Добры дзень, Славакія!

Другі тыдзень у нашай рэспубліцы праходзіць надзвычай цікавая акцыя – прэзентацыя Славацкай Рэспублікі. Назва яе вобразная і красамоўная: «Белае прывітанне для Беларусі».

 

Другі тыдзень у нашай рэспубліцы праходзіць надзвычай цікавая акцыя – прэзентацыя Славацкай Рэспублікі. Назва яе вобразная і красамоўная: «Белае прывітанне для Беларусі».

“Р” у нумары за 18 кастрычніка расказвала пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Сёння — пра культурныя мерапрыемствы, якія праходзяць у рамках названай прэзентацыі. Што паказваюць у Беларусі славакі?

Адбыўся вялікі канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску. Праграма яго складзена з гістарычных і сучасных славацкіх музычных твораў. Яны прагучалі ў выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам славацкага дырыжора Антона Паповіча і салістаў Юрыя Барташа і Юрыя Чыжмаровіча.

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прайшлі цікавая лекцыя “Славацкая музыка з пункту гледжання гісторыі” і сустрэча студэнтаў гэтай навучальнай установы з дырыжорам Антонам Паповічам.

Выстаўка славацкіх майстроў, якія ўжываюць адмысловую мастацкую тэхніку, выкарыстоўваючы выключна папяровы матэрыял, адкрыта ў Палацы мастацтваў у Мінску.

У музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск) да 12 лістапада працуе выстаўка славацкай графічнай творчасці. Гэтае мастацтва мае выключныя традыцыі і прызнанне ва ўсім свеце. Да 30 лістапада працягнецца выстава “Сучасны славацкі жывапіс і скульптура” ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Славацкія госці паказваюць у Беларусі свае цікавыя набыткі ў музыцы, выяўленчым і графічным мастацтве, жывапісе і скульптуры. Як ацэньвае акцыю наш бок? Расказвае намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Гедройц:

— Безумоўна, такія мерапрыемствы ў нашых агульных інтарэсах, бо яны духоўна збліжаюць беларусаў і славакаў. На самым пачатку прэзентацыі падпісана пагадненне паміж міністэрствамі культуры дзвюх краін аб супрацоўніцтве ў галіне культуры і мастацтва. Такім чынам, створаны юрыдычныя перадумовы для развіцця супрацоўніцтва ў важных сферах духоўнай дзейнасці, умацавання двухбаковых кантактаў паміж нацыянальнымі бібліятэкамі, тэатрамі, музеямі, мастацкімі творчымі калектывамі. Ёсць ужо прапановы аб супрацоўніцтве ў кінематаграфіі – магчыма сумесная вытворчасць кінафільмаў.

Часовы павераны ў справах Славацкай Рэспублікі ў Беларусі Йозеф Мачышак падкрэслівае такую акалічнасць:

— Мы надаём пагадненню важнае значэнне, бо гэтая галіна павінна мець добрыя дагаворныя рамкі. Калі мы рыхтавалі такую шырокамаштабную акцыю, як прэзентацыя Славацкай Рэспублікі ў Беларусі, то ў задумах быў не толькі прыезд у вашу краіну прадстаўнікоў нашай культуры і мастацтва. Усе беларускія ўстановы, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі гэтага праекта, будуць прадстаўляць культуру і мастацтва вашага народа ў Славакіі. Будуць таксама запрошаны ў паездку кіраўнікі арганізацый і таварыстваў Беларусі, якія супрацоўнічаюць са Славакіяй для абмену вопытам.

Такія кантакты памогуць зблізіць нашы два дружалюбныя народы, больш ведаць адзін пра аднаго. У гэтым — галоўная мэта ўсіх мерапрыемстваў, якія зараз праходзяць у Беларусі i якія намечаны ў Славакіі.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter