90-летний ученый разрабатывает интегральный роботизированный способ доения коров, аналогов которому нет в мире

Доктар тэхнічных навук, прафесар Уладзімір Перадня: «Карову можна параўнаць з цырконавай ракетай...»

Далёка за межамі краіны выкарыстоўваюцца распрацоўкі галоўнага навуковага супрацоўніка лабараторыі механізацыі тэхналагічных працэсаў вытворчасці малака і ялавічыны НПЦ НАН па механізацыі сельскай гаспадаркі, доктара тэхнічных навук, прафесара Уладзіміра ПЕРАДНІ. 

У працоўнай кніжцы яго занатавана адзінае месца. Гэты навуковы калектыў ён папоўніў амаль 70 гадоў таму пасля заканчэння з адзнакай лесатэхнічнага факультэта Беларускага тэхналагічнага інстытута імя Кірава. Скончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую, а потым і доктарскую дысертацыі, атрымаў званне прафесара. Чвэрць стагоддзя загадваў лабараторыяй механізацыі працэсаў вытворчасці малака і ялавічыны. Кіраваў распрацоўкай і рэалізацыяй саюзных навукова-практычных праграм па тэхнічным забеспячэнні жывёлагадоўчых ферм. Аўтар звыш 400 навуковых публікацый, у тым ліку манаграфіі і вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных аграрных навучальных устаноў. На яго рахунку шэраг патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. Падрыхтаваў пяць кандыдатаў і аднаго доктара тэхнічных навук. Уладзімір Іванавіч — член савета па абароне дысертацый пры РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі». Ім створана навуковая школа ў галіне механізацыі кормапрыгатавання ў жывёлагадоўлі. 

У свае 90 гадоў паспяхова кіруе навукова-тэхнічнай праграмай Саюзнай дзяржавы па распрацоўцы энергазберагаючых тэхналогій і абсталявання і выкарыстання біянебяспечных камбікармоў.

Працоўная дзейнасць вучонага адзначана ордэнам Дружбы народаў, залатымі і сярэбранымі медалямі ВДНГ, ганаровымі граматамі Мінсельгасхарчу, Нацыянальнай акадэміі навук, Мінскага аблвыканкама.


Залаты час юнацтва звычайна незаўважна адыходзіць у нябыт. Не кожны чалавек адразу і адкажа, калі развітаўся з гэтым сапраўдным зямным раем, напоўненым мноствам мар і задум. Уладзімір Іванавіч Перадня лічыць, што для яго настаў абсалютна новы этап жыцця тады, калі заняўся навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі ў тагачасным Інстытуце механізацыі і электрафікацыі сельскай гаспадаркі Акадэміі навук БССР. Схільнасць да матэматыкі ў сялянскага хлопчыка прыкмеціла настаўніца пачатковай школы, якая пасля вайны адкрылася на хутары Загараны ў Докшыцкім раёне. Бывала, у класе ніхто з вучняў, акрамя яго, не мог справіцца з задачай. Уладзімір каля дошкі тлумачыў ход рашэння. І ў Докшыцкай сярэдняй школе, дзе вучыўся з 5-га класа, матэматыка, фізіка, хімія былі яго любімымі прадметамі. А вось руская мова давалася няпроста: як ні стараўся, дапускаў граматычныя памылкі. 

— У дыктоўцы словы «малако» і «карова» пісаў, як чуў, — усміхаецца, узгадваючы далёкія школьныя гады, Уладзімір Іванавіч. — Большае задавальненне прыносіла рашэнне складаных матэматычных задач. Класны кіраўнік Ганна Абрамаўна выкладала матэматыку і дазваляла мне вольнае наведванне сваіх урокаў. Настаўнікі патрабавалі ад нас веды. Школа славілася сваімі выпускнікамі. Акадэмікам стаў Віктар Буракоў, намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цяцоха. Мой аднакласнік Віктар Карачун скончыў Віцебскі медінстытут і слыў вядомым урачом на Віцебшчыне. Многія сталі кіраўнікамі гаспадарак, інжынерамі, педагогамі, спецыялістамі іншых галін народнай гаспадаркі. Памятаю, як мы ладзілі сустрэчы, дзяліліся ўражаннямі, расказвалі пра свае поспехі. 

— Традыцыя сустрэч вы­пускнікоў школ трымаецца. Зараз больш трывожыць усіх сітуацыя, што склалася ў свеце. Як вы ставіцеся да ўсяго, што адбываецца побач з нашай краінай?

— Хвалююся і падтрымліваю ідэю стварэння ў нашай краіне тэрытарыяльнай абароны. Гэта дапаможа выпрацаваць дадатковыя ўмовы для ўмацавання правапарадку. А таксама, калі ўзнікне крытычная сітуацыя, усё насельніцтва бу­дзе ўдзельнічаць у абароне краіны. Апошнім часам усё больш растуць амбіцыі амерыканскага кіраўніцтва. Як і раней, яно хоча над усім светам узвышацца. Калі якая краіна імкнецца самастойна развівацца, становіцца непажаданай. Вешаюць ярлык дыктатуры. Разважаю: калі правіў цар, то Расія першынствавала ў сусвеце па ўзроўні жыцця. Гэта сведчыць, што разумная дыктатура на карысць народа. Абураюся бесчалавечнасці нашых заходне-паўночных суседзяў, калі яны выкідваюць са сваёй тэрыторыі мігрантаў цераз загароду на нашу тэрыторыю. Нават расстрэльвалі іх. Цынізму такіх людзей няма меры. Міжволі ўзгадваецца перажытае за тую страшэнную вайну, якая забрала столькі жыццяў.

— Што найбольш захавалася ў памяці з тых далёкіх гадоў ваеннага дзяцінства?

— На пачатку вайны мне споўнілася восем гадоў. Памятаю, па дарозе, што вяла міма нашага хутара на чыгуначную станцыю Парфянава, часта крочылі ваенныя. Ад старэйшых ведаў, што ў Докшыцах размясціўся нямецкі гарнізон. Акупантам не давалі спакою партызаны. У нашу мясцовасць з суседніх Літвы і Латвіі прыходзілі гітлераўскія пасобнікі. Выследжвалі стаянкі народных мсціўцаў. Заходзілі гэтыя чужынцы і да нас. Так сталася, што, калі некалькі незнаёмых мужчын падышлі да нашага падворка, пачуў, што яны гаварылі пра каня. Здагадаўся, хочуць забраць яго ў нас. Бацькі ў гэты момант чымсьці займаліся па гаспадарцы. Пакуль незнаёмцы нешта абмяркоўвалі паміж сабой, напрасткі кінуўся да хлява, дзе стаяў запрэжаны наш конік. Хутка павёў яго ў лясны гушчар. Там прывязаў да дрэва і вярнуўся дамоў. Чужынцы сталі пытаць у мяне, дзе конь. Адзін з іх пачаў крычаць і наставіў аўтамат. Ад перапалоху я не мог і слова вымавіць. Маці ўсё гэта бачыла і кінулася ўгаворваць незнаёмцаў, каб адпусцілі мяне. З кладоўкі прынесла ім гарэлкі і ежы. Уратавала мяне. Па іх гаворцы бацькі даведаліся, што гэта ўкраінцы. Як яны ў наш край патрапілі, мы не ведалі. У гады акупацыі хадзілі па нашай мясцовасці розныя фашысцкія прыхвасні. І яшчэ адзін выпадак не магу забыць. Бацька пайшоў карміць карову, і я ўвязаўся за ім. Як толькі расчынілі дзверы пуні, каб узяць сена, на вараным кані прыскакаў раз'юшаны эсэсавец. У руках трымаў аўтамат. Ад нечаканасці мы змяклі. Фашыст позіркам агледзеў пуню, пэўна, шукаў партызан. Нікога, акрамя нас, не ўбачыў, развярнуўся і панёсся з падворка. 

— Партызан даводзілася бачыць на хутары?

— Зрэдку яны наведваліся, у асноўным ноччу. За агародам пачынаўся лес, і можна было незаўважна адтуль заходзіць. З імі бацькі дзяліліся соллю, запалкамі, хлебам, харчамі. Вайна на нашай докшыцкай зямлі пакінула крывавы след. За сувязь з партызанамі акупанты палілі хаты. Другой Хатынню стала вёска Шунёўка. Майскім днём 1943 года карнікі акружылі яе. Дзяцей патапілі ў калодзежы, а дарослых спалілі ў хляве. На месцы трагедыі ўзведзены мемарыял. Кожны раз, калі з Мінска еду на Радаўніцу памянуць родных, прыпыняюся там. 

Няма ўжо і нашага хутара. У хрушчоўскія часы нас прымусілі перасяліцца ў вёску. Балюча было расставацца з родным кутком. Мае бацькі былі малаграматнымі. У пасляваенны час, калі ў нас арганізаваўся калгас, маці працавала ў паляводчай брыгадзе, а бацька быў намеснікам старшыні. Даваў парады, дзе якую культуру сеяць. Быў вясковым актывістам. Ад яго гэта перадалося і мне. У школе ні адно мерапрыемства не праходзіла без мяне. Калі настаў час уступаць у камсамол, маці пратэставала. Яна лічыла, што камсамольцы бязбожнікі. Употайкі ад яе стаў камсамольцам. На Вялікдзень разам з вясковымі сябрамі спяваў валачобныя песні, біўся ў яйкі. Калі вянчаўся мой стрыечны брат, у царкве трымаў над яго галавой вянец. Атрымаў атэстат сталасці. 

— Сто дарог — адна твая. Якую выбралі?

— З-за вайны пераросткам скончыў школу. Атрымаў павестку з'явіцца ў ваенкамат. Мне прапанавалі паступаць у ваеннае вучылішча. Выбраў Ленінградскую бранятанкавую акадэмію. Але там набор быў ужо ўкамплектаваны. Выбар спыніўся на Кіеўскім вышэйшым ваенным вучылішчы. Перад тым як адправіцца ў Кіеў, сялянская кемлівасць падказала зрабіць копію атэстата. Паехаў у Мінск і арыгінал аддаў у прыёмную камісію лесатэхнічнага факультэта Беларускага тэхналагічнага інстытута імя Кірава, а з копіяй дакументаў адправіўся ў Кіеў. У ваенным вучылішчы нас пасялілі ў казарму. Раніцай лейтэнант загадаў мыць падлогу. Загад яго мяне збянтэжыў: як гэта мужчына будзе мыць падлогу?! У нашай вёсцы гэта рабілі толькі жанчыны. Уступныя экзамены наўмысна здаў дрэнна і вярнуўся ў Мінск. Паспеў на другі паток здачы ўступных экзаменаў у тэхналагічны інстытут. Паспяхова вытрымаў іх і стаў студэнтам лесатэхнічнага факультэта. 

— Адчулі, што зрабілі правільны выбар прафесіі?

— Пакуль пра гэта не думалася. Лекцыі па спецыяльных дысцыплінах слухаў з цікавасцю. Пачынаючы з другога курса экзамены здаваў толькі на выдатна. Атрымаў дыплом з адзнакай. Перад заканчэннем вучобы ажаніўся. Антаніна вучылася ў інстытуце народнай гаспадаркі. У Мінск прыехала з горада Котласа Архангельскай вобласці. Рамантычна ўяўлялі сваё будучае. Вырашылі пасля заканчэння вучобы адправіцца працаваць на Алтай. Спакавалі чамаданы ў дарогу. Перад ад'ездам сустрэўся з дырэктарам тагачаснага навукова-даследчага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Міхаілам Яўхімавічам Мацапурам. Паглядзеў ён мой дыплом з адзнакай і прапанаваў заняцца навуковымі распрацоўкамі.

— З чаго пачалі?

— З вучобы ў аспірантуры.
У лабараторыях інстытута кіпела праца па стварэнні сельгасмашын. І я далучыўся да гэтай дзейнасці. Адначасова займаўся і падрыхтоўкай кандыдацкай дысертацыі. Прысвяціў яе бестраншэйнай пракладцы водаправода на жывёлагадоўчай ферме. Навізна прапанаванай мною тэхналогіі заключалася ў тым, што вібратар з прыстасаваным да яго нажом узрыхліваў зямлю. Следам трактар без капання траншэі ў зямлі цягнуў поліэтыленавую трубу. Гэта скараціла затраты. Эксперыментаваў на жывёлагадоўчай ферме ў гаспадарцы «Любань» Вілейскага раёна. Пераймаць гэты вопыт прыязджалі спецыялісты з Ленінграда. Док­тарскую дысертацыю прысвяціў распрацоўцы тэхнічных сродкаў па прыгатаванні кормасумесей на жывёлагадоўчых фермах. Дыплом доктара тэхнічных навук атрымліваў у Маскве.
— Ведаю, што Фідэль Кастра выказваў асабіста вам падзяку за адно з вынаходніцтваў.

— Было такое пасля таго, як паставілі на Кубу агрэгат КОРК-15 для здрабнення зялёнай масы цукровага трыснягу. Машына замяніла цяжкую ручную працу. І зараз яна эфектыўна прымяняецца як на Кубе, так і ў Алжыры. Дзейнасць машыны заснавана на тэорыі рэзання валакністых матэрыялаў лязом у здрабняльніках вертыкальнага тыпу. Гэта тэорыя дазволіла практычна ствараць шэраг высокапрадукцыйных машын. Многія іншыя распрацоўкі таксама прызнаны ў замежжы. Здрабняльнік-змяшальнік кармоў ІСК-3 экспанаваўся на Міжнароднай выстаўцы ў чэшскім горадзе Брно. За яго на гэтым прэстыжным форуме мне ўручылі залаты медаль. Гэта адзіны момант, калі наша тэхніка за мяжой была ўдастоена такой высокай узнагароды. Апрабоўвалі агрэгат на жывёлагадоўчай ферме гаспадаркі «Прагрэс-Верцялішкі», што на Гро­дзеншчыне. Цяпер у многіх сельгаспрадпрыемствах дзейнічаюць такія кармацэхі. У мяне шэсць аўтарскіх пасведчанняў на гэту машыну. У горадзе Сасновы Бор Ленінградскай вобласці пабудаваны спецыяльны завод па іх вытворчасці. Сумесна з расійскімі калегамі распрацоўвалі абсталяванне для даення кароў «ёлачка», «паралель», «тандэм». 

— Уладзімір Іванавіч, ваш юбілейны год супаў з Года міра і стварэння. Творчую дзейнасць не спыняеце?

— Адзначыў 90-годдзе і далей настроены займацца навуковай дзейнасцю. Спраў у мяне заўжды безліч. Адна з самых галоўных — кіраванне расійска-беларускай доследнай праграмай. Расійскія калегі часта наведваюцца да нас, і мы да іх ездзім. Ушчыльную заняўся ўдасканаленнем даільнага абсталявання. Як вынаходнікі прыдумалі даільны камплект у мінулым стагоддзі, так мала што ў ім змянілася. Многія займаюцца ўдасканаленнем даільнага апарата, а ён ўсё роўна падае, што адмоўна ўплывае на працэс даення. Карпеў над разлікамі. Каб стакан даільнага апарата не спадаў, дзейнасць яго заснаваў пры дапамозе натуральнага атмасфернага ціску. Тэарэтычным абгрунтаваннем праекта займаецца Юлія Рагальская. Гэта складае аснову яе кандыдацкай дысертацыі, дзе мне даручана быць навуковым кіраўніком.

— Каб стварыць такі апарат для даення кароў, неабходны не толькі тэхнічныя веды?

— Канешне. Вывучаючы фізіялогію кароў, звярнуў увагу на асаблівасць працэсу эвакуацыі малака з вымя ў час машыннага даення. Так прыродай закладзена, што, калі цялятка прыпадае да вымя маці, каб падсілкавацца, сігнал імгненна перадаецца ў мозг каровы, і 2—3 хвіліны карова аддае малако. Да сямі элементаў уздзейнічае на працэс даення. Потым працэс аддачы малака аслабляецца. А на нашых фермах звычайна 2 хвіліны на­дзяваюць апарат для даення, і сам працэс спазняецца за фізіялогіяй жывёлы. Карову можна параўнаць з цырконавай ракетай, якая ўвесь час рухаецца і яе збіць немагчыма. Калі карову няправільна даіць, яна захворвае. 

Кароў на хутары мы трымалі і па дзесяць гадоў. А ў нашых гаспадарках праз тры гады іх выбракоўваюць. У еўрапейскіх фермераў каровы дояцца да дзесяці лактацый. За гэта выдаюцца датацыі. На маю думку, робаты на фермах павінны вызначаць якасць малака і дыктаваць час завяршэння дойкі. Дакрануцца да саска каровы, падключыць даільны апарат павінен чалавек. Звычайна ён на гэта траціць 15 секунд, а робату неабходна да 2 хвілін на гэту аперацыю. Губляецца той самы момант, калі карова інстыктыўна аддае малако. 

— Вы супраць робатаў на ферме?

— Ні ў якім разе. Пакуль не будзе распрацаваны робат з чалавечым інтэлектам, поўнасцю не рабатызаваны працэс даення кароў. Важна і тое, што праца жывёлаводаў звязана з занятасцю людзей на вёсцы. Трэба нешта і ім пакінуць у вытворчым працэсе. А калі яшчэ і заробак будзе высокім, то з горада пачнуць ездзіць у вёску на працу.

— Якой павінна быць матывацыя працы на вёсцы?

— Галоўны матыў — заробкі. У эканамічна моцных гаспадарках яны трымаюцца на ўзроўні. Зараз у многіх калектывах паўстае праблема кадраў на фермах. Каб вырашыць яе, трэба жывёлаводаў рыхтаваць у ліцэях. У гаспадарках, дзе высокія заробкі, аператарамі машыннага даення працуюць выпуснікі Белдзяржсельгасакадэміі. На падрыхтоўку іх патрачаны дзяржаўныя сродкі. Менш затратна рыхтаваць такіх жывёлаводаў у ліцэях.

— Уладзімір Іванавіч, вы сустрэлі дзевяностую вясну. Якая з іх больш запомнілася?

— Памятных шмат. А з самых яркіх — калі пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага інстытута імя Кірава атрымаў дыплом з адзнакаю. Радаснай была і вясна, калі мне ўручылі дыплом кандыдата тэхнічных навук. Гэта натхніла ўзяцца і за доктарскую дысертацыю. Кожная вясна нясе настрой, радасць. Усё навокал на вачах абуджаецца — жыццё няспыннае. Радуюся кожнай удачы ў навуковай дзейнасці. 

— Што вас больш за ўсё ў жыцці бянтэжыць?

— Не цярплю, калі мне хлусяць. Не пераношу несправядлівасць, нячэснасць. Такіх людзей не паважаю.

— А свой узрост адчуваеце?

— Пражыць такі доўгі век вялікае шчасце. За падараваныя мне 90 гадоў толькі аднойчы ляжаў у бальніцы. Прыхапіла сэрца. Звярнуўся ў паліклініку Акадэміі навук, а там нарабілі перапалоху, выклікалі хуткую дапамогу. Адвезлі мяне ў бальніцу, і там стала лепей. Урач паслухала і кажа, можа, дамоў лепш пайсці, у вас усё нармальна. З таго выпадку да дактароў і не звяртаўся.

— Што вы не паспелі яшчэ зрабіць?

— Многае. Таму ніяк не развітаюся з працай. Спадзяюся паспець распрацаваць інтэгральны рабатызаваны спосаб даення кароў. Аналага такому даільнага апарату пакуль няма ў свеце.

— Ці лічыце сябе шчаслівым?

— Шчасце з маладосці крочыць побач са мной. Паспяхова скончыў інстытут. Жаніўся ўдала — 68 гадоў сумеснага жыцця з жонкай Антані­най Аляксандраўнай. Выхавалі дачку Ірыну і сына Андрэя. Радуемся ўнукам і праўнукам. Жыву з Богам у сэрцы. Радуюся, што справу ў навуцы працягвае ўнучка Анастасія Андрэеўна Рамановіч. Пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным агратэхнічным універсітэце скончыла аспірантуру і абараніла кандыдацкую дысертацыю па сельгасмашынах. Зараз у дактарантуры рыхтуе аўтарэферат. Тэма яе даследаванняў звязана з распрацоўкай абсталявання для вырошчвання цялят. Практычныя доследы праводзіць на фермах гаспадарак Смалявіцкага раёна. Ра­зам рыхтуем навуковыя артыкулы. У адным з апошніх нумароў расійскага навуковага часопіса «Техника и технологии в животноводстве» на­друкаваны наш сумесны навуковы артыкул. Жыццё працягваецца. У дзевяносты раз чакаю надыходу вясны. 

— Шаноўны Уладзімір Іванавіч, з юбілеем вас! Здароўя, далейшага творчага натхнення і новых жыццёвых вяршынь!

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter