“Добра яблычка к Іспасу”...

Заўтра адно з самых прыгожых, самых сімвалічных праваслаўна-народных святаў — Праабражэнне Гасподняе, або Яблычны Спас (каталікі адзначылі яго 6 жніўня).Заўтра ва ўсіх цэрквах будзе стаяць дзівосны водар — спелых пладоў, стомленага спякотай жніўня, водар новага ўраджаю.

Асвячэнне ў гэты дзень у храмах яблык і іншых паспелых пладоў сімвалізуе будучае пераўтварэнне прыроды, пераўтварэнне чалавека, які ідзе да Бога. У гэты дзень згадваецца Праабражэнне Гасподняе – евангельская гісторыя аб тым, як незадоўга да распяцця Хрыстос на гары Фавор паказаўся тром сваім вучням – Пятру, Іакаву і Іаану ва ўсёй сваёй боскай велічы і красе.
А ў народнай традыцыі Другі Спас (першы, Макавей, адзначаўся 14 жніўня) – гэта перш за ўсё свята ўраджаю. Лічылася, што толькі пасля гэтага дня можна есці яблыкі і іншыя плады. (Як і ў кожнай народнай традыцыі, у гэтай ёсць свая, абсалютна практычная мудрасць: да сярэдзіны жніўня садавіна яшчэ недаспелая, а каму падчас жніва патрэбныя праблемы з хворым жыватом?). Беларусы не забываліся ў гэта дзень пра продкаў – асвячоныя яблыкі неслі на магілы блізкіх людзей.
І ўсё ж нават у свята людзі не забываліся пра тое, што летні дзень год корміць. “Спас – усім рабочы час”, “Святы Спасік, пільны часік, папар строіць, жытцо малоціць”, “Спас не гуляе, каня сядлае, поле аб’язджае, копы аблічае, у гумны вязе”... Народная творчасць трапнымі і ёмкімі словамі як нельга лепш пераказала галоўную ісціну: папрацуй у жніўні, карпатліва збяры тое, што шчодра падаравала табе зямля, і ўжо на наступны Спас – хлебны (29 жніўня) зможаш з палёгкай уздыхнуць і канстатаваць: “Спас – досыць хлеба ў нас”.
Другі Спас лічыцца ў народзе днём пачатку адлёту ў вырай буслоў. Перад выраем яны любяць збірацца ў чароды іменна на свежых пожнях. Падыбаюць на чырвоных нагах сярод залацістых сціртаў, упэўняцца, што іх Радзіма зімой будзе з хлебам, і пададуцца ў далёкае падарожжа на поўдзень, каб увесну да гэтай зямлі, якая сустрэне іх бліскучымі чорнымі скібамі ворыва, абавязкова вярнуцца.

 Дарэчы Тавар прыбытковы

Ці карыснай была для традыцыйнай беларускай культуры — яблыкаў — сёлетняя спёка? Як паведаміў карэспандэнту “Народнай газеты” кіраўнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Уладзімір Гапановіч, на сёння арганізацыя ўжо прыняла ад насельніцтва 24 тысячы тон яблыкаў. Гэта ў 2,8 раза больш, чым на тую ж дату мінулага года. (Відавочна, што шматвекавыя народныя традыцыі не маглі ўлічыць глабальнае пацяпленне клімату, таму збіраць ураджай яблыкаў беларусы ў гэтым годзе пачалі нашмат раней Спаса). Аднак прагнозы на ўраджай несуцяшальныя. Калі ў мінулым годзе Белкаапсаюз нарыхтаваў 126 тысяч тон яблыкаў, то ў гэтым, па словах спецыяліста, у лепшым выпадку будзе 65 тысяч тон.
Неўраджай паўплываў і на закупачную цану на яблыкі. Летась “апады” прымалі па 50—80 рублёў за кілаграм. Сёння ў краіне, як паведаміў Уладзімір Гапановіч, у пунктах прыёму прадукцыі можна атрымаць ад 200 да 250 рублёў за кілаграм “дэфіцыту”.
Якая сітуацыя на месцах, у абласцях? Па словах  выконваючай абавязкі намесніка старшыні па нарыхтоўках Гродзенскага аблспажыўсаюза Жанны Ільіной, ураджайнасць яблыкаў сёлета, па прагнозах, складзе не больш чым 40 працэнтаў ад леташняй. Закупачная цана ў Гродзенскай вобласці — 230 рублёў. На Віцебшчыне, па словах першага намесніка старшыні абласнога спажыўсаюза Віктара Шуляка, таксама збяруць менш, чым летась: яблыкі ўрадзілі толькі ў двух-трох раёнах. У Віцебскай вобласці аплата за румянабокія плады самая высокая — 250 рублёў за кілаграм.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter