Добрых навін хапае на тры вёскі

МАРЫЯ Мацвееўна Цітовіч з вёскі Якшты Браслаўскага раёна даўно размяняла дзясяты дзясятак, аднак чытае без акуляраў. І таму нядзіўна, што з асаблівым нецярпеннем заўсёды чакае паштальёна Валянціну ТРАБШУ (на здымку). І не толькі каб даведацца пра свежыя навіны ў краіне і свеце, але і пра мясцовыя падзеі. За дзевяноста ўжо і ветэрану вайны Фёдару Аляксандравічу Кукштэлю, Уладзіславе Канстанцінаўне Станкевіч, але і яны таксама не адразу адпускаюць работніка пошты.


— Я іх добра разумею. Людзі адзінокія, — ніколькі не крыўдуе на сялян, а, наадварот, імкнецца падтрымаць іх, узняць настрой Валянціна.

Сама яна па адукацыі педагог. Працавала настаўніцай пачатковых класаў у латвійскім Даўгаўпілсе. Але ў так званыя гады перабудовы вярнуліся з мужам на яго малую радзіму. Школы паблізу не было, і Валянціна падалася на пошту. Спачатку ўзначальвала аддзяленне сувязі, а калі яго зачынілі, перавялася ў паштальёны.

Карэспандэнцыю ёй прывозіць машына раённага вузла паштовай сувязі. Валянціна сартуе яе і разносіць па трох вёсках — Дубраўцы, Плетарова і Якшты. Акрамя перыядычнага друку, дастаўляе пенсіі, пасылкі, неабходныя тавары, афармляе грашовыя пераводы, бярэ плату за мабільныя тэлефоны.

За плённую працу паштальён узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства сувязі, ёй прысвоена ганаровае званне “Ветэран працы”.

saulich@bk.ru

Фота Казіміра ПЯТУШКІ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter