Паштальён прафесію не мяняе

Добрае слова з дастаўкай на дом

Ліну Мацукевіч ведаюць у твар вельмі многія дзятлаўчане і жыхары суседніх вёсак, вітаюцца пры сустрэчы. А яна у сваю чаргу на памяць ведае іх імёны, прозвішчы, адрасы і нават тое, якую перыёдыку кожны чытае. Ліна Іосіфаўна — паштальён з 23-гадовым стажам.

Фота аўтара

Яна пачынала разносіць пошту з роднай вёскі Засецце, працуючы ў Раклевічскім аддзяленні паштовай сувязі. Цяпер на даручаным участку № 5 Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі 19 вёсак, не лічачы вуліц і арганізацый самога горада. Каб зразумець, як можна ахапіць такую тэрыторыю, адпраўляюся на пошту. Яшчэ няма дзевяці раніцы, а Ліна Мацукевіч паспела ўжо добра папрацаваць.

— Без чвэрці на шостую я ўжо на рабочым месцы, у гэты час прывозяць свежую перыёдыку і лісты. Пачынаю дзень з сартавання газет. Вядома, такую вялікую тэрыторыю паштальёну пешшу не абысці, ахапіць можна толькі з дапамогай матарызаванай дастаўкі пошты. Без пяці хвілін дзевяць разам з вадзіцелем выязджаем на ўчастак.

Рытм, у якім працуе паштальён, адчуваецца адразу. Чалавеку марудліваму цяжка было б укласціся ў графік. У Ліны Іосіфаўны характар іншы, кажа, што не любіць сядзець на месцы:

— Таму і не мяняю прафесію, хаця лёгкай яе не назавеш. Гэта толькі на першы погляд можа падацца, што няма ў нашай справе ніякіх прамудрасцей, акрамя як пошту разнесці. На самай справе праца адказная.

З аграгарадкоў па прасёлкавых дарогах заязджаем у маленькія вёсачкі. Паштальён не мае права абмінуць нават аддалены хутар, калі там чакаюць свежыя газеты або лісты. Адна з такіх знікаючых вёсак — Александровічы. Трох пенсіянерак, якія тут жывуць, Ліна Іосіфаўна паважліва называе па бацьку:

— Марыя Юльянаўна Пачобыт, Ірына Іосіфаўна Жыборт і Алена Францаўна Вянцко — мае нязменныя падпісчыкі. Я да іх з радасцю заўсёды еду, ведаю, што чакаюць. Калі трэба, прывожу неабходныя тавары.

Марыя Дудкіна, жыхарка вёскі Страла, бяжыць да брамкі з агарода, ледзь запрыкмеціўшы паштовую машыну.

— Вельмі задаволеныя сваім паштальёнам. Як бы яна ні спяшалася, заўсёды знойдзе час, каб абмовіцца добрым словам. Нам, вясковым пенсіянерам, не хапае такіх зносін.

Паміж справай гаворым пра жыццё. Мая суразмоўца не хавае шкадавання ад таго, што многія вёскі пусцеюць:

— Вельмі мне горка, калі падпіска на газету аформлена, аднойчы прыязджаеш, а адрасата ўжо няма сярод жывых... Людзей, якія аддаюць частку пенсіі, каб падпісацца на любімыя газеты і часопісы, нямала, і чытаюць яны ад вокладкі да вокладкі.

Дарэчы, падпісчыцы-аднавяскоўцы Марыі Жыбко паштальён Мацукевіч ужо каля дваццаці гадоў носіць “Народную газету”. Прыемна, што ў нашага выдання ёсць такія адданыя чытачы.

Заязджаем па маршруце і ў родную вёску Ліны Іосіфаўны. Засецце размешчана ў пяці кіламетрах ад Дзятлава. Пакінутых дамоў тут практычна няма — усё раскупілі, рэйтынг сельскага жылля падскочыў пасля таго, як да населенага пункта падвялі газ. Дарэчы, падпісчыкаў тут нямала.

Кажуць, каб зразумець, якая гаспадыня, дастаткова зірнуць на яе дом. Па ўсім відаць, што ў Мацукевіч парадак усюды — на працы і дома. Цяпер з мужам засталіся ўдваіх, дачка і сын выраслі, з’ехалі ў горад.

— А ў вас не ўзнікала жаданне перасяліцца бліжэй да дзяцей? — цікаўлюся.

Яна адказвае без роздумаў:

— Ні ў якім выпадку. Я вырасла ў вёсцы і ўсё тут мне люба. А як сельскаму жыхару без агарода і гаспадаркі, хаця б і невялікай?

Аказваецца, шмат гадоў, і ў спякоту, і ў холад, Ліна Іосіфаўна дабіралася на працу ў райцэнтр на веласіпедзе. А каб паспець справіцца з хатнімі абавязкамі і не спазніцца да сартавання газет, прачынацца прыходзілася на досвітку. Калі ўзрост падышоў да пяцідзесяці і педалі ўжо сталі круціцца крыху павольней, вырашыла, што пара садзіцца за руль аўтамабіля. Распавядае: была старэйшая ў групе, што здавала экзамен на вадзіцельскае пасведчанне, але іспыт вытрымала не горш за маладых. Машына дазволіла эканоміць час і сілы.

Начальнік Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі Наталля Цітова на добрыя словы ў адрас сваёй супрацоўніцы не скупіцца:

— Акрамя таго, што адказна ставіцца да працы, вельмі прыемны ў зносінах чалавек. А для паштальёна, які пастаянна сярод людзей, гэта важная рыса. Бездакорны давер і павагу яна за гэтыя гады заслужыла.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter