Добрай раніцы, Беларусь!

Як карэспандэнт “НГ” віталася з усёй краінай У той дзень прачнулася, калі за акном толькі-толькі пачынала рассейвацца ноч. Усе мае спробы заснуць былі дарэмнымі: як толькі заплюшчвала вочы, у галаве пракручваўся “сцэнарый” сустрэчы журналістаў друкаваных СМІ са стваральнікамі праграмы “Добрай раніцы, Беларусь!”, якая вось ужо на працягу 10 год будзіць нашу краіну. Збіралася і думала: “Хто запрашае адзначаць юбілей у сем раніцы?!” Націснула на першую кнопку на пульце ад тэлевізара. Вядучыя Святлана Бароўская і Аляксандр Паўлаў асвяцілі экран сваімі ўсмешкамі і сказалі, што газетчыкі пакуль што не прыйшлі, бо, маўляў, не прывыклі прачынацца так рана. Ведалі б яны, што мы ў пакутах творчага пошуку часам зусім забываем пра сон!

Дзяжурная машына БТ прывезла нас на Макаёнка, 9. Праходзім па цёмных, ціхіх калідорах. Віхрам міма пранеслася вядучая відэаагляду Кацярына Купчанка. Запрашаюць у студыю. Пакуль гледачы з таго боку экрана глядзяць рэкламу, Святлана Бароўская расказвае, як, бывае, прыходзіцца працаваць зусім без сцэнарыя. “Вось тады падключаем да работы ўсе аддзелы галаўнога мозга”, — гаворыць яна. Вядучы Аляксандр Аўчыннікаў увесь час ходзіць па студыі з талеркай слоеных канверцікаў з сырам і стараецца хоць неяк “растармашыць” наш “газетны” кут.
Па задуме кіраўніка праграмы Наталлі Марынавай, газетчыкі павінны памяняцца ролямі са стваральнікамі праграмы. Пасля жараб’ёўкі мне дастаецца быць на відэааглядзе. Вядучая Вольга Водчыц паказвае мне, як роўна трэба сядзець у крэсле, гаворыць, што, чым больш разоў я прагляджу напісаны на паперы тэкст, тым лепш прачытаю яго з суфлёра. “Дык дзе ж гэты тэкст?” — пытаюся. Вольга некуды знікла, а я стараюся налаўчыцца глядзець на суфлёр так, каб не цяклі слёзы. Пражэктары свецяць так, што “плыве” і танальны крэм на твары. Прыходзіць грымёр Маша і двума штрыхамі падпраўляе мой макіяж. Бачу сябе, як у люстэрку, па тэлевізары. Не падабаецца.
— Ведаеш, калі сам сабе падабаешся на экране, то гэта значыць, што не ўсё ў парадку з псіхікай, — гаворыць, стараючыся мяне супакоіць, Святлана Бароўская.
Праз секунду прыбегла Вольга Водчыц з тэкстам. Хутка прабягаю вачыма па старонцы.
“Дзесяць секунд да эфіру”, — чуецца голас з апаратнай.
Засяроджваюся. Здаецца, чутно, як мая кроў напаўняецца адрэналінам.
— Добрай раніцы, — гавораць “новаспечаныя” тэлевядучыя Вікторыя Целяшук з газеты “Звязда” і Ілля Свірын з “Культуры”.
На экране пайшла застаўка. Падсадны рэдактар праграмы Сяргей Дубовік з “Літаратуры і Мастацтва”, што называецца, “увайшоў у ролю”: “Віка — малайчына. Ілля, што ты швабру праглынуў? Гляджу на першую палову экрана — прачынаюся, на другую — засынаю. Свет і цемень”.
Аб’яўляюць мяне. З лёгкасцю прачытываю ўсе словы, што ідуць па суфлёры.
— Так ніхто яшчэ ў нас не чытаў з першага разу, — сказала кіраўнік праграмы Наталля Марынава.
“Ды і не дзіва: інфармацыю пра белага мядзведзіка Кнута чула ў эфіры вашай перадачы можа разоў дваццаць!” — думаю я.
Па традыцыі “Добрай раніцы, Беларусь!”, калі эфір атрымаўся добрым, супрацоўнікі заканчваюць сваю работу апладысментамі. Не забыліся пра гэты звычай і цяпер. Ды і апладысменты сапраўды былі заслужаныя. Упэўнена, што калі б запіс праграмы, створанай журналістамі-газетчыкамі, паставілі ў эфір, то гледачы прачнуліся б не пазней, чым звычайна. Але ж мы прыйшлі на “гатовенькае”.
На самай справе над стварэннем “Добрай раніцы, Беларусь!” працуе больш за дваццаць чалавек. Гэта не толькі вядучыя, карэспандэнты, рэдактары, але і людзі за кадрам — рэжысёры, асістэнты, грымёры, стылісты. Каб падрыхтаваць студыю да эфіру, каб расставіць дэкарацыі, патрэбна дзесьці гадзіна. Дарэчы, праграма перад юбілеем змяніла сваё “ўбранне”. Як расказаў выканаўчы прадзюсер Першага нацыянальнага тэлеканала Дзяніс Драгун, пры афармленні студыі былі ўлічаны модныя тэндэнцыі, сезоннасць. “Па сутнасці, раніцай людзі ў асноўным не глядзяць тэлевізар, а слухаюць, — гаворыць ён. — Таму мы зрабілі ўпор на джынглавасць. Распеўку голасам Пятра Ялфімава, як паказваюць нашы апытанні, глядач успрымае добра. Праграма стала больш дынамічнай і планавай. З’явілася новая рубрыка “Ты ўбачыш першы”, якая анансуе самыя цікавыя праграмы і фільмы, што будуць паказаны ў вячэрнім эфіры, а таксама расказвае пра работу тэлевізійшчыкаў”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter