Знакаміты віцебскі старшыня Дземіко Надзірашвілі — аб першай і другой радзімах, уроках Міхаіла Каца і адносінах да людзей

«Добра, што летась мы «ўлезлi» ў дасланы зверху графiк сяўбы»

Знакаміты віцебскі старшыня Дземіко Надзірашвілі — аб першай і другой радзімах, уроках Міхаіла Каца і адносінах да людзей


ПАГУТАРЫЦЬ са старшынёй СВК ”Альгоўскае” Віцебскага раёна Дземіко НАДЗІРАШВІЛІ дамаўляліся дзесьці за месяц, але ў апошні момант сустрэчу прыйшлося перанесці: якраз у той дзень было вяселле ў калгаснага механізатара, і Дземіко Шатаевіч сказаў, што людзі не зразумеюць, калі яго там не будзе. 

Сустрэча адбылася крыху пазней, але я аб гэтым нічуць не шкадаваў, таму што за гэты час даведаўся шмат чаго цікавага пра знакамітага старшыню. 

НАПРЫКЛАД, пра тое, як яшчэ галоўны ветурач калгаса Дземіко Надзірашвілі, калі аднойчы загарэўся агрэгат па вытворчасці вітаміннай мукі, залез на самы верх будынка, адкуль і заліваў агонь вадой, аднак раптоўна паслізнуўся і ўпаў. Урачы вызначылі пералом нагі, але ўжо назаўтра ён з’явіўся на ферму ў гіпсе. Ды так і не пабыў тады ніводнага дня на бальнічным.

А яшчэ, расказвалі, што ў калгас Дземіко трапіў разам са сваім аднагрупнікам па інстытуце. Калі таго неўзабаве забралі ў армію, ён, каб нікога не ўзялі на месца сябра, цэлы год выконваў і яго абавязкі і, вядома ж, сваю работу.

— Дзякуючы Дземіко Шатаевічу ў нас абноўлены Музей працоўнай славы. У ім уся гісторыя гаспадаркі, пачынаючы з 1930 года, часу яе ўтварэння. Захаваліся нават першыя заявы аб уступленні ў калгас. Шмат старонак пра сённяшнія набыткі гаспадаркі, яе перадавікоў, — гаворыць намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце  Ірына Палякова. 

І яшчэ адзін красамоўны факт: не было таго года, каб дэлегацыя гаспадаркі не ўдзельнічала ў рэспубліканскіх “Дажынках”. І заўсёды ўзначальвае яе старшыня. 

І вось нарэшце наша сустрэча. 

— Дземіко Шатаевіч, як апынуліся на Віцебшчыне?

— Нарадзіўся ва Усходняй Грузіі, багатай вінаградам, ёсць там сяло Лагодзехі. Бацька працаваў дырэктарам лесабіржы, маці заслужаная настаўніца Грузіі, была дырэктарам прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча. Сам я, перад тым як паехаць у Віцебск, дванаццаць гадоў пражыў у Тбілісі.

Бацька марыў мець у сям’і свайго медыка. Вось і вырашылі на сямейнай нарадзе паслаць мяне ў Віцебскі медінстытут. Тады ў Віцебскім аблвыканкаме працаваў мой дзядзька Іван Георгіевіч Шубіцідзэ. У гады вайны ён камандаваў Пінскай партызанскай брыгадай, аўтар вядомай дакументальнай аповесці “Палескія былі”. Бацька не без падстаў спадзяваўся, што дзядзька мне дапаможа паступіць у медінстытут. Аднак я не стаў звяртацца да яго і... не паступіў. Недабраў усяго аднаго бала. На наступны год гісторыя паўтарылася. Каб мець нейкі заробак, трэніраваў футбольную каманду Віцебскага ветэрынарнага інстытута (цяперашняя Акадэмія ветэрынарнай медыцыны. — Аўт.), сам гуляў у ёй. На ўсесаюзных спаборніцтвах у Маскве сярод сельскагаспадарчых ВНУ футбалісты ветінстытута сенсацыйна занялі чацвёртае месца.  Трэніруючы каманду, прыгледзеўся да самой ВНУ і вырашыў, што буду тут вучыцца.

— А як удалося адразу пасля заканчэння ветінстытута, дарэчы, на выдатна, трапіць  у тутэйшы калгас імя Чырвонай Арміі, адзін з лепшых у краіне, кіраваў якім  Герой Сацыялістычнай Працы Міхаіл Ісаакавіч  Кац, і заняць адразу пасаду галоўнага ветурача?

