Добры вечар, шчодры вечар!

Віцебская епархія Рымска-каталіцкай царквы на Беларусі на чале з епіскапам Уладзіславам Блінам пры падтрымцы Віцебскага аблвыканкама і Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.Машэрава шосты раз ладзіць дні хрысціянскай культуры, прымеркаваныя менавіта да калядных свят. Музыка, жывапіс, тэатр напаўняюць святочныя дні асаблівым філасофскім зместам. Сэнс мастацтва — дапамагчы чалавеку ўбачыць яго жыццё з іншага боку, зазірнуць у глыбіню свайго “я”, зразумець самога сябе.Колькі маленькіх адкрыццяў робяць удзельнікі і наведвальнікі выстаў жывапісу мастакоў і студэнтаў на мастацка-графічным факультэце ВДУ, дзіцячай творчасці “Скарбніца Ражства”, што праходзіць у гэтыя дні ў віцебскім літаратурным музеі, у старажытнай ратушы, дзе разгарнулася сапраўдная “Казка Ражства”!

У канферэнц-зале універсітэта на першай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Ражство ў кантэксце беларускай культуры” словы пісьменніцы Ірыны Жарнасек гучаць трапна, яна расказвае пра тое, як адзначалі светлае свята надзеі святары і вернікі, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій.
Вігілійную вячэру спраўлялі ў лагеры пад Варкутой. З нараў зрабілі стол, на ім — дзённая порцыя хлеба... Трымаючы ў руках аплатак, святар звярнуўся да прысутных. Раптам расчыніліся дзверы і ўвайшоў начальнік рэжыму з пісталетам у руцэ, а за ім салдат з карабінам. Яны глядзелі адзін на аднаго: чалавек з пісталетам і святар з аплаткам. Пасля начальнік схаваў зброю і выйшаў... Святар той, Казімір Свёнтак, на наступны дзень быў адпраўлены ў глухую тундру, праз пэўны час рэабілітаваны, а яшчэ праз дзесяцігоддзі стаў кардыналам на Беларусі.
Так было. Мінулае застаецца ў памяці, каб сёння мы адчувалі сябе пераможцамі ў гэтай імклівай плыні часу.
Батлейка
Слухала я цікавы аповед ксяндза пробашча касцёла Святога Духа Сяргея Сурыновіча пра народны тэатр “жывога акцёра” — беларускую батлейку. Ва Украіне такі тэатр называюць вертэпам, у Польшчы — шопкай. Сапраўды, без чаго Каляды не адбудуцца, дык гэта без дзіўнага відовішча з лялькамі і пераапрананнямі народных акцёраў.
Айцец Сяргей правёў комплекснае даследаванне і сабраў багаты матэрыял пра тое, якая яна, батлейка, і чаму яе так любілі і зараз шануюць людзі.
Традыцыя выстаўлення ў касцёле падчас Божага Нараджэння невялікіх фігурак Хрыста, Марыі, Язэпа, пастухоў, авечак, быкоў прыйшла да нас з сярэднявечнай Італіі ад манахаў-францысканцаў. І зараз у любы час, калі вы, падарожнічаючы па Беларусі, завітаеце ў вёску Удзела на Глыбоччыне, вас запросяць паглядзець батлейку, якую аднавілі колькі год таму мясцовыя францысканцы.
Наогул мастацтвазнаўцы налічваюць некалькі відаў батлеечнага тэатра: і панарамныя, і двухпавярховыя з вежай, і па прынцыпе ценявога тэатра (была ў Суражы Віцебскай губерні ў 1889 годзе). Паўсюдная любоў да такога роду самадзейнасці прывяла да таго, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі батлейка выйшла з-пад уплыву царквы і стала самастойным народным тэатрам. Спектаклі батлейкі ставілі цэлымі сем’ямі, з музычнымі інструментамі — цымбаламі, скрыпкай, дудкай, гармонікам. Імправізавалі батлеечнікі заўсёды на злобу дня, нястомныя жартаўнікі падкуплялі ўсіх жыхароў наваколля.
Зараз лялечная батлейка ўпрыгожвае памяшканне Віцебскай каталіцкай епархіі. І ксёндз-біскуп Уладзіслаў Блін з задавальненнем падкрэслівае, што стараннямі моладзі старая традыцыя пашыраецца.
Зямля і неба
Так называецца вясёлы гімн, які людзі спяваюць на заканчэнне начной пастэркі, калі радасная навіна пра Божае Нараджэнне ляціць з храма ў храм, бы калядная зорка на небасхіле. У той час спяваюць не толькі вернікі, але і зямля, і неба. На карціне мастака эпохі Адраджэння сэнс гэтай тэмы раскрыты дакладна: анёлы спускаюцца з неба да людзей, каб атуліць іх сваёй духоўнай свабодай, згодай і ласкай.
У царкве ў гэты час спяваюць як літургічныя песні, якія сталі класікай, так і простыя народныя калядкі, накшталт “Шчодры вечар, добры вечар” ці “Ой, радуйся, зямля!”
Рэгент хору Таццяна Дарафеева гаворыць, што ў апошні час вярнуліся з даўніх часоў да нас многія аўтэнтычныя беларускія спевы. Музыканты і святары адапціруюць іх да сучаснай музычнай мовы. Дарэчы, згаданая “Зямля і неба” існуе і ў рускага і ўкраінскага народаў. Для беларусаў адапціраваў гэты гімн галоўны арганіст Мінскай катэдры Найсвяцейшай Панны Марыі Уладзімір Неўдах.
Па сутнасці, спадчына хрысціянскіх спеваў пачала адраджацца толькі 15 год таму. Для многіх музыкантаў гэты культурны пласт заставаўся недакранальным, і зараз яны спяшаюцца сабраць у адзіную скарбонку ўсе цудоўныя прыклады музычнага ўвасаблення Боскай Любові. 5 студзеня прыхільнікі хрысціянскіх спеваў з усёй Віцебшчыны збіраюцца ў Міёрах на музычны фестываль “Зорка Бэтлеему”. Малітвамі святароў Францішка Кісяля з Полацка і Кшыштафа Міякіна з Міёр спевы загучаць яшчэ з большай моцай і хараством.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter