Актывісты з беларускіх суполак замежжа штогод у маі ахвотна прыязджаць на Міжнародную выставу “СМІ ў Беларусі”

“Добра там, дзе рады нам”

На гэты раз на выставе была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з Валянцінай Піскуновай, старшынёй Саюза беларусаў Латвіі. Як загаворыш з чалавекам пра дзяцінства, родавыя карані, сям’ю — ёсць хваля даверу. А Валянціну цяпер хвалюе, у прыватнасці, лёс школы ў роднай вёсцы Рудня-Целяшоўская Гомельскага раёна, адкуль яна родам. Разам з мужам Барысам наведалі тыя мясціны. І па справах рамонту ў школе Валянціна Аляксандраўна, сама прадпрымальніца, вяла перамовы ў міністэрствах. Ахвотна расказвала і пра поспехі дачкі Алены, паказвала фотаздымкі ўнукаў. Усе, дарэчы, далучаны да беларускіх спраў! Пра тое варта будзе расказаць асобна.

Алена Лазарава і Валянціна Піскунова прыехалі з Рыгі, Уладзімір Качалаба — з Вінніцы
Алена Лазарава і Валянціна Піскунова прыехалі з Рыгі, Уладзімір Качалаба — з Вінніцы

“Выстава для нас — важнае мерапрыемства, — гаварыла В. Піскунова на сустрэчы з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам. — Нам тут рады. Нас чакаюць: мы паказваем свае газеты, кнігі, буклеты на стэндзе Упаўнаважанага. Падыходзіць шмат людзей. Для нас ладзіцца пазнавальная праграма, сустрэчы, карысныя для ўсіх. Такі фармат зносін з Бацькаўшчынай нам падабаецца, і за такую падтрымку вам — вялікі дзякуй!”. Валянціна расказала, што пасля канцэртаў, фэстаў беларускіх гуртоў у Латвіі ўсё больш людзей успрымаюць Беларусь як добрага суседа. У планах беларусаў Латвіі — правесці Дні беларускай культуры ў Рызе, прысвечаныя 525-м угодкам Францыска Скарыны. У Латгаліі пройдуць Дні беларускай літаратуры.
Леанід Гуляка звярнуў увагу: варта развіваць пабрацімскія сувязі паміж гарадамі. Заключаны дагаворы — патрэбны і праграмы, праекты для развіцця кантактаў. У апараце Упаўнаважанага ёсць кансультант, да якога можна звярнуцца па дапамогу. Увогуле ў дзяржструктуры, заўважу, моцнае ўзаемадзеянне з СБЛ: не выпадкова на выставу ад Латвіі прыехала 7 чалавек. А летась беларусы Рыгі прымалі дэлегацыю па лініі Упаўнаважанага. Госці расказалі: 22 мая, у час еўрасаміту Усходняга партнёрства, у Рызе будзе канферэнцыя “Роля нацыянальных суполак у мультыкультурнай прасторы і развіцці дзяржавы”. “Мы праводзім яе сумесна з Мінкультуры Латвіі, — удакладніла В. Піскунова. — Запрошаны вучоныя, прадстаўнікі культа, маладзёжных арганізацый з Беларусі, Эстоніі, Латвіі”. Леанід Гуляка з цікавасцю ўспрыняў навіну, падзяліўся меркаваннямі, як, на яго думку, можна прыцягнуць большую ўвагу да канферэнцыі.

Быў на сустрэчы і госць з Украіны — старшыня Вінніцкага абласнога зямляцтва беларусаў Уладзімір Качалаба. Расказваючы пра справы супляменнікаў, цяперашняе жыццё ў краіне-суседцы, ураджэнец  Шчучына, афіцэр запасу не абыходзіў вострых пытанняў. Падзяліўся асабістымі праблемамі, якія ўзніклі, калі з сям’ёй захацеў вярнуцца жыць у Беларусь. Дапамог і дагавор аб супрацоўніцтве, заключаны суполкай са Слонімскім райвыканкамам. Менавіта ў тым раёне і мае намер Уладзімір нанова пусціць карані — там жывуць ужо яго жонка з дзецьмі. Калі ж загаварылі аб праблемах, то Валянціна Піскунова з мужам згадалі, як вымушаны былі заплаціць немалы штраф за праезд па платнай беларускай дарозе. “Няўжо для актывістаў беларускіх суполак замежжа, якія шмат робяць на карысць Бацькаўшчыны, няма ў гэтым пытанні ніякіх паблажак?” — задалі госці пытанне. І выйшлі на новую тэму размовы: пра распрацоўку дзяржпраграмы “Беларусы ў свеце”.

Людміла Аннус з Нарвы і Маргарыта Шаманенка з Цюмені
Людміла Аннус з Нарвы і Маргарыта Шаманенка з Цюмені 

Як вядома, у адпаведнасці з прынятым летась законам “Аб беларусах замежжа” пытанні работы з дыяспарай, замежнымі суполкамі су­пляменнікаў цяпер каардынуе Мі­ніс­тэрства замежных спраў. Леа­нід Гуляка праінфармаваў: ідзе распра­цоўка праграмы “Беларусы ў свеце”, і Упаўнаважанаму прапанавалі да справы падключыцца. Магчыма, казалі ўдзельнікі сустрэчы, шэраг пытанняў — у тым ліку і тыя, што ўзнікаюць пры вяртанні беларусаў на зямлю продкаў, ці і нават пры праездзе па платных дарогах… — можна абмяркоўваць і вырашаць на дзяржаўным узроўні. 

Сустрэча была цікавай, нават выйшла за межы рэгламенту. І таму, дарэчы, папярэдне анансаваная анлайн-трансляцыя тэлепраекта рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия” “ТВоё сегодня” на тэму “Як жыве беларуская дыяспара ў бліжнім замежжы” крыху затрымалася. Размову з Валянцінай Піскуновай і кіраўніцай беларускай суполкі “Сябры” з Нарвы Людмілай Аннус бліскуча правёў намеснік галоўнага рэдактара газеты Дзмітрый Партон. Відэаматэрыял — у інтэрнэце: http://www.sb.by/video_archive/848892/

А іншыя госці холдынга “СБ. Беларусь сегодня” на паўгадзіны сталі гледачамі. Потым была цікавая сустрэча з галоўным рэдактарам “Народнай газеты” Ігарам Савосценкам. Пад час якой, за чаем, кавай, у шчырых размовах і прагучалі вось гэтыя словы: “Добра там, дзе рады нам”. Зрэшты, можа яны і самі склаліся ў такі слоган — а я толькі запісаў тое, што адчуваў. Але ўпэўнены: іх з радасцю паўторыць кожны з гасцей.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter