Лета для многіх студэнтаў — час практыкі

Добрую практыку трэба зарабіць

Лета для многіх студэнтаў — час практыкі. Яна дапамагае азнаёміцца з нюансамі будучай прафесіі. Для кагосьці гэта магчымасць разабрацца ў сабе: ці правільна была выбрана спецыяльнасць.


Студэнты беларускіх ВНУ праходзяць практыку не толькі ў сваёй краіне, але і за яе межамі. Замежнае партнёрства сёння актыўна развіваецца практычна ў кожнай ВНУ.

Напрыклад, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт супрацоўнічае з рознымі замежнымі ўстановамі адукацыі і з навукова-даследчымі арганізацыямі. Больш за дваццаць студэнтаў-медыкаў у рамках пагадненняў аб міжнародным супрацоўніцтве штогод праходзяць практыку ў Польшчы, Германіі, Расіі…

Але каб трапіць у гэтую групу практыкантаў, аднаго жадання будзе недастаткова, патрэбныя яшчэ выдатныя адзнакі ў залікоўцы, актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці ўніверсітэта, навуковыя працы і стаж работы ў медыцынскай сферы. Студэнтка 5-га курса лячэбнага факультэта Таццяна Навумёнак лічыць, што ёй сёлета фартуна ўсміхнулася. Гэтым летам яе практыка будзе праходзіць у Першым Маскоўскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце імя І.М. Сечанава, адной з самых аўтарытэтных медыцынскіх ВНУ СНД, а можа быць, і Еўропы.

Але, зразумела, тут справа не толькі ў поспеху. Таццяна гэтую практыку “зарабіла”:

— Сярэдні бал у мяне добры, плюс я яшчэ і актывістка. Вось і вырашыла напісаць заяву на праходжанне практыкі ў Расіі — паспрабаваць свае сілы. І была бязмерна рада, калі мне патэлефанавалі з дэканата і прапанавалі паехаць у Маскву з 20 па 31 ліпеня. Я, вядома, пагадзілася. У нас ужо было навучанне ў бальніцах Мінска, мы асісціравалі ўрачам падчас аперацый, аглядалі пацыентаў, абгрунтоўвалі прапанаваны дыягназ, праводзілі экспертызы. Я ўпэўнена, што гэты досвед спатрэбіцца мне як на практыцы ў Маскве, так і ў маёй будучай рабоце.

У Беларусі амаль кожны пяты малады чалавек — студэнт. На змену аднаму пакаленню студэнцкай браціі прыходзяць іншыя. Але пытанні ва ўсіх студэнтаў розных пакаленняў адны і тыя ж: як без праблем здаць сесію і “злавіць халяву”, як і дзе прымяніць свае веды і ўменні, дзе знайсці працу. І як усё гэта і многае іншае паспець зрабіць, калі ў сутках па-ранейшаму толькі 24 гадзіны.

Крысціна Хілько
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter