Дняпра сівога дзівосныя паданні

Спрадвеку нашы продкі называлі паселішча, зыходзячы з асаблівасцяў мясцовасці, на якой яно размяшчалася. Так здарылася і з гарадскім пасёлкам Дуброўна, імя якому далі магутныя дубровы, што раскінуліся на шмат вёрст па цячэнні Дняпра, як раз там, дзе праходзіў участак знакамітага шляху з варагаў у грэкі.

Спрадвеку нашы продкі называлі паселішча, зыходзячы з асаблівасцяў мясцовасці, на якой яно размяшчалася. Так здарылася і з гарадскім пасёлкам Дуброўна, імя якому далі магутныя дубровы, што раскінуліся на шмат вёрст па цячэнні Дняпра, як раз там, дзе праходзіў участак знакамітага шляху з варагаў у грэкі.

У розны час гэтая зямля належала Глябовічам, Сапегам, князям Любамірскім, Меншыкаву, Пацёмкіну. Дарэчы, апошні пабудаваў у Дуброўне першую ў Расійскай імперыі гадзіннікавую фабрыку. Гадзіннікі тут рабілі на любы густ, і неўзабаве яны сталі папулярнымі не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе.
Дубровеншчына дала свету нямала вядомых людзей. Тут нарадзіліся герой руска-турэцкай вайны Аляксандр Казарскі, першая ў Еўропе жанчына—прафесар філасофіі Ганна Тумаркіна, майстар-разьбяр Герасім Акулаў, які ўпрыгожваў Каломенскі палац і Гранавітую палату Маскоўскага Крамля, вядомы драматург Аляксей Дудараў.

Месца сустрэчы землякоў

Штогод з 1993 года ў другой палове чэрвеня ў Дуброўне праходзіць унікальны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскiя галасы ў Дуброўне”. Заявіўшы аб сабе ў год 600-годдзя горада як абласное свята песні, ён выйшаў за межы рэгіёна, атрымаўшы ў 2004 годзе статус міжнароднага. І гэта невыпадкова. Магутны Днепр, які трывалай ніткай звязаў мільёны лёсаў славянскіх народаў, аднолькава дарагі і беларусам, і расіянам, і ўкраінцам. Сёння фестываль з’яўляецца творчай пляцоўкай для землякоў-беларусаў з Расіі, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Літвы, Польшчы, якія прапагандуюць мову і культуру Айчыны за яе межамі.

Праваслаўная царква Святой Тройцы

Аднакупальны храм у гонар Святой Тройцы быў пабудаваны ва ўсходняй частцы Дуброўна ў пачатку XIX стагоддзя з цэглы. Падчас вайны праз горад праходзіла лінія фронту. Усе будынкі і збудаванні былі практычна цалкам, на 95 працэнтаў, разбураны, а гэты храм цудоўным чынам захаваўся. Сёння гэта помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння, у якім своеасабліва спалучаюцца прыёмы мясцовага дойлідства і класіцызму. У ім маецца вялікая колькасць ікон, самыя старыя з іх напісаны на дошках і адносяцца да XVIII ст.

Гаючая крыніца

У Кірэеўскім гаі, дзе лясны масіў ушчыльную падступае да Дняпра, на дне Грутавага рова глыбінёй да 16 метраў знаходзіцца жамчужына прыроды — крыніца са шматлікімі падземнымі струменямі.
Сцюдзёная вада ў крыніцы не толькі выключна чыстая і незвычайна смачная, але і гаючая. Даследаванні пацвердзілі наяўнасць у ёй жалеза, серы і многіх іншых мінеральных рэчываў, якія аказваюць дабратворнае ўздзеянне на арганізм чалавека. Легенда сцвярджае, што вада з гэтай крыніцы вярнула зрок сляпому юнаку.
Недалёка ад крыніцы размешчаны незвычайныя камяні. Прырода іх з’яўлення да гэтага часу застаецца загадкай. Паверхня камянёў уся нібыта ў запёкшыхся невялікіх кроплях, якія ўзнікаюць пры праходжанні нябеснага цела скрозь слаі атмасферы.

Рака Днепр

Ганарліва і павольна нясе свае воды галоўная водная артэрыя Дубровеншчыны. Яе даўжыня на тэрыторыі раёна — 50 кіламетраў. Мясцовыя жыхары любоўна называюць раку наш Дняпро. Знакаміты шлях з варагаў у грэкі, які праходзіў па Дняпры, спрыяў адукацыі, развіццю і росквіту многіх гарадоў, размешчаных на беразе ракі, у тым ліку і Дуброўна. Днепр падзяляе горад на дзве часткі. Для рыбакоў тут сапраўднае раздолле: у рацэ водзіцца каля 60 відаў рыб, у тым ліку плотка, краснапёрка, лінь, лешч, сом, налім, судак.

Дуб-волат

Шматвяковы волат раскінуў сваю магутную крону над сялянскімі агародамі на краі вёскі Быстрыеўка Клёнаўскага сельсавета. Магутны дуб з’яўляецца адным з самых старых дрэў у раёне і аб’яўлены помнікам прыроды мясцовага значэння. Яго вышыня каля 17 метраў, а акружнасць ствала ўнізе амаль восем метраў. Паводле народных паданняў, пад гэтым дубам спыняўся на адпачынак Напалеон па дарозе ў Маскву.

Аб чым маўчаць манастырскія сцены

Пры ўездзе ў Дуброўна з боку Оршы перад турыстамі паўстае адзін з найбольш цікавых помнікаў архітэктуры — манастыр бернардынцаў, заснаваны ў 1630 годзе Мікалаем Глебавічам у стылі барока. З ім звязана дзіўная гісторыя пра “чорную помсту магната”.
У 1791 годзе Дубровенскае графства перайшло ва ўласнасць генерал-лейтэнанта Ксаверыя Любамірскага. Да гасціннага гаспадара любілі з’язджацца важныя персоны на балі і паляванне. Заможныя жаніхі адзін за другім прасілі рукі Клемянціны, дачкі Любамірскага, але ўсё дарэмна.
Аднойчы Клемянціна дала ў палацы баль, які аказаўся ракавым. Непрыступная прыгажуня закахалася ў статнага і прыгожага памешчыка Пятра Кроера, які не вылучаўся, дарэчы, ні высокімі душэўнымі якасцямі, ні багаццем. Разумеючы, што бацька не ўхваліць яе выбар, князёўна таемна абвянчалася са сваім абраннікам у манастыры і, прыхапіўшы ўсе бацькоўскія грошы, збегла з дому.
У знак помсты Любамірскі падпаліў манастыр бернардынцаў. А заадно ўтапіў двух манахаў, якія мелі дачыненне да шлюбу. Ужо на схіле гадоў, усвядоміўшы свае грахі, князь пабудаваў новы мураваны манастыр на месцы спаленага драўлянага.

Трынаццацівяковая тайна

За паўкіламетра ад вёскі Вежкі Зарубскага сельсавета ў пойме правага берага ракі Расасенкі размешчана гарадзішча жалезнага веку. Пагорак вышынёй каля 15 метраў і памерамі 55 на 35 метраў прыцягнуў увагу навукоўцаў гадоў дзесяць таму. Усюдыісныя мясцовыя школьнікі, якія ўзяліся дапамагаць у раскопках, знайшлі пацямнелыя ад часу бронзавыя вырабы. Далейшыя работы ішлі з яшчэ большым энтузіязмам. За час экспедыцыі былі знойдзены бранзалеты, пярсцёнкі, фрагменты галаўнога венчыка.
Археолагі беражліва ачысцілі ўсе прадметы, якія, дарэчы, добра захаваліся, і ўстанавілі іх узрост. Скарб, як высветлілася, праляжаў у зямлі трынаццаць стагоддзяў. Знаходка была аднесена да разраду сенсацыйных.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter