Добры дом, але цесны

Музей гiсторыi тэатральнай i музычнай культуры святкуе 20-годдзе

Музейшчыкi святкуюць юбiлей свайго будынка i мараць аб iншым

Ёсць адразу дзве прычыны звярнуць асаблiвую ўвагу на Дзяржаўны музей гiсторыi тэатральнай i музычнай культуры Рэспублiкi Беларусь. Па-першае, гэта дваццацiгоддзе з дня яго заснавання. Па-другое, двухсотгоддзе будынка, у якiм ён знахо­дзiцца, так званага Дома масонаў. Дырэктар музея Зiнаiда Кучар лiчыць, што адначасовае святкаванне — гэта добрая нагода для таго, каб удакладнiць, што будынак па Музычным завулку, 5 непасрэдна з дзейнасцю масонаў не звязаны. Таму ў экспазiцыi з’явiлiся архiўныя дакументы.

— Нам вельмi падабаецца гэты будынак, мы шчаслiвыя, што менавiта ў Верхнiм горадзе размешчаны наш музей, — гаворыць Зiнаiда Лявонцьеўна. — Вядома ж, кожны архiтэктурны помнiк мае сваю прыгожую легенду. Тым больш такi, як наш: пабудаваны на ўзгорку па незвычайным для таго часу праекце. Але мы павiнны расказаць людзям яго сапраўдную гiсто­рыю. Тым больш калi маем дакументы, якiя даюць падставы меркаваць, што Дом масонаў — не афiцыйная назва, а дадзеная народам.

Ружовы будынак з зялёным дахам прыцягваў да сябе ўвагу. Цiкавым для людзей быў i адзiн з яе першых гаспадароў — купец Г. Якубоўскi, якi заўсёды хадзiў у чорнай вопратцы, з цылiндрам, палкай i ў белых пальчатках. Ён адносiўся да членаў масонскай ложы. Туды ж уваходзiў i Чэслаў Манюшка, бацька знакамiтага Станiслава Манюшкi, якi нейкi час здымаў пакой на другiм паверсе. У музеi нават ёсць копii замалёвак, якiя ён рабiў з акна будынка. Вядома яшчэ некалькi прозвiшчаў людзей, членаў ложы, якiя кватаравалi там або па суседстве. Усё гэта дае падставы гаварыць, што «мянушку» дому даў народ i нiякiх пасяджэнняў там не адбывалася. Ва ўсякiм разе дакументальных пацвярджэнняў апошняга сучасныя даследчыкi не выявiлi.

Зiнаiда Кучар лiчыць, што значна большую славу будынак павiнен мець як музей. Ён мае сваё сэрца i твар. Першае — гэта фонд, якi налiчвае 25 тысяч адзiнак, дарэчы, цалкам камп’ютэрызаваны. Другое — унiкальная экспазiцыя, якая складаецца з некалькiх частак. Прычым усе яны прыкладныя. Там можна паiграць на копiях самабытных музычных iнструмен­таў, паглядзець лялечны спектакль i г.д.

— Мая мара — зрабiць экспазiцыi ўсiх выдатных дзеячаў тэатральнай i музычнай культуры Беларусi, — гаворыць Зiнаiда Кучар. — Зараз у нас ёсць мемарыяльныя пакоi Стэфанii Станюты, Ларысы Александроўскай, Мiкалая Яроменкi i яго сына. Большага мы пакуль не можам сабе дазволiць: экспазi­цыйная плошча складае 350 квадратных метраў. Гэта вельмi мала для музея, якi збiрае гiсторыю. Некаторыя людзi крыўдзяцца на тое, што мы не можам аформiць асобны пакой iх родных, якiя ўнеслi значны ўклад у беларускую культуру. Адзiнае выйсце — пашырэнне плошчаў. Тым больш што наш фонд пастаянна папаўняецца: сваякi i блiзкiя знакамiтых дзеячаў нясуць iх уласныя рэчы, тэатры дзеляцца сваiм скарбам. Не забывае пра нас i Мiнiстэрства культуры: у мiнулым годзе на набыццё мастацкiх твораў было выдаткавана 14 мiльёнаў рублёў. Наш скарб расце…

На здымку: так зараз выглядае будынак па адрасе: Музычны завулак, 5.

Фото: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter