Тэлеканал “Беларусь 3” пакажа біяграфічны серыял да дня нараджэння Ганны Герман

Доўгае рэха кахання

13 лютага, напярэдадні дня нараджэння Ганны Герман, канал «Беларусь 3» пачынае біяграфічны серыял пра знакамітую польскую спявачку. 

Крыштальны  голас

У 1960—1970-я гады яе песні слухала ўся вялікая краіна СССР: «Надежда», «Эхо любви», «А он мне нравится», «Когда цвели сады»... Пра яе ўнікальны голас казалі: крыштальны, чароўны, а яго ўладальніцу называлі «белым анёлам польскай эстрады». Яна мела неймаверны поспех і мноства прыхільнікаў. Але жыццё любіміцы публікі складвалася вельмі няпроста: страты, расчараванні, жудасная аварыя і страшны дыягназ, які не пакінуў ніякіх надзей.

Ганна ГЕРМАН

Бацьку будучай зоркі арыштавалі як «ворага народа» і расстралялі, але Ганна да канца жыцця верыла, што ён жывы. Яе маці, каб выратаваць сям’ю ад рэпрэсій, заключыла фіктыўны шлюб з палякам і звезла дзяцей з СССР.

Першы поспех да Ганны Герман прыйшоў у 1964 годзе пасля песні «Танцующие Эвридики». Спачатку на фестывалі ў Аполе, пасля – у Сопаце. Праз тры гады яна атрымала «Оскар глядацкіх сімпатый» у Сарэнта на фестывалі неапалітанскай песні і апынулася ў спісе самых папулярных выканаўцаў Італіі.  

У Мілане спявачка трапіла ў страшную аўтамабільную катастрофу. Пераломы абедзвюх ног, левай рукі, страсенне мазгоў, мноства ўдараў і траўма пазваночніка. Дванаццацідзённая кома, але яна ўсё ж апрытомнела. Доўга аднаўлялася. Перамагаючы боль, вучылася сядзець, хадзіць. На сцэну Герман выйшла праз пяць гадоў пасля аварыі.

У 1975-м, нягледзячы на забарону дактароў, нарадзіла сына Збышака і на некалькі гадоў прысвяціла сябе дзіцяці. А ў пачатку 1980-х у спявачкі выявiлі рак. Намячаліся гастролі ў Аўстраліі, але яна, ведаючы аб страшным дыягназе, не стала іх адмяняць. Пасля вяртання дадому легла ў бальніцу, перанесла тры аперацыі. Выратаваць Ганну Герман не ўдалося. Яна памерла 26 жніўня 1982 года. Ёй было 46.

Актрыса — копія  спявачкі

У стваральнікаў серыяла была рэдкая магчымасць працаваць над сцэнарыем, кансультуючыся з блізкімі Ганны Герман. Галоўным экспертам выступіў Збігнеў Тухольскі, удавец спявачкі. Яму настолькі спадабалася ідэя зняць фільм пра памерлую жонку, што ён перадаў кіношнікам права на выкарыстанне яе арыгінальных фанаграм. Так што ў карціне спявае сама Герман. 

Галоўную ролю сыграла польская актрыса Йаана Мора. Рэжысёр серыяла Вальдэмар Кшысцек быў уражаны яе знешнім падабенствам з Ганнай Герман. Цікава, што на пробы Йаана трапіла выпадкова. Аб кастынгу даведалася ад сяброўкі, якая таксама спрабавалася на гэтую ролю. Актрыса нават не ведала, як выглядае Герман, і была ўпэўнена, што не падыдзе, таму што зусім не падобная на сваю прыяцельку. А потым паглядзела фатаграфіі спявачкі і зразумела: з Ганнай у яе адзін тыпаж. У выніку замест абяцаных 15 хвілін Йаане адвялі гадзіну, запрасілі на другі этап кастынгу, а пасля зацвердзілі на ролю.

Мужа Ганны Герман сыграў Шыман Сяндроўскі. Па іроніі лёсу менавіта з ім Мора ўдзельнічала ў пробах. У фільме таксама здымаліся Марыя Парошына (маці Ганны Ірма Мартэнс), Марат Башараў (генерал НКУС, усё жыццё закаханы ў Ірму), Кацярына Васільева (бабуля Ганны).

Карціна створана сумесна кінематаграфістамі Расіі, Украіны, Польшчы і Харватыі. Прэм’ера адбылася ў 2012-м, да 30-годдзя смерці Ганны Герман. Спачатку – у Расіі і ва Украіне. А праз год спявачку нанава адкрылі для сябе ў Польшчы. Парадокс, але творчасць Ганны Герман доўгія гады ігнаравалі ў краіне, якая стала ёй другой радзімай. Нават рэжысёр фільма Вальдэмар Кшысцек прызнаваўся: і ён, чалавек сярэдняга, а не маладога пакалення, да пачатку здымак няшмат ведаў пра яе. 

Серыял стаў першым маштабным праектам пра вядомую спявачку. Паказ фільма ў Польшчы выклікаў сапраўдны фурор. Поспех пераўзышоў усе чаканні: кожная новая серыя збірала каля экранаў больш за 6 мільёнаў тэлегледачоў.

Святлана ЮРАШОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter