Добра, калі мары збываюцца

ГМАХІ Глыбоцкага камбікормавага завода відаць здалёк, за добры дзясятак кіламетраў. Будынкі дасягаюць у вышыню паўсотні метраў. Ноччу яны нагадваюць маяк, бо на іх даху гараць сігнальныя агні. Вось ужо 40 год... Не так і шмат. Тым не менш завод вядомы сваімі адметнымі справамі і людзьмі як у вобласці, так і рэспубліцы.

Калектыў Глыбоцкага камбікормавага завода на ўпэўненым працоўным маршы адзначае сваё 40-годдзе

ГМАХІ Глыбоцкага камбікормавага завода відаць здалёк, за добры дзясятак кіламетраў. Будынкі дасягаюць у вышыню паўсотні метраў. Ноччу яны нагадваюць маяк, бо на іх даху гараць сігнальныя агні. Вось ужо 40 год... Не так і шмат. Тым не менш завод вядомы сваімі адметнымі справамі і людзьмі як у вобласці, так і рэспубліцы.

ПАМЯТАЮ аднаго з першых дырэктараў прадпрыемства Адольфа Шарыка. Гэта быў надзвычайна гаспадарлівы і смелы кіраўнік. Асабліва ўзгадваецца наступны выпадак. Было многа адходаў са сталовай і ад вытворчасці. І ён стварыў падсобную гаспадарку па вырошчванні свіней. Пра такую нечуваную «самадзейнасць» даведаўся міністр галіны і катэгарычна загадаў прыкрыць ферму. Але Шарык выступіў у абласной газеце «Віцебскі рабочы» з артыкулам «Захацеў дырэктар сала», у якім адстойваў сваю пазіцыю, матывуючы, што стараецца не для сябе, а для калектыву і дзяржавы. Пасля гэтага яму прадракалі вызваленне з пасады. Знялі... міністра!

Неймаверны цяжар выпаў на долю кіраўніка-жанчыны завода Ангеліны Арцімені: якраз у так званыя перабудовачныя гады. Не ставала сыравіны, ірваліся наладжаныя сувязі з пастаўшчыкамі. І ўсё ж прадпрыемства засталося тады яшчэ «на плыву», хаця вычарпаны былі ўсе рэсурсы.

Сапраўдны крызіс наступіў напачатку цяперашняга стагоддзя. Мяняліся кіраўнікі, пагаршалася сітуацыя. Дайшло да таго, што ўсім, каму ні прапаноўвалі пасаду дырэктара Глыбоцкага камбікормавага завода, а «сваталі» ажно 8 чалавек, наадрэз адмаўляліся. Тады вырашылі пашукаць не ў сваім, а ў суседнім, Докшыцкім раёне.

ТАК 7 год таму і з’явіўся ў Глыбокім Валянцін Шчарбакоў, які да гэтага паспеў папрацаваць галоўным аграномам гаспадаркі, у райкаме партыі, дырэктарам саўгаса і малаказавода.

— Становішча было вельмі складанае, — прыгадвае ён свой дэбют на Глыбоччыне. — Пачаў шукаць прычыны. Аналіз паказаў, што мы вельмі слаба забяспечаны сыравінай, зернем. Забраць жа неабходную колькасць у гаспадарках не можам, бо паступае яно павышанай вільготнасці. Па нашай просьбе адну сушылку тады выдзеліла Міністэрства сельскай гаспадаркі і адну — аблвыканкам. Рэканструявалі старую. Перавялі сушылкі, хоць было і няпроста, з вадкага паліва  на газ. Гэта дало магчымасць нарыхтоўваць зерня з 17 тысяч тон да 70 тысяч.

На сушылках справа не спынілася. Прадпрымальны Валянцін Шчарбакоў, не чакаючы ўсеагульнай мадэрнізацыі па рэспубліцы, правёў яе па сваёй ініцыятыве на прадпрыемстве. Усё гэта дало магчымасць павялічыць месячны выраб камбікорму ў чатыры разы — з дзвюх тысяч тон да васьмі.

Мала таго, была зманціравана абсалютна новая лінія, а па сутнасці — невялікі завод па вытворчасці алею з рапсу, прадукцыя якога ідзе пераважна на экспарт. Больш таго, застаецца жмых для вытворчасці, той самы бялок, які раней закупляўся за мяжой за валюту.

ДВА гады таму Глыбоцкі камбікормавы завод далучыў да сябе сельгаспрадпрыемства «За Радзіму», якое мела 22 мільярды рублёў доўгу. За гэты кароткі час, дзякуючы магутнай фінансавай і кадравай падтрымцы, апошняму не толькі ўдалося пагасіць даўгі, але і выйсці на самаакупнасць. Рэзка ўзрос выпуск прадукцыі: зерня — з 2700 тон да 7 тысяч тон, сенажу  і сіласу — з 12 тысяч тон да 29 тысяч. Калі раней у дзень прадавалі чатыры тоны малака, то сёння — 12 тон. І гэта лічба, як лічыць Валянцін Шчарбакоў, не апошняя. Бліжэйшы арыентыр — 20 тон. Для гэтага рэканструяваны фермы. Зроблена даільная зала. Больш чым на тысячу павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Пабудавана новая сушылка.

Акрамя сельгаспрадпрыемства «За Радзіму», ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод» стаў гаспадаром яшчэ Глыбоцкай і Полацкай птушкафабрык, дзе ўтрымліваецца 660 тысяч кур-нясушак, свінакомплексу «Маліноўшчына» на 15 тысяч галоў. Апошні мае незайздросны выгляд і патрабуе хутчэйшай рэканструкцыі. На яе і нацэлены сёння Шчарбакоў, каб давесці пагалоўе свіней да 25 тысяч.

А ў самым бліжэйшым будучым завод адкрые цэх па вырабу каўбас са свініны і птушкі, прадукцыя якога будзе пастаўляцца на экспарт. Дарэчы, толькі за 10 месяцаў гэтага года ад экспарту атрымана два мільёны 85 тысяч долараў, што складае 143 працэнты да адпаведнага перыяду.

Ну і, бадай, самае галоўнае — гэта клопат пра чалавека. Мадэрнізацыя рэзка палепшыла ўмовы працы. Значна вырасла зарплата. На прадпрыемстве ёсць сталовая, дзе члены калектыву атрымліваюць комплексныя абеды коштам 12 тысяч рублёў  — амаль бясплатна: даплачваюць усяго адну тысячу. Астатняе — за кошт прадпрыемства. І, нарэшце, — падарунак да Новога года. Неўзабаве тут расчыніць дзверы аздараўленчы комплекс з басейнам, падводным масажам, душам.

Як заўважае сам Валянцін Шчарбакоў: «Збываецца мая даўняя мара!»

ПЕРШЫЯ кілаграмы камбікорму 40 год таму выдала Варвара Лаўцэвіч. Яна і сёння на рабочым месцы — начальнік камбікормавага цэха:

— Трапілі мы ў Глыбокае разам з маёй сяброўкай Таісай Аленінай маладымі дзяўчатамі пасля заканчэння Маладзечанскага палітэх- нікума ў якасці аператараў пульта кіравання. Завод яшчэ не быў пушчаны. Ішоў мантаж абсталявання, яго наладка. І вось у снежні адбыўся гэты хвалюючы момант пуску. Разам з майстрам цэха Людмілай Рыбаковай мы далі першыя кілаграмы камбікорму. Не працаваў ліфт. Не было ніякай аўтаматызацыі. «Скляпалі» гэтыя першыя кілаграмы камбікорму, можна сказаць, рукамі.

Працаваць было вельмі цікава. Тады было шырока разгорнута сацыялістычнае спаборніцтва. На прахадной вісеў стэнд, куды заносіліся паказчыкі ўсіх чатырох брыгад пасля кожнай змены. І так мы перажывалі за гэтыя працэнты, ідзём на работу і глядзім: «А ці не апярэдзілі сёння нас?» Даходзіла да таго, што калі заканчвалі змену, то вымяталі венікам усё з драбілкі, каб не пакінуць задзел другой змене.

Перажывалі за работу страшна. Было такое: танцуем у Доме культуры, а тут перадаюць, што зламаўся змешвальнік на заводзе. Выклікаюць начальніка цэха Дзмітрыя Карапенку. Ён кідае ўсё і бяжыць на завод нават не пераапрануўшыся.

Умовы былі нялёгкія: пыл, бруд. Хусткамі галаву абвяжаш, толькі вочы блішчаць. Слой пылу на вопратцы з палец таўшчынёй. Былі, вядома, рэспіратары, але карысталіся мы імі зрэдку.

Не падалі духам. Помню, прыслалі да нас дзяўчынку пасля тэхнікума, Валянціну Галасуй, і далі ёй змену з 18 чалавек, каб кіравала. Сама мала што ведала, а тут трэба навучыць іншых. Не спалохалася. Выстаяла, як на перадавой.

УСЕ мы былі камсамольцамі, актывістамі. І ўсе — спартсмены. Гэта сёння, здараецца, угаворваюць, каб дзе выступіць. А тады мы самі ўсюды імкнуліся паўдзельнічаць: і  хадзілі на лыжах, і гулялі ў валейбол... Адна частка завода спаборнічае, а другая — падтрымлівае ў якасці балельшчыкаў. А потым усе дружна ішлі ў рэстаран.

Пра самадзейнасць не гавару. Наш камбікормавы быў заўсёды на першых ролях. Нават на абласныя конкурсы ездзілі. Сама я не выступала, а вось мая сяброўка Таіса Аленіна спявала. Надта ж прыгожы ў яе голас. І цяпер як завядзе мелодыю — заслухаешся. Хаця, зразумела, гады ўжо не тыя.

Многія, з кім пачынала, пайшлі на заслужаны адпачынак. Гэта Яніна Падцяроб, Францішка Бервячонак, Тамара Ермаковіч, Ірына Лапацкая, Ніна Калько... Але ёсць і тыя, хто працуе з першага дня пуску завода: Валерый Цяліца, Антаніна Дубіна, Анатоль Агурэнь.

Анатоль, між іншым, першы дзяжурны электрык, і сёння на гэтым жа месцы. Так здарылася, што ўладкоўваліся з ім на працу мы ў адзін дзень, 21 красавіка 1973 года. І ён не забывае пра гэта. Заўсёды ў гэты дзень павіншуе мяне, а я — яго.

Калі азірнуцца назад, то жыццё прайшло на заводзе. І было яно, нягледзячы на розныя акалічнасці, цікавым. Сёння на змену старэйшаму пакаленню прыйшла моладзь. Вось Валянціну і Аляксея Рэвіных замяніла пасля заканчэння Магілёўскага тэхналагічнага інстытута іх дачка Вольга Салавей.

Такіх шмат. Іншыя цяпер і ўмовы. Усё аўтаматызавана, герметызавана. Пра пыл і напамінку няма. Чысціня выключная, якую мы самі стараемся падтрымліваць. Гэта стварае дадатковы настрой. А ў мяне ў кабінеце яшчэ шмат вазонаў з кветкамі. Люблю іх, асабліва кактусы!

ВЯДОМА ж, юбілей завода — гэта свята і для яго сельгасфіліяла «За Радзіму».

У аграгарадку Удзела жыве ці не палова работнікаў гаспадаркі. У тым ліку і маладыя аператары машыннага даення фермы «Удзела»: Ніна Раманчук, Наталля Шымко, Вольга Цяцяранкевіч.

Вольга — статная і вельмі сімпатычная жанчына, глядзіцца гарадской модніцай.

— А я і ёсць з горада, — агучвае яна неўзабаве сваю біяграфію. — З Глыбокага. Жылля свайго не было. А тут прачытала аб’яву, што ў сельгасфіліял «За Радзіму» патрабуюцца даяркі. Выдзяляецца катэдж. Рызыкнула. Да гэтага працавала прадаўцом у прыватнай краме і ўпершыню сутыкнулася з сельскім жыццём, з каровамі. Спачатку страшнавата было. Дзякуй загадчыцы фермы Любові Раманчук, якая ў настаўніцы мне дала Галю Курашэвіч, ды і сама вучыла, падтрымлівала, як маці. Хоць рана ўставаць і позна класціся, але асвоілася. Праз гады тры трапіла нават на Дошку гонару гаспадаркі як лепшы аператар. Здала на правы і купіла легкавую машыну. Цяпер стала прасцей — і з дзецьмі, яны ходзяць у другі і трэці клас, і наогул па гаспадарцы.

А вось Ніна Раманчук — мясцовая. Яна замяніла на ферме бацькоў — Вікенція і Уладзіславу Раманчукоў. Мае катэдж. Гадуе карову і іншую жыўнасць.

Трэба адзначыць, што і жыллё, і тэрыторыя каля яго дагледжаны, пасаджаны пладовыя дрэвы.

У Наталлі Шымко ў двары нават буслянка імправізаваная ёсць. А катэдж яна сёлета адрамантавала за ўласныя грошы: і пафарбавала, і фундамент падправіла. Праўда, і прычына была — сына жаніла.

Ахвотна расказваюць дзяўчаты пра незвычайнае здарэнне на іх ферме. Аднойчы ўбачылі ў памяшканні лебедзя. Відаць, захацеў паласавацца камбікормам і заблудзіўся, небарака. Давялося потым яго лавіць і везці з рознымі прыгодамі ў Мосар, да сваіх «сяброў». Аб гэтым тэхнік-лабарант фермы Аліна Шымко напісала нават гумарыстычны верш, які і прачытала нядаўна на «Агеньчыку», прысвечаным 30-годдзю фермы «Удзела».

Так, тут таксама юбілей. На яго былі запрошаны як цяперашнія работнікі, так і ветэраны — Яніна Раманчук, Ларыса і Браніслава Салодкія, Леакадзія і Аліна Лось і іншыя. Усе атрымалі памятныя падарункі. Спявалі, танцавалі.

Было весела!

ПАДУМАЦЬ толькі, адно галоўнае прадпрыемства, і то колькі клопату! А тут прылучаны да яго яшчэ чатыры: дзве птушкафабрыкі, свінакомплекс і сельская гаспадарка акцыянернага таварыства. Таксама не маленькія і, галоўнае, — праблемныя, бо для чаго ж у іншым выпадку трэба было іх аб’ядноўваць з камбікормавым заводам. І Валянцін Шчарбакоў, гэты нераўнадушны і рознабаковы кіраўнік, не толькі «выцягнуў» са сваёй дружнай камандай усю гэту «махіну», але і вырашае не менш складаныя задачы на перспектыву. Ужо ў наступным годзе пачнецца будаўніцтва завода па вырабу мясакоснай мукі. Будзе праведзена мадэрнізацыя вытворчасці на Глыбоцкай і Полацкай птушкафабрыках. У філіяле «За Радзіму» засеюць 200 гектараў соі, каб дома атрымліваць гэты каштоўнейшы бялок, які пакуль што завозяць за валюту ажно з Лацінскай Амерыкі.

Сам Валянцін Шчарбакоў, калі ў яго цікавяцца, як ён з усім спраўляецца, жартуе: «А я больш нічога не ўмею рабіць, акрамя таго, як — кіраваць!»

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Ад «БН»:

Калектыў селянскай газеты дасылае шчырыя прывітанні ўсім працаўнікам Глыбоцкага камбікормавага завода

ў  сувязі з 40-годдзем, бо ведае, што сярод іх

шмат чытачоў  «Белорусской нивы».

Са святам, шаноўныя!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?