Витебская областная больница возобновила прием плановых пациентов

Добрыя навіны з прыёмнага пакоя

Жыццё ўстаноў аховы здароўя Вiцебшчыны, перапрафiляваных для барацьбы з каронавiрусам, паступова ўваходзiць у звыклае рэчышча. Першым пасля заключнай дэзынфекцыi свае дзверы для звычайных пацыентаў адчынiў Вiцебскi абласны клiнiчны анкалагiчны дыспансер. У канцы мая ў строй вярнулася i восем аддзяленняў Вiцебскай абласной клiнiчнай бальнiцы.


Фото  БЕЛТА

Дзелiм на дзесяць

Галоўны ўрач бальнiцы Андрэй Андрушкiн
прыводзiць лiчбы:

— На сёння каля 30 працэнтаў нашага ложкавага фонду, 340 ложкаў, зноў уведзена для аказання планавай дапамогi. Гаворка пра пяць тэрапеўтычных i тры хiрургiчныя аддзяленнi. Наступныя падраздзяленнi, якiя спадзяёмся вярнуць з адмысловага рэжыму, таксама хiрургiчнага профiлю. Калi эпiдабстаноўка ў горадзе i вобласцi дазволiць, гэта здарыцца ўжо дзён праз дзесяць. Але, лiчу, нават калi статыстыка абнадзейлiвая, расслабляцца недазваляльна. Галоўнае — не дапусцiць далейшага распаўсюджвання iнфекцыi.

Бальнiца пачала прымаць хворых з COVID-19 з 7 красавiка. У самы пiк колькасць ложкаў, занятых пад пацыентаў з каронавiрусам, падбiралася да адзнакi ў 700 i вышэй. Для параўнання, сённяшняя лiчба ў дзесяць разоў меншая. Пэўна добрая навiна!

Паднялi на ногi ўсiх

Увесь медыцынскi персанал Вiцебскай абласной прайшоў дыстанцыйную стажыроўку ў БелМАПА i добра ведае, як дзейнiчаць пры каронавiруснай iнфекцыi. Два месяцы пад яе «каўпаком» адпрацавала i ўнiкальнае для краiны аддзяленне — хiрургiчнага лячэння складаных парушэнняў рытму сэрца, электракардыястымуляцыi, рэнтгенэндаваскулярнай хiрургii, адкрытае восенню 2018 года. Тутэйшыя лекары не проста аперыруюць сардэчнiкаў, але i працягваюць «весцi» iх, адсочваючы самаадчуванне пацыентаў. У нас 25 ложкаў, з iх пяць — у iнтэнсiўнай тэрапii, дзелiцца загадчык аддзялення Андрэй Куцько:

— На час COVID-19 аддзяленне было пашырана да 40 ложкаў. Пры гэтым колькасць палат iнтэнсiўнай тэрапii, па сутнасцi рэанiмацыйных, вырасла ўдвая.У апошнiх ляжалi тыя, каму тэрмiнова патрабавалася кiслародатэрапiя. Усе нашы дактары без выключэння — хiрургi, кардыёлагi, неўролагi, — а таксама медсёстры, санiтаркi займалiся лячэннем хворых з пнеўманiямi, у тым лiку вiруснымi. Смяротных зыходаў у нас, на шчасце, няма. Нават самых узроставых пацыентаў выхадзiлi, паднялi на ногi. Большасць ужо дома.

Загадчык аддзялення Андрэй КУЦЬКО заўсёды трымае руку на пульсе стану сваіх пацыентаў.

— Былi выпадкi, якiя здзiвiлi нават дасведчаных медыкаў? — цiкаўлюся.

Андрэй Пятровiч цярплiва даводзiць, што агульная карцiна падобная, але кожны эпiзод па-свойму ўнiкальны. Да прыкладу, хворыя, якiя адзiн аднаму родныя. Так, у аддзяленне адначасова паступiла сямейная пара з пацверджаным COVID-19. Абодвум за 60, здароўе, як i шмат у каго ў такiм узросце, не iдэальнае. Каб мужу i жонцы было маральна лягчэй, iх паклалi ў асобную двухмесную палату.

Анестэзiёлаг-рэанiматолаг Iгар АЎЛАСЁНАК — з дынастыi медыкаў.
У iнтэнсiўнай тэрапii людзi атрымлiвалi галоўнае, у чым мелi патрэбу, — дадатковы ўвiльготнены кiсларод. Уявiце, што вы рыба, выкiнутая на бераг... Прыкладна так адчуваецца падзенне кiслароду ў крывi. Пры сярэдняй норме 95 у аддзяленнi былi пацыенты з небяспечнымi 80—82 працэнтамi. Памежны стан, яшчэ крыху — i без ШВЛ, штучнай вентыляцыi лёгкiх, не абысцiся. Кiслародная тэрапiя дапамагла 82-гадоваму жыхару Вiцебскага раёна, якi ўжо на рэабiлiтацыi. Клiнiчную карцiну ў дадзеным выпадку ўскладнялi iшэмiчная хвароба сэрца, нырачная недастатковасць, уключаецца ў размову 28-гадовы анестэзiёлаг-рэанiматолаг Iгар Аўласёнак:


 — Але разам мы справiлiся. Псiхалагiчны фактар таксама важны. Мяне ўразiлi гэты i яшчэ адзiн пацыент 92 гадоў, якiя пры ўсiх спадарожных балячках i лiчбе ў пашпарце не падалi духам. Колькi аптымiзму, мужнасцi ў такiх людзях! Яны шчыра вераць, што ўсё будзе добра. Так i атрымалася. Выходзiць, станоўчы прыклад таксама заразлiвы.

Малады доктар i сам пацвярджэнне таго, што крок за крокам мы адыдзем ад каронавiруснай пагрозы. Як i некалькi яго калег, ён перахварэў на COVID-19, праўда, у лёгкай форме. Для яго блiзкiх навiна не стала сюрпрызам або падставай для панiкi. Аб тым, як паводзiць сябе ў падобных выпадках, сям’я Аўласёнка ведае не па чутках, бо ўсе ў ёй — медыкi. Мацi хлопца працуе доктарам у кардыялагiчным дыспансеры, бацька — у Вiцебскiм абласным клiнiчным цэнтры.

У палаце інтэнсіўнай тэрапіі пацыенты ўсведамляюць, што фраза «патрэбны як паветра» можа гучаць літаральна.

Лячы, студэнт!

Па словах галоўнага ўрача Андрэя Андрушкiна, з красавiка да дасведчаных медыкаў бальнiцы далучылiся iх будучыя калегi — старшакурснiкi Вiцебскага медыцынскага ўнiверсiтэта, якiя часова сталi медсёстрамi. Гэта каля 50 студэнтаў, 11 з якiх выбралi самы напружаны ўчастак працы — аддзяленне рэанiмацыi. Сярод тых, хто ахвотна вызваўся дапамагчы менавiта там, — 22-гадовая Ксенiя Куноўская. Пяцiкурснiца ВДМУ з лёгкiм характарам i мiлымi ямачкамi на шчоках выклiкае да сябе прыхiльнасць з першага погляду. Пацыентам усмiхаецца ад душы i сама шмат для каго з iх стала сапраўднай аддушынай. Адзiн з яркiх момантаў дзяўчына дагэтуль успамiнае з хваляваннем:

Студэнтка Віцебскага медуніверсітэта Ксенія КУНОЎСКАЯ пачала працаваць медсястрой у абласной бальніцы, як толькі даведалася, што кожныя рукі медыка пры сённяшняй эпідабстаноўцы на вагу золата.
— Гэта было 9 мая. У палаце, за якую я адказная, ляжаў 97-гадовы ветэран з цяжкай пнеўманiяй i станоўчым тэстам на COVID-19. Ён сумаваў, казаў, што вельмi стамiўся ад уколаў. Вырашыла, пабуду каля яго даўжэй, каб выслухаць, падтрымаць. Раптам дзядуля цяжка ўздыхнуў: «Зараз Дзень Перамогi, але я не стаю на парадзе — валяюся на бальнiчным ложку. Смерцi не баюся, а гэтага баюся...» Ён так гэта вымавiў, ведаеце, што я не змагла стрымаць слёз.

Ксенiя кажа, што сённяшнi досвед медыцынскай сястры ў рэанiмацыi стаў не проста важнай практыкай, але i школай жыцця. Змена, якая доўжыцца па дванаццаць гадзiн, сутачныя дзяжурствы, адзяванне ў поўнае «абмундзiраванне», якое абараняе медыкаў ад каронавiруса, — усё гэта ўжо стала звыклым. У рэанiмацыi студэнтка працуе дзесьцi з сярэдзiны красавiка. Удзячная дактарам, медсёстрам за добразычлiвае стаўленне, прафесiйную дапамогу i парады. Яна ўжо падала дакументы для праходжання субардынатуры ў хiрургii, прызнаецца суразмоўца:

— Спадзяюся, прайду. Яшчэ 7-гадовай малышкай загадала: буду хiрургам. Дактароў, як некаторыя малыя, нiколi не баялася. Калi было трэба, то хадзiла да iх з задавальненнем. А замест дзiцячых казак прасiла купiць мне часопiс «Тело человека». Атрымлiваецца, паступiўшы ў ВДМУ, даказала сабе: мары спраўджваюцца.

Нягледзячы на далiкатную знешнасць, характар у Ксенii валявы. Уся ў мацi — бiзнес-лэдзi, гаспадыню будаўнiчай фiрмы ў Барысаве. Даведаўшыся, што дачка ў гэты не самы просты для медыкаў час не збiраецца адседжвацца ўбаку, мама Ксенii зразумела: гэта той выпадак, калi лягчэй дапамагчы, чым спынiць. I... часова ўручыла дачцэ ключы ад сваёй машыны. Так што да працы дзяўчына дабiраецца максiмальна хутка i без лiшнiх кантактаў.

Сэрцу хочацца спакою

У абласной бальнiцы давялося пабываць у палаце пацыентаў, якiя толькi што перанеслi аперацыю на сэрцы. Планавую. Доўгачаканую. Напрыклад, 73-гадовы Iван Талапiла з Наваполацка больш за два месяцы лiчыў днi да стэнцiравання, аператыўнага ўмяшання з пашырэннем стэназаваных або закупораных участкаў артэрый стэнтам:

— Аперацыю прызначылi яшчэ на 16 сакавiка, але з-за абстаноўкi з гэтым «кавiдам» перанеслi. А я не мог нават хадзiць — так цiснула ў грудзях. Цяпер нiбы нанова нарадзiўся.

Колькi дзён да выпiскi засталося i яго суседу па палаце з Вiцебскага раёна Мiкалаю Шатарэнку. Вяскоўца прааперыравалi 1 чэрвеня, але дзядуля ўжо рвецца дадому:

— Адчуваю сябе выдатна. Дзякуй дактарам!

Ганна НАВУМАВА

naumova@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter