У Горках да 70-годдзя вызвалення раёна плануюць выдаць зборнік твораў мясцовых паэтаў і празаікаў.
— З гэтай мэтай Горацкі райвыканкам аб’явіў конкурс на лепшы твор аб родным краі, — кажа кіраўнік народнага аматарскага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Людміла Дзеружкова. — Ён, дарэчы, прысвечаны яшчэ адной славутай даце — 470-годдзю саміх Горак.
Старт конкурсу дадзены ў снежні, а прымацца творы будуць да лютага будучага года. Самыя яскравыя артыкулы, нарысы, вершы плануецца ўключыць у калектыўны зборнік, які ўбачыць свет у чэрвені 2014-га — акурат напярэдадні 70-годдзя вызвалення горацкай зямлі ад фашысцкіх акупантаў.