— Скажу шчыра, ён не хацеў браць, хаця мне далі добрую рэкамендацыю з месца вучобы. Кац катэгарычна заявіў: “Мне патрэбен ветурач, а не футбаліст!” А да гэтага ў яго галоўным ветурачом быў Антон Ятусевіч, цяперашні рэктар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, які і практык быў, і навукай займаўся. Але я не здаўся: такі вось характар. Паўтарыў яшчэ некалькі заходаў да старшыні і ўрэшце быў прыняты на пасаду галоўнага ветурача. Не ведаю, ці то мая настырнасць перамагла, а можа, Міхаіл Ісаакавіч зразумеў, што ў мяне не проста імкненне працаваць у перадавой гаспадарцы, а нешта большае.

Было тут дзве тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Ды ў насельніцтва яшчэ пад тысячу кароў і свіней. І на ўвесь гэты статак — я і санітар. Ноччу патэлефануюць — каня запрагу і еду за 8 кіламетраў. Толькі вярнуся, распрануся — выклік з другой фермы. Я туды. Без чвэрткі сем павінен быць ужо на “планёрцы”. Цяпер, як прыгадаю, думаю: “Як гэта можна было вытрымаць? Не ўкладваецца ў галаве”. Праўда, конь быў толькі напачатку. Потым — матацыкл з’явіўся, а з цягам часу “Жыгулі” купіў. Паверыце ці не, але па рабоце трое “Жыгулёў” сваіх з’ездзіў. Службовая машына была толькі ў старшыні ды “лятучка” ў майстэрні. «Уазік» першы атрымаў, можна сказаць, выпадкова. Аднойчы на “Жыгулях” Міхаіла Ісаакавіча сустракаў у Оршы з цягніка, а ехаў ён тады са старшынёй Дзяржплана БССР. Вось гэты высокі начальнік і цікавіцца ў Каца: “А чаго ён на “Жыгулях” сваіх? Міша, і табе не сорамна?» На другі дзень тэлефануюць з Дзяржплана: “Прыязджайце за машынай!”

— У вашай працоўнай кніжцы за 42 гады толькі два запісы: дваццаць гадоў — галоўны ветурач і 22 — старшыня. 

— Пачну з таго, што ў нас была цэхавая сістэма арганізацыі працы: цэх жывёлагадоўлі, цэх механізацыі. Я быў галоўным урачом гаспадаркі і начальнікам цэха жывёлагадоўлі ў адной асобе. Давалі гадавое заданне. Плацілі за эканомію матэрыяльных рэсурсаў, а за перарасход — вылічвалі. Не бралі лішнюю тэхніку, глядзелі, каб не сапсаваліся кармы. Людзі былі зацікаўлены эфектыўна працаваць: колькі зарабілі за вылікам расходаў, столькі і атрымалі. Карацей, як у сябе дома. Былі нядрэнныя паказчыкі. Мы іх разлічвалі ў сярэднім на тры гады наперад. 

Калі Кац пайшой на адпачынак, мне прапанавалі заняць яго месца. Я адмовіўся, таму што не быў гатовы псіхалагічна ўзначаліць такую гаспадарку. І ўсё ж у 1994 годзе мяне выбралі старшынёй калгаса. 

— Дземіко Шатаевіч, якой была тады гаспадарка?

— Невялікай — 2600 гектараў зямлі і 1400 гектараў ворыва. У 2004 годзе далучылі да сябе фактычна тры адстаючыя калгасы, пагасілі іх крэдыты: на той час 800 тысяч долараў, заплацілі даўгі за электраэнергію і газ. Нам перадалі вытворчыя старыя будынкі 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Мы паспелі пабудаваць сваімі сіламі адзін сучасны жывёлагадоўчы комплекс  на 850 галоў  буйной рагатай жывёлы ў вёсцы Падбярэззе. На жаль, больш не змаглі, бо не хапае сродкаў.

— Тым не менш, абыходзячыся без усялякіх інвестараў, дзяржаўных датацый, працуеце без страт і дабіваецеся выдатных вынікаў. Вось і ў мінулым годзе атрымалі прадукцыі на 100 мільярдаў рублёў. Рэнтабельнасць — 10,7 працэнта. Як гэта?

— Калі сказаць адным словам — традыцыя. Сёння калектыў псіхалагічна не ўспрымае, як можна атрымліваць ніжэй за 60 цэнтнераў збожжа з гектара і даіць менш за шэсць тысяч кілаграмаў малака ад каровы, калі гэтыя рубяжы ўжо пройдзены. У нас 43 гектары гародніны і 200 гектараў бульбы, якая дае нядрэнны прыбытак. 

Але ўсё ж самыя рэнтабельныя — збожжа і малако: адпаведна 17,3 і 19,6 працэнта. Зарплата работнікам толькі за прадукцыю. Няхай не крыўдуюць іншыя, але самая пільная ўвага ў нас — да спецыялістаў. Я ніколі не скажу на той жа раённай нарадзе, што ў гаспадарцы з-за памылкі нашага заатэхніка прапала малако. Наадварот, я яго абараню. Калі ў спецыяліста ёсць недахопы, то іх патрэбна аднесці і да кіраўніка: значыць, не змог арганізаваць работу так, як трэба. А калі трэба за што спытаць, то — па самым высокім рахунку. 

— А гэта праўда, што галоўныя спецыялісты атрымліваюць у вас больш за дзесяць мільёнаў у месяц?

— Так, а радавыя спецыялісты — па 7—8 мільёнаў. Са мной часта не згаджаюцца наконт гэтага, але я прытрымліваюся іншага прынцыпу: спецыяліст адказвае за цэлую галіну. У яго вельмі шмат праблем і зусім іншая адказнасць за вынік. Ды і, урэшце, у нас такая традыцыя склалася яшчэ пры былым кіраўніку. У мяне ў 1976 годзе была зарплата 476 рублёў. За год мог купіць новыя “Жыгулі”. 

— А ўвогуле, якім павінен быць кіраўнік, на вашу думку?

— Па-чалавечы адносіцца да людзей, не валіць на іх усе беды. Кіраўнік катэгарычна не павінен быць помслівым. Мой бацька гаварыў: “Сынок, табе дрэнна зрабілі, а ты зрабі ім добра. Калі трое з дзесяці зразумеюць, што яны памыляюцца, гэта ўжо поспех”.

У нас людзі ведаюць, адчуваюць, што ні адзін не будзе незаслужана пакрыўджаны. Калі да мяне звяртаецца пенсіянер і скардзіцца, напрыклад, на не пачышчаную дарогу да яго хаты, я тут жа загадваю, каб неадкладна паслалі туды тэхніку.  

А яшчэ мой прынцып — ніколі не папракаць тых, хто быў да цябе. Зрабі лепей, калі ты лічыш, што ў іх былі памылкі. Не хвалі самога сябе. А ў нас, на жаль, атрымліваецца, што пойдзе кіраўнік, яго месца зойме другі, завойкае: “Што вы тут натварылі?!” А справы потым нярэдка ідуць яшчэ горш. Няхай людзі цябе пахваляць, калі заслужыш.

— Што вы думаеце аб праблемах сельгасвытворчасці, у тым ліку і як старшыня абласнога аграпрамысловага саюза?

— У нас моцная заарганізаванасць. Узяць вытворчасць малака. Патрабаванне жорсткае: давайце рост штогод. Прычым кантроль кожны месяц. У нас надой ад каровы за год 6500 кілаграмаў, а ў некага  — 2000. Ён дае плюс сёння, і яго не чапаюць. А ў нас таго плюса няма, і мяне на кожнай нарадзе крытыкуюць. Ці справядліва? Не. Я сам ведаю, дзе і калі ўзяць малако і выйсці за год на вызначаныя параметры. 

А летась добра, што спазніліся з веснавой сяўбой і не “ўлезлі” ў дасланы зверху графік. У нас суглінкі, глеба была пераўвільготнена, цяжкія ўчасткі. Зямля не гатова была. А нам: “Сейце, пакідайце лапікі!” Я разумею, у каго не хапае тэхнікі, “лапікі” — як выйсце. У нас жа — элітгас, адпрацавана да дробязей тэхналогія. Няўжо нашы аграномы не бачаць, калі лепш сеяць?!. Згодзен,  кантроль павінен быць, парадак, але не заарганізаванасць. І трэба наводзіць парадак там, дзе можна навесці. 

— Дземіко Шатаевіч, не цягне на радзіму?

— Грузія дала мне жыццё,  а ў Беларусі я стаў бацькам, дзедам (у мяне ўжо трое ўнукаў) і атрымаў работу, якую люблю да самазабыцця.

— А як жа наказ бацькі стаць урачом?

— Акадэмік Паўлаў калісьці сказаў: “Урач лечыць чалавека, а ветэрынар — чалавецтва!” Так што бацькаў наказ я выканаў. Да таго ж мая жонка Людміла ўрач і дзве нашы дачкі выбралі гэту прафесію.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter