За выведение уникальных сортов картофеля доктор сельхознаук Георгий Пискун — лауреат премии НАН за 2022 год

Доктар сельскагаспадарчых навук селекцыянер Георгій Піскун: «З бульбай неразлучны амаль паўстагоддзя»

На вывядзенне аднаго сорту сельгаскультуры патрэбны гады. За паўвека навуковай дзейнасці доктар сельскагаспадарчых навук дацэнт Навукова-практычнага цэнтра па бульбаводстве і плодаагародніцтве Нацыянальнай акадэміі навук Георгій ПІСКУН вывеў больш за 20 сартоў бульбы, 18 з якіх уключана ў Дзяржаўны рэестр Беларусі і Расіі. Селекцыя прадугледжвае адбор палепшаных экзэмпляраў клубняў і назіранне за ўсходамі, бракоўку экзэмпляраў, якія не адпавядаюць параметрам, скрыжаванне суквеццяў і ўпартае чаканне выніку. На яго ўплываюць розныя непрадбачаныя моманты. Трэба мець мужнасць і сілу волі, каб пераадольваць перашкоды і не збочваць са шляху да пастаўленай мэты. Атрыманыя якасці новага сорту павінны абавязкова замацавацца ў расліне на генным узроўні. 

Як сведчыць статыстыка, толькі адзін з паўтара дзясятка селекцыянераў дабіваецца раянаваных сартоў. Георгій Іванавіч — адзін з такіх. Бульбаводства надало яму шырокую вядомасць. Узнагародай за шматгадовую карпатлівую працу стала ўдача. Выведзены сорт бульбы «здабытак» за высокую крухмалістасць унесены ў рэестр сельгаскультур Еўрасаюза, трывала прапісаўся ў нашых гаспадарках, а таксама за мяжой.

Навукова-практычная дзейнасць селекцыянера адзначана ганаровай граматай прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. Па выніках сёлетняга конкурсу НАН Беларусі сярод прызёраў і Георгій Іванавіч.


Праз усё жыццё селекцыянер-бульбавод Георгій Піскун нясе сялянскую звычку прасыпацца з першымі пеўнямі. У дзяцінстве бабуля Ганна рана будзіла яго, прыгаворваючы: «Хто рана ўстае, таму і Бог дае». З бацькам крочылі на росны луг, каб да ўсходу сонца пачаць касавіцу: лязо лягчэй ходзіць па вільготнай траве. Пакуль цёплыя промні асушаць расу, роўнымі радкамі выкладваліся пакосы. Да прыходу на сенажаць маці, бабулі, меншых брата і сястры трава пад парывам цёплага ветру хутка падсыхала. Граблямі варочалі густыя радкі, сушылі духмянае сена, зграбалі ў капы і стагавалі. Летам спраў і ў полі шмат: коньмі агортвалі бульбу, апрацоўвалі кукурузу, прарывалі і палолі цукровыя буракі, сціртавалі салому. Усе летнія канікулы падлеткі разам з дарослымі працавалі на зямлі. І ўвосень хапала спраў на полі.

Успамінаецца Георгію Іванавічу і тое, як пасля заканчэння дзявятага класа разам з хлопцамі ля камбайнаў ссыпалі збожжа ў мяхі. Рук не шкадавалі.

Бацька Іван Іванавіч выбіраўся дэпутатам мясцовага Савета, кіраваў калгаснай брыгадай, у якой працавалі маці Любоў Андрэеўна і бабуля Ганна. Дзядоў сваіх Георгію не давялося бачыць: у цяжкі ваенны час нядоўгім выдаўся іх век. Трагічна абарвалася жыццё бацькі. Паспеў толькі парадавацца паступленню старэйшага сына на аграфак Беларускай сельгасакадэміі. Жнівеньскім часам бацька на матацыкле спяшаўся з Баяраў на сесію сельвыканкама ў вёску Лукі і трапіў у аварыю. У той час малодшы брат Леанід паступаў у сталічны інстытут народнай гаспадаркі. Пасля пахавання таты здаў уступныя экзамены і быў залічаны ва ўстанову. Падтрымліваць дзяцей аўдавелай маці дапамагала бабуля Ганна. Студэнткай экфака ў Горках стала і малодшая сястра Ірына.

— Мае равеснікі з карэліцкай вёскі Баяры мелі схільнасць да матэматыкі, — ганарыцца доктар сельгаснавук Георгій Піскун. — У адной школе мы вучыліся з Уладзімірам Мірачыцкім. І жылі па суседстве. Яго бацька слыў у акрузе ўмелым кавалём, а маці — цудоўнаю швачкай. Падоўгу зімовымі вечарамі не згасала святло ў нашым доме і ў Мірачыцкіх. Дапазна сядзеў я за падручнікамі, займаўся матэматыкай. Памятаю, ніяк не мог рашыць складаную задачу, а было ўжо за поўнач. Бацька падняўся з ложка і падышоў да мяне, запісаў умовы задачы — і да Мірачыцкіх. Хутка вярнуўся з рашэннем ад суседскага сына. Праз гады Уладзімір Мірачыцкі стаў міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання, але не забываў шлях да родных мясцін: наведваўся ў вёску, гутарыў на прызбе з землякамі. Да яго звярталіся за дапамогай, і ён не адмаўляў. Адгукнуўся і на маю просьбу, калі летнім часам у Інстытуце бульбаводства сапсаваўся рухавік палівальнай машыны. Стаяла спякота, і трэба было ратаваць культуры на доследных дзялянках. Акадэмік Пётр Іванавіч Альсмік, з якім доўгія гады працавалі ў адным кабінеце, параіў звярнуцца да Мірачыцкага. Пытанне аператыўна было вырашана: пасевы ўратавалі.

— Даводзіцца бываць у родных Баярах?

— Часцей у сне бачу хату, вялікі сад. У пасляваенныя гады бацька пілаваў лес, коньмі вывозіў. Сваімі рукамі пабудаваў прасторны дом. У нас з'явіўся першы ў вёсцы тэлевізар «Рэкорд». Зімовымі вечарамі пагля­дзець кіно ці іншыя перадачы збіралася ў нас уся вёска. Раніцай бабуля Ганна прыбірала затаптаную падлогу, а ўвечары зноў усё паўтаралася. Бацька спецыяльна збіў з дошак лаўкі, каб людзям было на чым сядзець. 

Помніцца з тых далёкіх часоў і пара статных вараных коней, якіх бацька запрагаў у брычку. Наша вёска невялікая: налічвалася 34 сядзібы. Зараз толькі адна пенсіянерка засталася. Пустуе і наш падворак. Аформіў спадчыну і настройваўся прадаць сядзібу, але па радыё пачуў песню пра бацькоўскі дом, які не прадаецца. Так мяне за душу ўзяло, што адпаў гэты намер. Сам не маю магчымасці там часта бываць. Хачу аддаць жадаючым, каб карысталіся зямлёю. Застаўся сад, у якім шэсць відаў антонаўкі, штрыфель, іншыя сарты яблыкаў, груш. 

З гэтага дарагога сэрцу куточка пачаўся мой шлях да аграрнай навукі. Ад бацькоў і бабуль пераняў любоў да працы на зямлі, у школьныя гады цвёрда вырашыў стаць аграномам. З першага курса ў сельгасакадэміі захапіўся эксперыментамі на доследным участку. Да тэхнікі мяне ніколі не цягнула, а раслінны свет заўжды вабіў. Сэрца кранала, калі вясною ў нашай вёсцы зацвіталі сады. А якія вакол прыгожыя краявіды! У сямнаццаці кіламетрах ад Баяраў узвышаецца Мірскі замак. Продкі былі сведкамі важных гістарычных падзей, што адбываліся там. 

У Год гістарычнай памяці, які завяршаецца, як не прыгадаць пра ўсё гэта. Дочкам і іх дзецям расказваю, як пасляваеннае жыццё гартавала, давала настрой на працу. Дома і ў школе нас выхоўвалі патрыётамі.

— Георгій Іванавіч, кажуць, што кахаем жанчын толькі раз, а потым шукаем на іх падобных. А ваш лёс як склаўся?

— З будучай жонкай вучыліся ў адной групе, на чацвёртым курсе пажаніліся. Больш сарака гадоў пражылі разам з Тамарай Пракопаўнай, выхавалі дочак Святлану і Наталлю. Яны скончылі біяфак БДУ, маюць свае сем'і, старэйшая Святлана абараніла кандыдацкую дысертацыю. Растуць трое ўнукаў. Восьмы год як жонкі не стала. Страта цяжкая, але падтрымліваюць дзеці, унукі... Прыемна было прымаць віншаванні з перамогай у акадэмічным конкурсе. У галіне аграрных навук за стварэнне новых сартоў бульбы адзначаны генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па бульбаводстве і плодаагародніцтве кандыдат сельгаснавук Вадзім Маханько, загадчыца аддзела Юлія Гунько і я. 

Бульбаводствам займаюся амаль паўстагоддзя, павышэнню ўрадлівасці бульбы прысвечана мая кандыдацкая дысертацыя. Ганаруся, што стварыў сарты розных напрамкаў выкарыстання. У першым выведзеным сорце «выток» клубні ўтрымліваюць крухмалу да 24 працэнтаў. Патэнцыяльная ўраджайнасць на доследных дзялянках дасягала 600 цэнтнераў з гектара. У «здабытка» большая ўраджайнасць і лепшая крухмальнасць. Па гэтых якасцях яму няма роўных у свеце. Гэта адзіны беларускі сорт бульбы, які ўнесены ў рэестр Еўрасаюза. 

— Бульбаводству прысвяцілі док­тарскую дысертацыю. Як доўга працавалі над ёю?

— Амаль тры дзесяцігоддзі. Абара­ніў яе ў 2007 годзе. Даследаваў навуковыя асновы стварэння сартоў, прыгодных для прамысловай перапрацоўкі. Патрабаванні да іх пастаянна мяняюцца. У пасляваенны час важна было забяспечыць устойлівасць насення да ракавых захворванняў. Вучоныя справіліся з гэтым і ўзяліся за нематодаўстойлівасць. Вывелі нематодаўстойлівыя сарты «беларускі-3», «нарач», «сож». Гэты напрамак селекцыі актуальны і зараз. Трэці этап прадугледжваў вывя­дзенне высокакрухмалістых сартоў. У рэспубліцы ставілася задача штогадова вырабляць 50 000 тон крухмалу. Для прамысловай вытворчасці бульба павінна мець не менш 18 працэнтаў крухмалу. Герой Сацыялістычнай Працы акадэмік Пётр Іванавіч Альсмік вывеў высокакрухмалістую бульбу «вярба», але яна недастаткова ўраджайная. У той час я пачаў займацца селекцыяй. У маіх сартах «выток» і «гарант» крухмалістасць клубняў перавысіла 20 працэнтаў, а «здабытак» стаў рэкардсменам па гэтым паказчыку і па ўраджайнасці. Крухмалістасць клубняў дасягнула 26 працэнтаў пры ўраджайнасці да 600 цэнтнераў з гектара. 

— Якая асноўная задача селекцыянераў-бульбаводаў зараз?

— Вывесці найбольш эфектыўныя сарты для вытворчасці прадуктаў харчавання. У ЗША 60 працэнтаў бульбы перапрацоўваецца на розныя віды прадуктаў: чыпсы, фры, сухое пюрэ. У еўрапейскіх краінах выкарыстоўваецца на гэтыя мэты у тры разы менш, а ў нас толькі 2 працэнты ўраджаю. Пачаў дзейнічаць цэх па вытворчасці фры на Талочынскім кансервавым заводзе. Пры кругласутачнай рабоце там можна вырабіць у год да 10 000 тон прадукту. Амаль 90 працэнтаў яго экспартуецца. Наладжана вытворчасць чыпсаў і на некаторых дробных перапрацоўчых прадпрыемствах. Для кожнага віду такога прадукту падыходзіць адпаведны сорт бульбы. А таму спраў у нас на будучае шмат.

— У вашым кабінеце на стале кошык з фіялетавай бульбай. Гэта новы сорт? 

— Завяршыў працу над вывядзеннем яго і падрыхтаваўся да пасяджэння вучонага савета, дзе трэба будзе зацвердзіць сорт, даць яму назву. Бульба такога незвычайнага колеру даўно вырошчваецца ў іншых краінах, карысная фарбавальным рэчывам мякаці. Як і любая гародніна ці чарніцы, утрымлівае шмат аксідантаў, якія не дазваляюць развівацца акісляльным працэсам у арганізме. Клубні асабліва карысна ўжываць тым, у каго павышаная кіслотнасць страўніка, рызыка развіцця сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў, катаракты. У рэстаранах такую бульбу выкарыстоўваюць для салатаў, упрыгожвання сталоў. У заходніх краінах за гэтымі сартамі вялікі попыт. Радзіма каляровай бульбы — Паўднёвая Амерыка. 

— Даўно займаецеся вывядзеннем сартоў каляровай бульбы?

— Гэтай справе прысвяціў апошнія 14  гадоў. Спецыялісты нашага Інстытута бульбаводства цесна супрацоўнічаюць з расійскімі калегамі, абменьваюцца ўзорамі новых сартоў. Кожны характарызуецца па 58 прыкметах і потым уносіцца ў рэестр, пасля мае права на масавае вырошчванне. Каляровыя сарты ў асноўным прызначаны для культывацыі на прысядзібных участках і ў фермерскіх гаспадарках. Ураджайнасць клубняў дасягае 650 цэнтнераў з гектара. У залежнасці ад скрыжавання з іншымі сартамі атрымліваюцца таксама клубні з чырвонай лупінай і такой жа мякаццю. Такі сорт плануецца перадаць на дзяржаўнае выпрабаванне.

— У дзейнасці вучонага-селекцыянера ёсць забароненыя зоны, каб не нашкодзіць?

— Генетыка мае сваю мяжу. Важна адчуваць яе і не пераходзіць. У апошнія гады атрымала шырокае развіццё арганічнае земляробства. Пры апрацоўцы пасеваў прэпаратамі ад шкоднікаў і пустазелля частка хімічных рэчываў можа асесці ў клубнях. Папулярныя сідэраты — пасевы рэдзькі алейнай, лубіну, гарчыцы, рапсу, азімага жыта. Гэта дае магчымасць замяніць да 40 тон арганікі на гектар. Заворваюць сідэраты звычайна ў час цвіцення, а лепш — калі з'яўляецца насенне. Яно асыпаецца і да восені прарастае. Удвая павышаецца ўрадлівасць глебы. Выкарыстанне сідэратаў да­зваляе атрымліваць экалагічна чыстую прадукцыю. 

— Што зараз у бульбаводстве на першым плане?

— Наладжванне насенняводства і павелічэнне перапрацоўкі клубняў. Гэта прамысловая галіна ў нас развіта слаба. Паўстала пытанне рэалізацыі бульбы за мяжу: экспарт яе скараціўся да 300 тысяч тон. Але для бульбяной прадукцыі рынак збыту неабмежаваны. Перспектыва развіцця галіны — у перапрацоўцы сыравіны і вытворчасці насення бульбы для пастаўкі ў Расію. У рэестр унесена каля 150 сартоў, трэцяя частка з іх — айчынныя. Папулярныя некалі «тэмп», «лошніцкі», «аганёк», «беларускі ранні» замянілі «журавінкай», «брызам», «скарбам», «вектарам», «першацветам», «маніфестам», «рубінам», «гарантыяй» і іншымі. На кармавыя мэты для жывёлы клубні амаль не ўжываюцца. 

— У свеце вытворчасць бульбы павялічваецца дзякуючы павышэнню ўраджайнасці, а не пашырэнню плошчаў. А ў нас як?

— Так і ў нашых гаспадарках. Некалькі гадоў таму сярэдняя ўраджайнасць па рэспубліцы перавышала 230 цэнтнераў клубняў з гектара, потым паднялася да 270, а сёлета ўжо больш за 300. 

— Вы доктар сельгаснавук. Здаецца, куды яшчэ вышэй развівацца. Як ставіцеся да выказвання: век жыві — век вучыся?

— Без далейшага ўдасканальвання ведаў не ўяўляю жыцця. Назаўсёды павянчаны з навукай, грошы для мяне ніколі не стаялі на першым месцы. Супрацоўнічаю з замежнымі калегамі, асабліва з расійскімі, удзельнічаю ў розных навуковых канферэнцыях, семінарах, з дапамогай інтэрнэту зай­маюся самаадукацыяй, цікаўлюся сусветнымі навінкамі ў галіне бульбаводства. Чакаю кожны нумар «Сельской газеты», ужо паўвека яе пастаянны чытач. Вельмі люблю суботнія выпускі.

— Чым займаецеся ў вольны ад навуковых спраў час?

— Уласны невялікі птушнік, у якім два дзясяткі курачак, — аддушына для мяне. А яшчэ дзесяць сотак агарода, сад. Летам прыязджаюць са сталіцы і дапамагаюць упраўляцца дочкі, зяці і ўнукі. У нядзелю і святочныя дні не цураюся зайсці ў храм памаліцца, паставіць свечку.

— Як пазбавіцца ад парасткаў грахоў?

— Не даваць прычын для іх узнікнення. Нікому не зайздрошчу, жыву так, каб не было сорамна за мяне дзецям і ўнукам. Герой Сацыялістычнай Працы акадэмік Пётр Іванавіч Альсмік наказваў: калі хочаш дасягнуць вяршынь у навуцы, займайся ўпоўніцу справай і не разменьвайся на дробязі. Гэтыя словы — мой дэвіз. 

— Можна быць здольным, працалюбівым, але ў тое, чым зай­маешся, неабходна абавязкова ўкласці душу.

— Сапраўды, каб дабіцца добрых вынікаў, аднаго таленту мала. Поспех — узнагарода працавітым. З самага пачатку навуковай дзейнасці загарэўся даручанай справай і не магу спыніцца. Душа прагне працы. 

— Ваш момант ісціны?

— Не сядзець склаўшы рукі, працаваць, пакуль запатрабаваны як вучоны. 

— Шаноўны Георгій Іванавіч, да­звольце павіншаваць вас з перамогай у акадэмічным конкурсе і пажадаць здароўя, новых навуковых поспехаў!

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter