Добры дзень, лета!

Прырода як найлепш пастаралася, каб даць яму самыя доўгія дні

Прырода як найлепш пастаралася, каб даць яму самыя доўгія дні

Няхай у людзей будзе дастаткова часу і папрацаваць, і адпачыць, і атрымаць асалоду ад гэтай цудоўнай, непаўторнай пары года. І колькі ж можна ўсяго самага рознага ўбачыць, пачуць, адчуць з раніцы да вечара, асабліва ў вёсцы, прычым у любое надвор’е. Якое ж гэта шчасце — жыць на роднай зямлі, любіць і цаніць яе. Вось толькі некалькі, як бы мовіць, летніх сюжэтаў.

Серабрыстая раніца

У такую раніцу сонца як толькі крыху паднімецца, так і рассыпле шчодра золата па ўсім наваколлі. І сядзець зараз у хаце — даруйце, але ж гэта проста непавага да прыроды.

Сады, агароды, розныя пабудовы — словам, уся вёска ахоплена чыстай і ціхай урачыстасцю.

Сонца паднялося ўжо, і яго промні пачынаюць тварыць на нашай дачы цуд, вядуць захапляльную гульню розных колераў і адценняў. Я спыніўся ля куста бэзу. Вялікія цяжкія гронкі, налітыя сілай і свежасцю, схіліліся долу. Паколькі ён захапіў шмат месца, парэчкі, што растуць побач, перапляліся з яго галінамі і перагарадзілі вузенькую сцяжынку, па якой мы ходзім на агарод. Спрабую развесці іх, каб прайсці, але ж мне ў твар ляцяць халодныя кроплі расы.

Гляджу на часнок — ён ажно сівы ад шчодрай расы. Кроп таксама сівы, праўда, яму заўсёды шанцуе на самыя першыя промні ранішняга сонца, зараз яго танюсенькія сцяблінкі пяшчотна і далікатна перасыпаны росным срэбрам.

За плотам — іншы малюнак. Уздоўж канавы густа разросся чыстацел, ён якраз цвіце і таксама ў кроплях расы. На кветках, на траве, на лісцях безліч дробненькіх бісерынак, якія кожную наступную мінуту пачынаюць зіхацець рознымі колерамі. Гэтая прыгажосць зараз не жыве адна, яе дапаўняе і ўзбагачае дружная сімфонія, якую распачалі птушкі. Проста можна разгубіц­ца ад такога мноства ўражанняў, пачуццяў, эмоцый. Глядзі і здзіўляйся, калі, вядома, ёсць на тое час. Я жадаю кожнаму, хто прачытае гэты мой эцюд, хоць раз у жыцці адчуць хараство, якое дорыць людзям летняя раніца.

Няхай магутны тэхпрагрэс, які напоўніў і, канешне ж, значна палепшыў наша жыццё, не стане сур’ёзнай перашкодай для такой нашай еднасці з прыродай. Толькі будзем памятаць: каб наша любаванне і зачараванне прыродай было заўсёды і для ўсіх.

Дождж, як свята

І нашу вёску, і ўсю ваколіцу доўгі час абыходзілі дажджы. А тут пачала паказваць ужо свой нораў гарачыня. Людзі, канешне, не ўпусцілі спрыяльную пару, рупліва апрацавалі агароды і пасадзілі ўсё, што трэба. На нашым агародзе таксама дружна ўзышлі цыбуля, буракі, салата, прабілася бульба. Але ж на душы трывожна: градкі зверху сухія…

Дождж пайшоў нечакана, прычым з невялікай хмары. Амаль усё неба зіхацела ад яркага, гарачага сонца, а гэтая хмарка паціху падабралася з захаду, і зашалясцеў у садзе і на агародзе дождж, на дзіва спакойны, нетаропкі. Больш правільна сказаць — дожджык. Менавіта так, памятаю, калісьці называлі нашы вяскоўцы няспорныя дажджы, якія ласкава палівалі зямлю. Не дай Бог, сыпане на іх густы, моцны лівень — усё, канец слабенькім расткам, значыць, прапала столькі людской працы.

Стаю пад гэтым дожджыкам, мокну, але ж у хату ісці не хачу. Разуўся і крочу па зялёнай траве басанож. Успамінаю, як у далёкім дзяцінстве мы, басаногія вясковыя хлапчукі, наперагонкі гойсалі пад такім летнім даж­джом па лужынах і спявалі — што б вы думалі? А вось што: «Дожджык, сілы полю дай, каб быў добры ўраджай, а ў хаце — каравай». Вось якія былі ў галодныя пасляваенныя гады ў нас «поп-мелодыі», яны вызначалі наша яшчэ зусім дзіцячае, але ж глыбока пра­вільнае ўсведамленне і ўспрыманне дажджу як абавязковай умовы для шчодрага ўраджаю.

«Са святам цябе!» — вітаецца наш сусед дзядзька Сівы. «З якім?» — гля­джу на яго з неразуменнем. «Ды з дожджыкам, гэта ж зараз для нас сапраўднае свята». — «І цябе таксама з такім святам віншую». Нібы ў святочным настроі стаяць яблыні, ігрушы, кусты парэчак, павесялеў увесь агарод.

Тут раптам наляцелі на сліву адразу некалькі вераб’ёў і, нягледзячы на дождж, пачалі верашчаць, ганяцца адзін за другім. Шкадую сліву, якую непаседы-вераб’і так хутка пазбавілі радасці яшчэ пабыць у здаровай свежасці. Але ж дожджык цярушыць па-ранейшаму, і ўсё проста здорава навокал. І хочацца сказаць: «Добры дзень, лета! Дзякуй за свята дажджу, за тое, што ты з намі, а мы з табою…»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter