць са статыстыкі Нацбанка. У кастрычніку грамадзяне набылі наяўных і безнаяўных замежных грошай на 598,1 млн долараў у эквіваленце, а прадалі на 745,86 млн. Розніца склала 147,76 млн долараў. А з пачатку года — больш за 1,7 млрд долараў.

Чаму грамадзяне прадаюць валюту?

На думку экспертаў, апытаных «Р», у такой тэндэнцыі ёсць некалькі прычын. Адна з іх у тым, што людзі папросту «праядаюць» назапашаныя зберажэнні. Па сутнасці, мы прывыклі да адчування камфорту, якое было ў ранейшыя часы, калі зарплата расла небывалымі тэмпамі. Нямногія згаджаюцца перайсці ў рэжым эканоміі, тым больш калі ў «загашніку» або на дэпазіце ёсць нешта ў валюце. Да таго ж працэнты па ўкладах ужо не дазваляюць зарабляць так, як гэта было раней. Не душыць псіхалагічна і страх, што не сягоння заўтра наш рубель абваліцца, і таму са спусташэннем скарбонкі варта пачакаць. Сваю лепту ў продаж валюты ўносяць і заробкі, атрыманыя за мяжой. А лішніх грошай, каб насельнiцтва пачало больш купляць валюты ў запас, сёння ў грамадзян няшмат. Любы рост даходаў «кампенсуецца» ростам аплаты праезду, камунальных паслуг. 

Ці варта чакаць, што ў бліжэйшы час плынь жадаючых абмяняць долары і еўра на нашы рублі зменшыцца? Эксперты салідарныя ў меркаванні: наўрад ці. Бо цяпер на ўкладах грамадзян ляжыць у пераліку на долары больш за 7,3 млрд (па даных Нацбанка на пачатак кастрычніка). Па некаторых ацэнках, супастаўная сума можа ляжаць дома, «пад матрацам». А значыць, абменнікі спусцеюць не хутка. 

Iншая справа, калі мы прыйдзем да таго, што рост зарплаты будзе апярэджваць жаданнi, то насельніцтва зноў можа стаць актыўным пакупніком валюты. Праўда, не апошнюю ролю ў гэтым адыграюць эфект ад дэдаларызацыі эканомікі і працэнтныя стаўкі па валютных дэпазітах. Дарэчы, сёння пра­цягваюць расці рублёвыя ўклады і зніжацца аб’ём зберажэнняў у замежных грашовых знаках. У студзені — верасні гэтага года рублёвыя ўклады выраслі амаль на 11,5%, а валютныя знізіліся на 3,5%. Тым не менш грамадзяне па-ранейшаму 75% свабодных грошай захоўваюць не ў рублях.

Пры гэтым зараз дзве траціны ўкладаў — безадзыўныя, а крыху больш за траціну — адзыўныя. Па словах намесніка старшыні праўлення Нацбанка Тараса Надольнага, ёсць зрушэнне ў бок класічна бяспечных пасіваў. 76% дэпазітаў маюць кароткатэрміновую аснову — да года, 24% — маюць доўгатэрміновую. Прычына, на думку Надольнага, у тым, што нашы грамадзяне асцярожнічаць:

— Гэта выклікана ўнутранай асцярогай. Я б сказаў, у нейкай ступені недаверам да доўгатэрміновых дэпазітаў з прычыны таго, што ў нашага насельніцтва захоўваецца пэўнае адчуванне магчымых нейкіх нестабільных працэсаў на рублёвым ці валютным рынку. І адпаведна па меры паляпшэння сітуацыі на валютным рынку я думаю, што ўпор будзе рабіцца на доўгатэрміновыя дэпазіты.

Вераніка НІКІЦІНА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter