Сярэдневяковыя «разборкі» дапамаглі высветліць унікальныя старонкі біяграфіі і дня нараджэння Глуска

«Добра, што князi сварылiся памiж сабой»

БЫВАЮЧЫ ў Глуску, заўсёды звяртала ўвагу на парослыя травой крутыя ўзгоркі, што высяцца амаль у цэнтры. Незвычайна яны выглядаюць у абрамленні старых вольхаў, побач са стадыёнам, сучаснымі пабудовамі. Потым ад дырэктара раённага краязнаўчага музея Людмілы Новік даведалася: невыпадковая гэта частка ландшафту. У райцэнтра з амаль 500-гадовай гісторыяй свае таямніцы. Узгоркі — частка вялізных валоў, якія абаранялі драўляны замак, пабудаваны яшчэ князем Юрыем Гальшанскім-Дубровіцкім у XVI стагоддзі. Кажуць, быў пад ім і свой падземны ход, які цягнуўся аж да Бабруйска! Валодалі замкам знакамітыя магнаты Вялікага Княства Літоўскага Палубінскія і Радзівілы... Доказ таму — музейныя экспанаты, сярод якіх побытавыя рэчы, кафля, рэшткі посуду, упрыгажэнні. Дарэчы, усе яны былі знойдзены падчас археалагічных раскопак, што на працягу 13 гадоў вяла старэйшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Ірына ГАНЕЦКАЯ (на здымку). Менавіта ёй Глускі замак адкрыў найцікавейшыя, унікальныя факты сваёй мінуўшчыны.

На зямлі і пад зямлёй


Уся гісторыя з раскопкамі пачалася з прапановы Уладзіміра Шулякоўскага, які ўзначальваў аддзел культуры Глускага выканкама. У 1996 годзе ён звярнуўся да навукоўцаў. Расказаў, што многа чуў пра легенды, падземныя хады некалі існаваўшага замка. Мясцовыя жыхары ўспамінаюць, як аднойчы на вачах гаспадара пад зямлю правалілася карова. Шулякоўскі прапанаваў правесці хоць невялічкія раскопкі, каб са знойдзеных знаходак скампанаваць экспазіцыю для музея. Хто ж ведаў тады, што зямля адкрые столькі таямніц і сакрэтаў, што экспедыцыя расцягнецца на доўгія гады...

План Глускага замка канца XVIII ст

Увогуле, прызнаецца археолаг, да той пары яна нічога не чула пра Глускі замак. Нават у райцэнтр наведалася ўпершыню. Пахадзіла па замчышчы і адразу сказала: «За працу бяруся!» Амаль кожны дзень даводзілася падымаць не адну скрыню з трафеямі. Дапамагалі студэнты, мясцовыя школьнікі. Цяжка было. Здараліся абвалы, раскопы пасля дажджу запаўняліся вадой. Пачалі з расчысткі сутарэнняў. Выявілася — яны моцна пашкоджаны. Знайшлі і падземны ход. Атрымалася нават крыху яго даследаваць. Ён выводзіў з дзядзінца на вадзяны роў і па ім можна было незаўважаным выйсці з замка. Засталіся нават завесы, на якіх віселі дзверы патаемнага хода. Раскапалі рэшткі брамы, да якой прымыкаў абарончы вал. Гэтая брама, змураваная з цэглы, была ўзведзена ў другой палове XVII стагоддзя. А вось першапачатковая, драўляная, знаходзілася зусім у іншым месцы. Адшукаць яе ўдалося толькі дзякуючы археалагічным даследаванням, а ідэнтыфікаваць — пры дапамозе інфармацыі пісьмовых крыніц XVI ст. Знойдзены самыя раннія артэфакты, звязаныя з замкам, у тым ліку прыгожая кафля ад печаў, што ацяплялі і аздаблялі пакоі ў вежы. Дарэчы, такія ж печы былі ў Віленскім палацы каралевы Боны! Археолагі раскапалі яшчэ два цікавых аб’екта XVI стагоддзя — рэшткі двух жылых дамоў, якія загінулі ў пажары. Пасля разбурэння замка вясной 1655 года сістэма яго фартыфікацыі змянілася карэнным чынам. Замест драўляных абаронных умацаванняў насыпаны магутныя валы з пяццю бастыёнамі, якія былі абведзены шырокім вадзяным ровам. Вежы (іх рэшткі таксама адкрыты раскопкамі) перанесены на іншыя месцы і збудаваны з цэглы. Галоўная брама з вежавым гадзіннікам глядзела на новы цэнтр мястэчка, некаторыя вокны ўпрыгожвалі вітражы з выявамі гербаў. Палову дзядзінца займаў бернардзінскі кляштар з манументальным купальным касцёлам.

Працаваць у архіве Ірыне Ганецкай давялося самой: не адзін год пайшоў на тое, каб выявіць патрэбныя гістарычныя дакументы і супаставіць іх змест з вынікамі раскопак.

Падмурак печы ў жылым будынку XVI ст.

Знойдзенай калекцыяй кафлі Ірына Ганецкая ганарыцца асабліва. Каштоўную частку яе складае геральдычная XVI—XVIII стагоддзяў. На ёй прадстаўлены гербы амаль усіх гаспадароў Глускага замка! Археалагічнымі даследаваннямі ўстаноўлена, што з канца XVI стагоддзя кафлю рабілі мясцовыя глускія майстры! Ганецкая мяркуе, што матрыцы для кафляных пласцін 1670-х гадоў рэзаў вельмі вядомы мастак-гравёр Аляксандр Тарасевіч.

Яшчэ цікавыя моманты падчас раскопак. Адна з ям пачатку XVII стагоддзя была некалі сметнікам. Для таго каб пазбегнуць смуроду і інфекцыі, выкінутыя бытавыя адыходы перыядычна пралівалі нягашанай вапнай. Знайшлі таксама частку гаршка з кухні, у якім луска рыбы, попел, рэшткі лекавых раслін (маліна, ваўчкі). У самых ранніх пластах адкапалі грушу, ад якой адзін раз адкусіў нехта, але, відаць, не спадабалася, ды і выкінуў. Знойдзенае насенне — гарбуза, блёкату, маліны, некалькі зярняткаў маку. Усе гэтыя артэфакты захоўваюцца ў гербарыі ў Інстытуце батанікі.

Замак падзялілі папалам


Але хто і на якім этапе валодаў замкам? Глуская латыфундыя была вельмі вялікай — ад Гальшанскага маёнтка на поўначы і да Валыні на поўдні. Першымі гэты абшар у валоданне атрымалі князі Гальшанскія яшчэ ў XIV стагоддзі. Па меры павелічэння расла колькасць нашчадкаў і гаспадароў. Вядома, што ў такой сітуацыі, калі на адно валоданне прэтэндуе некалькі асобаў, ды яшчэ з розных сем’яў, паміж імі пачынаюцца канфлікты і непаразуменні. Натуральна, узнікла патрэба ў размежаванні. Адзін з тых, хто меў часткі “на Глуску”, — Юрый Іванавіч Гальшанскі-Дубровіцкі, шляхам абменаў і куплі-продажу аб’яднаў сваю долю ў адно кампактнае валоданне, выдзеліўшы свае землі ў асобную воласць. Як цэнтр новага маёнтка быў заснаваны спачатку замак, а праз колькі гадоў і мястэчка Глуск-Дубровіцкі. Захаваўся нават прывілей Жыгімонта Старога, які датуецца 20 снежня 1522 года. Ірына Ганецкая:

— Тое, што захаваўся такі дакумент, — вялікі поспех. Гэта фактычна пасведчанне аб нараджэнні горада. Можна лічыць, што цяперашні Глуск нарадзіўся 20 снежня 1522 года, калі падпісалі і выдалі прывілей. Рэдка які населены пункт можа пахваліцца дакладнай датай аб з’яўленні.


Сам Юрый Іванавіч быў двойчы жанаты, у яго было 12 дзяцей ад двух шлюбаў. Прычым два хлопцы Уладзімір і Януш — ад першай жонкі. Пасля яго смерці па тэстаменце Глуск адыходзіў ім у супольнае валоданне. Паколькі спадчынны фонд быў велізарным, то нешта аставалася і другім дзецям. Але ўсё роўна пачаліся канфлікты. Старэйшыя браты ваявалі з другой жонкай Юрыя — бывай здароў. Можа гэта і драматычная старонка ў кантэксце сям’і, але для гісторыкаў тое, што трэба. Бо ад гэтых спрэчак у метрыцы ВКЛ засталося шмат судовых дакументаў. Таму і вядома зараз, што старэйшыя сыны Уладзімір і Януш атрымалі ад бацькі. Але памерлі яны маладымі і бяздзетнымі. Глуск-Дубровіцкі дастаўся малодшаму Сямёну, які таксама пайшоў з гэтага свету, не пакінуўшы патомства. А быў ён апошнім мужчынскім прадстаўніком роду Гальшанскіх... 

Таму ў 1558 годзе адбыўся падзел усіх маёнткаў паміж шасцю сёстрамі Сямёна Юр’евіча. Глуск быў замацаваны за Настассяй Гальшанскай (па мужу Жаслаўскай) і Сафіяй Гальшанскай, якая была замужам за Аляксандрам Іванавічам Палубінскім. Гэтыя дзве сям’і ў 1560 годзе падзялілі маёнтак папалам — замак, мястэчка і вёскі, пра што быў складзены адпаведны дакумент, які дайшоў да нас і цяпер захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве. Ірына Ганецкая звяртае ўвагу, што дакумент, напісаны на пергаменце, з’яўляецца помнікам пісьменнасці Беларусі. Чым цікавы рарытэт? А тым, як дзялілі! Палова вежы адной, палова вежы другой, па аднолькавай колькасці гародняў. Важылі папалам порах, салетру. Адно, што цвікі не падлічвалі.

І такім чынам у замка з’яўляюцца новыя гаспадары, дзве розныя сям’і — Жаслаўскія і Палубінскія. У долі апошніх усё ішло спакойна, а таму і пісьмовых звестак амаль не засталося. А вось на палове княгіні Настассі, дачкі Гальшанскага ад першага шлюбу, усё склалася зусім не гладка. Калі дзялілі замак, яна была вельмі хворай і нават не хадзіла. А спадчыну па ёй мелі права атрымаць дачка Ганна і сын Януш. З дачкой адносіны былі добрыя, чаго не скажаш пра сына. Ірына Ганецкая ў архівах нават адшукала ліст, у якім Януш скардзіцца каралю на маці: так і так, бацька памёр, а яна забрала бацькаву пячатку і мне не аддае. Настасся склала тэстамент, дзе падзяліла ўсё папалам паміж двума дзецьмі. Аднак, даведаўшыся пра смерць маці, Януш не вельмі сумаваў, а хутчэй на коней — і ў яе сядзібу... І выкраў усе паперы на землі, грошы і г.д. Потым сястра скардзілася на брата ў каралеўскім судзе: усё вывез, рэчы рухомыя і нерухомыя, футры, каштоўнасці. Адзін з Радзівілаў нават быў сведкам, што Настасся ўсё хацела падзяліць. Але што дакажаш! Януш нядоўга цешыўся захопленым багаццем — праз год памёр. А Ганна дамагалася аднаўлення справядлівасці цэлых 10 гадоў. Толькі ў 1571-м сыны Януша вярнулі цётцы прыналежную ёй долю Глускага замка, мястэчка і воласці.

Палубінскі адбудаваў, а Радзівілы прадалі Юдыцкім


У адной з пісьмовых крыніц, дарэчы, “адкапаўся” цікавы факт. Калі ў XVI стагоддзі дзялілі замак, то пабудовы прывязваліся да гародняў: брама, ад яе праз столькі гародняў святліца, праз столькі — свіран і г.д. Гароднямі называліся зрубы, запоўненыя зямлёй, якія стаялі па перыметры дзядзінца і абаранялі яго. Супраць тактыкі аблогі XVI ст. такая сістэма фартыфікацыі была досыць эфектыўнай і адносна недарагой. Лес быў самым даступным і танным будаўнічым матэрыялам. Драўляныя ўмацаванні было прасцей будаваць і рамантаваць.

Такім чынам, да сярэдзіны XVII стагоддзя замак быў драўляны, але ў 1655 годзе падчас вайны паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай ён быў спалены. Вельмі шмат тады загінула жыхароў. Дарэчы, археолагі знайшлі іх пахаванні, размешчаныя проста на тэрыторыі замка, пад валамі. Там і дзеці, і дарослыя, і брацкія магілы. У другой палове XVII стагоддзя пачынаецца будаўніцтва каменных вежаў і ўзвядзенне земляных валоў і бастыёнаў, на якіх трэба было размясціць абарончую тэхніку. Працы па аднаўленні і рэканструкцыі Глускага замка пасля вайны ажыццяўляў ягоны гаспадар князь Аляксандр Гіляры Палубінскі.

Дарэчы, вывез Палубінскі для Глуска 80 гармат з Бярэсця. А як жа! Вырашыў, што меў права, бо з’яўляўся адміністратарам берасцейскай каралеўскай эканоміі. Берасцейскі замак, які пераўтвараўся ў бастыённую фартэцыю таксама ў другой палове XVII стагоддзя, па канфігурацыі такі ж, як і Глускі. Але ж нядоўга пацешыўся гаспадар новазбудаваным замкам. Пасля наваселля неўзабаве памёр. Надалей замак пераходзіць Радзівілам, якія валодалі Глускам-Дубровіцкім да самага канца XVIIІ стагоддзя, калі ў іх воласць з замкам купілі Юдыцкія. У XIХ стагоддзі замак фактычна прыйшоў у заняпад.

Ірыне Ганецкай, дзякуючы археалагічным раскопкам і архіўным звесткам, удалося ўсё прасачыць да XVIII стагоддзя, пакуль замак існаваў як рэзідэнцыя і абарончая сістэма:

— 13 сезонаў, больш за 60 тысяч знаходак. А плюс яшчэ архівы. Давялося навучыцца шукаць і чытаць дакументы. Калі першы раз прынеслі ліст 1561 года, быў шок. Бесперапынная вязь дробным почыркам, дзе слова чапляе наступнае слова без знакаў прыпынку, пергамент цёмна-жоўты, чарніла светла-карычневае. Археалогія — праца не толькі цяжкая, але ж і дарагая. Аднак яна дазваляе ў літаральным сэнсе дакрануцца да гісторыі кожнага канкрэтнага паселішча ці замка, адчуць цяпло рук і душы нашых далёкіх продкаў. Вынікі маіх даследаванняў увасобленыя ў аб’ёмістай кнізе. Яна ўжо напісана, аформлена і чакае выдання. Як толькі знойдуцца грошы, можна друкаваць.

korenevskaja@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter