Минск
+10 oC
USD: 2.05
EUR: 2.26

Концерн "Белнефтехим" настроен поддержать кличевский агрогородок Долгое

Доўгае: шчодрае на прыгажосць і старажылаў

Паміж рачулкамі Рудкай і Даўжанкай выцягнуліся шырокія вуліцы клічаўскага Доўгага. Знойдзеныя ў наваколлі каменныя сякеры сведчаць, што тут жылі першабытныя людзі ў каменным веку. Побач з суседняй вёскай Вішнёўка захаваўся курганны магільнік дрыгавічоў VІІІ стагоддзя. 

У пісьмовых крыніцах паселішча ўпершыню ўзгадваецца ў 1499 годзе. У дзяржаўных дакументах Вялікага Княства Літоўскага 1560 года Доўгае пазначана як дзяржаўнае сяло Любашанскай воласці. Падзялялася яно на двор і гумнішча.  

У 1740 годзе вёску ўпрыгожыла драўляная праваслаўная царква Раства Найсвяцейшай Багародзіцы. Праз паўтара стагоддзі на яе месцы ўзведзены новы храм. Дзейнічала царкоўнапрыходскае апякунства. Захаваліся царкоўныя метрычныя кнігі і спавядальныя ведамасці пачатку пазамінулага стагоддзя. У 1863 годзе адкрылася народнае вучылішча для сялянскіх дзяцей.



Жыхары вёскі Доўгае, якая ўваходзіла ў Ігуменскі ўезд Мінскай губерні, займаліся земляробствам і нарыхтоўкай лесу. Дзейнічалі вадзяны млын, сукнавальня і ваўначоска.

Пасля ўсталявання савецкай улады Доўгае стала цэнтрам воласці. У 1932 годзе сяляне аб’ядналіся ў калгас, рэфармаваны ва УКСП «Саўгас «Доўгаўскі».

У нямецка-фашысцкую акупацыю ў вёсцы размяшчаўся гітлераўскі гарнізон. У першую ваенную зіму партызаны знішчылі яго. Аднавілася дзейнасць сельсавета і групы самаабароны. Раз’юшаныя карнікі 19 лютага 1943-га спалілі вёску і загубілі 97 мірных жыхароў. Ворагі дашчэнту знішчылі навакольныя вёскі Бухаўку, Веснік, Вішнёўку, Даўжанку, Дубна, Закупленне, Залічынку, Звальню, Ялоўку. 

На месцы трагедыі ў Доўгім усталяваны памятны крыж і мемарыяльны помнік.

У пасляваенныя гады ў вёсцы пачалі дзейнічаць лясніцтва, агароднінасушыльны завод, швейная і шавецкая майстэрні, установы аховы здароўя, адукацыі, культуры, магазіны. 

У 2011 годзе Доўгае атрымала статус аграгарадка Клічаўскага раёна.



ПЕРАД тым як адправіцца вандраваць у аграгарадок Доўгае, зазірнуў у энцыклапедычны даведнік. Там пазначаны па некалькі беларускіх паселішчаў і азёр з аднайменнай назвай.

Да аграгарадка ад райцэнтра амаль 30 кіламетраў і ўдвая менш да чыгуначнай станцыі Мілае. Штодзённа сюды з Клічава курсіруе рэйсавы аўтобус. У Доўгае мы адправіліся на легкавіку са старшынёю раённага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктарам Фальковічам. Асфальтаваная дарога пятляе праз пагоркі і нізіны сярод лугоў і скошаных хлебных ніў, перасякае пасёлак Патока, вёскі Усакіна, Развадава.

Старшыня раённага прафсаюза работнікаў АПК „Віктар ФАЛЬКОВІЧ, стараста аграгарадка Алена ЯФРЭМАВА і кіраўнік спраў сельвыканкама Таццяна ШЭХ.

Перад сцяной сасновага бору выцягнуліся стужкай схаваныя ў зеляніне садоў сядзібы Доўгага. Падзяляецца аграгарадок на дзве вялікія часткі. Левая забудавана пераважна драўлянымі дамамі. Направа праз лугавіну красуюцца прывабныя сучасныя катэджы. У цэнтры пад стромкімі соснамі — адміністрацыйныя будынкі сельвыканкама і сельгаспрадпрыемства, Дома культуры, бальніцы сястрынскага догляду. Пярэстымі кветнікамі акружаны двухпавярховы тыпавы будынак школы. 

У дзень вандроўкі старшыня сельвыканкама Уладзімір Буракоўскі прымаў удзельнікаў сумеснага выязнога пасяджэння райвыканкама і прэзідыума райсавета дэпутатаў. Госці прыехалі пераймаць вопыт работы мясцовай улады па комплексным развіцці тэрыторыі і навядзенні парадку на зямлі.

„Выконваючы абавязкі „ дырэктара УКСП „ “Саўгас “Доўгаўскі” „ Віктар БАРЛЮГОЎ.

Так, тут ёсць чаму павучыцца — дагледжанымі кветнікамі, садамі, агародамі, чысцінёй уражвае аграгарадок. І ў іншых населеных пунктах сельсавета наведзены парадак. Кіраўніцтву мясцовай улады дапамагаюць старасты. Жыхары аграгарадка даверылі гэту справу Алене Яфрэмавай, з якою мы сустрэліся. Тут яна нарадзілася і вырасла. Ад старога да малога ўсіх ведае. Пасля заканчэння сярэдняй школы атрымала прафесію прадаўца. Амаль 30 гадоў загадвала магазінам у суседняй вёсцы Закупленне. Сорак жыхароў засталося там. Выручка ўпала, і магазін закрылі. Некалькі разоў на тыдзень у вёску, як і ў іншыя населеныя пункты сельсавета, прыязджае аўталаўка. А Алена Уладзіміраўна стала паштальёнам.

Штораніцы аўтамашына пры­возіць у Доўгае з раённага вузла сувязі карэспандэнцыю і тавары першай неабходнасці. Многія гаспадары заказваюць праз пошту камбікорм для хатніх жывёл і птушак. Муж Алены Уладзіміраўны ў вольны ад працы час дапамагае на легкавіку развозіць мяхі з кормам на сялянскія падворкі. Трымаюць жыўнасць і Яфрэмавы. Пакуль падрасталі дзеці, была ў іх карова. Лішкі малака прадавалі. Цяпер у хлеўчыку засталіся свінні. Ёсць і куры. На прысядзібным участку вырошчваюць гародніну, бульбу. Дом акружаюць садовыя дрэвы. 

Шматдзетная маці Таццяна ДОЎБНЯ з дзецьмі.

Кіраўнік спраў сельвыканкама Таццяна Шэх адзначыла, што ў 34 населеных пунктах сельсавета засталіся лічаныя каровы. Бывала, каля кожнай вёскі пасвіўся свойскі статак. Найбольш жыўнасці на падворках аграгарадка. 

Пасля таго як гэты куток Клічаўшчыны закранула радыеактыўная чарнобыльская хмара, колькасць насельніцтва ў Доўгім стала скарачацца. Абязлюдзелі вёскі Аляксандраўка, Жалезная Баровіна, Свёкрава, Звальня, Малінне. Былая жыхарка вёскі Свёкрава Параскоўя Рамановіч, з якою сустрэліся ў магазіне, узгадала, як яе сям’я адной з апошніх пераязджала ў аграгарадок. Муж Сямён Мікалаевіч працаваў лесніком, а Параскоўя Сцяпанаўна чвэрць стагоддзя дастаўляла вяскоўцам пошту. Трое іх дзяцей раз’ехаліся, маюць свае сем’і. 

Моладзь пераважна жыве ў аграгарадку. Дзве новыя вуліцы забудаваны прыгожымі катэджамі. Кожны чацвёрты жыхар сельсавета ва ўзросце да 30 гадоў. Да бацькоўскага парога ў вёску Залічынка вярнуўся з Украіны Мікалай Манёнак. З сонечнай Адэсы паклікала малая радзіма і сям’ю кіраўніка спраў сельвыканкама Таццяны Шэх. Восем гадоў жылі ў прыморскім горадзе. У Доўгім гаспадар Яўген Паўлавіч папоўніў атрад механізатараў. Выхавалі двух сыноў. Сям’я задаволена пераездам.

„Прадаўцы Валянціна БАРКОВА „і Ганна КІРЭЙЧАНКА абслугоўваюць пакупнікоў.

Пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута імя Аркадзя Куляшова вярнуўся ў родную школу настаўнічаць Аляксандр Жалезнякоў. З дыпломам настаўніка рускай мовы і літаратуры прыехала з ім жонка Валянціна Юр’еўна. Кіраваў педкалектывам Мікалай Радзькоў. Было паўтары сотні вучняў. Старшакласнікі атрымлівалі сельскагаспадарчыя прафесіі і папаўнялі атрад жывёлаводаў і механізатараў. 

Адзіная на тэрыторыі сельсавета сярэдняя школа з гэтага года рэфармавана ў яслі-сад — пачатковую школу. Навучэнцаў старэйшых класаў аўтобусам будуць вазіць на заняткі ў Клічаў. Будынак былога дзіцячага садзіка пераабсталявалі пад бальніцу сястрынскага догляду, дзе зараз утрымліваецца амаль 20 адзінокіх пенсіянераў. 

Некалькі гадоў таму да Доўгаўскага далучылі 11 населеных пунктаў суседняга Ганчанскага сельсавета. Колькасць жыхароў перавысіла тысячу. 

Бібліятэкар Валянціна КЛЕПЧА з юнымі чытачамі Віалетай РАМАНОВІЧ і Мікалаем ГІМЕЛЬРЭЙХАМ

ВЫКОНВАЮЧАГА абавязкі дырэктара УКСП «Саўгас «Доўгаўскі» Віктара Барлюгова непакоіць недахоп механізатараў і жывёлаводаў. На 10 трактарах працуе 5 механізатараў. Тэхніка ў гаспадарцы сучасная. Асаблівае напружанне адчувалася ў жніво. На двух зернеўборачных камбайнах айчыннай вытворчасці ўбралі збожжавыя на 610 гектарах. Нагрузка на кожны максімальная. Выручыў былы пажарны Ігар Яленскі. Ён раней працаваў механізатарам у гаспадарцы, таму добра ведае тэхніку. Не першы год ён працуе камбайнерам на жніве. На другім агрэгаце ўбіраў збажыну вопытны Пётр Варакса. Спраўляліся яны без памочнікаў. Пасля завяршэння ўборкі Пётр Варакса перасеў на корманарыхтоўчую тэхніку. Косіць сеяныя травы на сянаж. Для папаўнення кармавога балансу бялком пасеялі 80 гектараў канюшыны, пашырылі плошчы пад кукурузу для фуражу.

На малочна-таварным комплексе і жывёлагадоўчай ферме амаль 900 галоў буйной рагатай жывёлы. Трэцяя частка — дойныя каровы. Малако рэалізуецца на Горацкі масларобча-сыраробчы завод.

Віктар Барлюгоў спадзяецца на аздараўленне эканамічнай дзейнасці сельгаспрадпрыемства шляхам перадачы яго «Белнафтахіму». На пачатку лета прадстаўнікі канцэрна прыязджалі ў Доўгае. Агледзелі вытворчую базу, гутарылі са спецыялістамі.

„Гаспадары падворка Тамара і Вячаслаў ГАНЧАРОВЫ.

На палях і фермах гаспадаркі працуе паўсотні рабочых. Напалову менш у лясніцтве, якім кіруе Багдан Саўчанка. Амаль 18 тысяч гектараў лесу абслугоўваюць леснікі. У адміністрацыйным будынку засталі галоўнага бухгалтара Марыю Клепча. У Доўгае яна прыехала пасля заканчэння з адзнакай Бабруйскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Выйшла замуж за мясцовага механізатара і засталася тут. Рана аўдавела. Адна выхоўвала дваіх дзяцей. Сын Павел скончыў лясны тэхнікум і працуе ў Жлобінскім раёне. 

Доўгаўскае лясніцтва — адно з лепшых у вобласці. Мінулай вясною пасаджана амаль паўсотні гектараў сасны, бярозы, дуба. Ёсць эксперыментальны ўчастак, дзе на двух гектарах растуць маладыя дубкі. Адміністрацыйны будынак акружае дэндрарый экзатычных парод дрэў. У адным з яго куткоў каменнямі выкла­дзена штучная сажалка. Я сустрэўся з Вячаславам Ганчаровым, менавіта ён уручную выклаў па берагах сажалкі сем трактарных прычэпаў камянёў, сабраных з палёў. Родам ён з суседняй вёскі Даўжанка. У лясніцтве працаваў тэхнікам-механікам. Жонка Тамара Яўгенаўна загадвала жывёлагадоўчай фермай у саўгасе «Доўгаўскі». Ад гаспадаркі атрымалі новы катэдж. З вялікай фантазіяй абуладзілі яны і свой падворак. Ад уваходнай брамы да гаспадарчых забудоў вымуравана з камянёў сцяна-кветнік. Казачны кожны куток сядзібы Ганчаровых. Сабралі яны і прыгожа аформілі стэнд з прадметамі сялянскага побыту і працы. А колькі самых розных кветак палыхае пярэстымі фарбамі! Гаспадыня з гонарам адзначыла, што неаднаразова іх падворак прызнаваўся лепшым у раёне. Вядома, было што тут пераняць удзельнікам раённага мерапрыемства. 

Дырэктар яслі-сада — пачатковай школы Аляксандр ЖАЛЕЗНЯКОЎ.

Здзівіла багатай фантазіяй і сядзіба Аляксандра Паньшына. Паўвека таму ён пасля заканчэння Ніжнетагільскага машынабудаўнічага тэхнікума пераехаў з Урала на радзіму жонкі Галіны Міхайлаўны ў талачынскую вёску Нізкі Гарадзец. Аляксандр Міхайлавіч працаваў механікам у калгасе «Іскра», віртуозна іграў на гармоніку. Засвоіў баян, акардэон, гітару. Па вечарах вяскоўцы збіраліся паслухаць пералівы музыкі. 

Калі старшыню мясцовага калгаса Уладзіміра Бабкова перавялі на Клічаўшчыну, ён запрасіў пера­ехаць і сям’ю Паньшыных. Аляксандр Міхайлавіч у доўгаўскім саўгасе быў інжынерам па ахове працы, потым узначальваў прафсаюзную арганізацыю. У вольны час аздабляў падворак: збудаваў лазню, альтанку, хлявы і хлеўчыкі для жывёлы. Знаходзіў час і для рэпетыцый у Доме культуры. Як аўдавеў, доўга не браў у рукі музычныя інструменты. Але час — лепшы лекар.

ЦІКАВАЙ выдалася сустрэча ў цяністым скверы з Валянцінай Клепча. Амаль 40 гадоў яна загадвае бібліятэкай. Пакуль памяшканне рамантуецца, Валянціна Анатольеўна выносіць пад дрэвы стол і выдае вяскоўцам кнігі. Хутка чытачом бібліятэкі стане сямігадовы Вячаслаў Доўбня. Сёлета ён пойдзе ў першы клас. Сям’я яго шматдзетная. Бацька Аляксандр Міхайлавіч працуе механізатарам у гаспадарцы. Дзядуля Уладзімір Міхайлавіч пасе дойны статак. У сям’і, акрамя Вячаслава, дзве сястрычкі і малодшы брацік.

Гарманіст Аляксандр ПАНЬШЫН.

На свяце аграгарадка, якое праводзілася на пачатку жніўня, ушаноўвалі шматдзетную сям’ю Таццяны і Аляксандра Доўбня. Віталі і дзевяностагадовых старажылаў Марыю Мароз, Вольгу Шэх, Ніну Васіленка. Доўгажыхарамі апраўдвае аграгарадок сваю назву.

Клічаўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
5
Загрузка...