Музеі адчыняюць дзверы для паўночнікаў

Для тых, хто не спiць

Гэтая падзея адбываецца штогод у краінах Еўропы і Амерыкі і прысвячаецца Міжнароднаму дню музеяў, ён адзначаецца ў свеце 18 мая. Адзін раз у год дзясяткі «храмаў муз» адчыняюць свае дзверы для ўсіх, каму цікава ўбачыць іх багацці ў нязвыклы час сутак. Наша краіна далучылася да гэтай акцыі ў 2004-м. У ноч з 21-га на 22 мая многія вялікія і маленькія музеі прымуць удзел у ёй зноў.


Новы арт-праект — у дворыку гістарычнага музея.
Фота БЕЛТА.

Скажы мне «так»


Свята «Вяселле.by» у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прымеркавана да сёлетняга 100-гадовага юбілею вянчання класіка і Уладзіславы Станкевіч. Шмат цікавых мерапрыемстваў з 19.00 да 00.00 пройдзе ў экспазіцыі і на тэрыторыі парку, які носіць імя Песняра. 

Госці стануць удзельнікамі ўрачыстай цырымоніі шлюбу для пар, якія адзначаюць юбілеі сумеснага жыцця, убачаць вясельныя фотаздымкі з сямейных альбомаў, пацікавяцца, пра што пісалі і якія вершы прысвячалі сваім каханым Янка Купала і іншыя нашы вядомыя паэты, трапяць на праменад нявест розных часоў у захаваных шлюбных сукенках.

Аматары паэзіі паспаборнічаюць у дэкламацыі купалаўскай лірыкі. Магчыма, для кагосьці доўгачаканае пяшчотнае «так» менавіта ў гэтую ноч прагучыць на «Алеі закаханых», а жадаючых навучыцца майстэрству фларыстыкі, вырабу лялек-абярэгаў, старадаўнім вясельным спевам і танцам чакаюць на «Алеі рамёстваў». Святочны настрой прысутным забяспечыць цікавая канцэртная праграма. 

А цяпер увага! Толькі адзін раз у год, толькі на працягу адной ночы музей Янкі Купалы можна наведаць за 1 тысячу рублёў! Супрацоўнікі тлумачаць, што імкнуцца да еўрапейскіх мерак, а сімвалічны кошт білетаў — усяго толькі каб зручней падлічыць колькасць начных наведвальнікаў.

Адчуй сябе геніем


Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў 21 мая з 19.00 да 00.00 на дзвюх сваіх пляцоўках ладзіць карнавальнае паглыбленне ў свет мастацтва пад дэвізам «Будзь геніем!». Сальвадор Далі, Фрыда Кало, Марк Шагал, Эндзі Уорхал, Рэнэ Магрыт — гэтыя імёны ведаюць нават далёкія ад мастацтва людзі, славутым творцам і прысвячаюць ноч.

У будынку на вуліцы Някрасава, 3 артысты тэатральнай майстэрні «Сляды» пакажуць спектакль «Нічога асаблівага» пра амерыканца Эндзі Уорхала, чалавека-легенду, культавую персону ў гісторыі поп-арт-руху і сучаснага мастацтва ў цэлым. Узроставае абмежаванне — 18+. 

Акрамя таго, госці змогуць адчуць сябе мастакамі-канцэптуалістамі ў Лабараторыі пошуку сэнсаў, пазнаёміцца з калекцыяй адзення вядомага мінскага дызайнера Наташы Цуран, паглядзець слайды і відэа з ажыўшымі карцінамі на столі, пераўвасобіцца ў мастакоў і герояў іх работ.

У музеі на праспекце Незалежнасці, 47 прадставяць шоу светлавых карцін, запросяць на майстар-класы па жывапісе і скульптуры, а таксама на незвычайную танцавальную вечарынку.

Квіткі на ўваход на кожную з пляцовак — па 100 тысяч рублёў, на абедзве — 150 тысяч. Для тых, хто прыйдзе на Ноч музеяў у пазнавальных вобразах папулярных мастакоў або герояў іх карцін, наведванне адной з пляцовак бясплатнае.

Гуляем, кранаем, пішам


Дзверы Нацыянальнага гістарычнага музея і яго пяці філіялаў будуць адчынены для наведвальнікаў да позняй ночы.

З 19.00 да 01.00 у асноўным будынку на вуліцы Карла Маркса, 12 будуць працаваць два інтэрактыўныя праекты: выстава 3D-карцін «Ілюзорыум» і «Эксперыментус» — незвычайная экспазіцыя прыбораў і прылад, якія не толькі можна, але і трэба кранаць рукамі!

Атрымаць новыя веды, праявіць кемлівасць і творчыя здольнасці запрашае Музей прыроды і экалогіі. Абяцаюць, сумна не будзе.

У музейным дворыку прадставяць новы арт-праект Марыны Бацюковай «Сула. Непарыўнае». Маштабныя фатаграфіі раскажуць пра традыцыйнае вясновае свята-абрад «Пахаванне стралы (сулы)», яго дасюль захоўваюць у вёсках Веткаўскага раёна Гомельшчыны.

Ужо з 12 гадзін дня пачне сваю працу кірмаш «Вечаровы яблычак» з майстар-класамі па хадулях, танцах, ігры на барабанах. Увечары гасцей музея чакаюць светлавое шоу і канцэртная праграма.

Кошт квіткоў (агульны для двух музеяў): 175 тысяч рублёў — дарослым, 135 тысяч — студэнтам, школьнікам — 120 тысяч рублёў. Уваход у дворык музея бясплатны. Папярэдняе набыццё (да 17.00) абыдзецца танней: дарослым — 135 тысяч рублёў, студэнтам і школьнікам — 120 тысяч.

У Музеі гісторыі беларускага кіно ноч прой-дзе пад знакам моды. З 18.00 да 24.00 аматары і знаўцы аўтарскага стылю змогуць наведаць выставу ўнікальных упрыгажэнняў, аксесуараў і адзення ручной работы ад майстроў розных краін, паўдзельнічаць у паказах новых дызайнерскіх калекцый, паслухаць лекцыі экспертаў моды, сфатаграфавацца ў «кіношным» абліччы.

Квіткі: 40 тысяч рублёў без лекцыі, з лекцыяй — 60 тысяч.

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрые сакрэты акцёрскай грымёркі, прапануе пагуляць у «Мафію», паглядзець відэазапіс спектакля «Паўлінка» 1982 года з удзелам зорак Купалаўскага і паслухаць рок-канцэрт. 

Час працы: з 18.00 да 23.00. Білеты: 30—40—50 тысяч рублёў у залежнасці ад праграмы. Паказ калекцыі касцюмаў ва ўнутраным дворыку музея — бясплатна.

Гасцёўня Уладзіслава Галубка з 16.00 да 21.00 запрашае ў займальнае падарожжа ў свет настольных гульняў (уваход дарослым — 40 тысяч рублёў, школьнікам — 30 тысяч). А Дом-музей I з`езда РСДРП з 19.00 да 02.00 чакае наведвальнікаў з выставай «ПОСТ.Ноч». Тут прадставяць паштоўкі, канверты, фірменныя бланкі і розныя іншыя цікавыя рэчы, а таксама прапануюць каму ўспомніць, а каму паспрабаваць напісаць ліст з дапамогай ручкі і чарніла. Уваход дарослым — 50 тысяч рублёў, школьнікам — 30 тысяч.

Паміж мінулым і будучым


Ні адна зала ў гэтую ноч у Нацыянальным мастацкім музеі не будзе пуставаць, задзейнічаны ўсе плошчы, нават пераходная галерэя. Але пачнецца акцыя, вядома ж, са знешняй пляцоўкі. Дарэчы, і білеты будуць прадавацца таксама на вуліцы. На працягу чатырох гадзін публіку будуць забаўляць гурты Tomato jam, Chatte Noir, «Разбітае сэрца пацана», а таксама дзіцячы музычны тэатр «Рэвю». А непасрэдна ў будынку кожны знойдзе занятак на свой густ.

Цікавіць еўрапейскае мастацтва? Тады вам на перформанс пад назвай «Ідзі за чалавекам у капелюшы». Больш захапляе Усход? Тады, калі ласка, на медытацыю ў японскім стылі. Марыце пра рэстаўрацыйную майстэрню? Праходзьце бліжэй да старажытнабеларускага мастацтва XVI—XIX стагоддзяў. Вельмі разнастайная праграма ў залах рускага і сучаснага беларускага мастацтва. Галоўная галерэя стане месцам, дзе непасрэдна і адбудзецца дыялог паміж мінулым, сучасным і будучым. Ноч музеяў «Учора + Заўтра» — гэта партал, здольны правесці кожнага праз час і прастору. Гэта падарожжа каштуе 100 тысяч рублёў.

Адноўленыя архітэктурныя каштоўнасці


Іх можна ўбачыць у музеі пад адкрытым небам. Так з некаторых часоў называецца месца ўздоўж праспекта Незалежнасці ў раёне парка Чалюскінцаў. Два вядомыя журналісты і фатографы, лаўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэнне» Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў пакажуць свае мастацкія фотаработы. «Мы хочам прадэманстраваць адраджэнне архітэктурна-гістарычнай спадчыны Беларусі, якая фарміравалася на працягу стагоддзяў, і адлюстраванне беражлівага клопату аб ёй дзяржавы і народа ў наш час», — тлумачаць аўтары праекта. Палацава-паркавыя комплексы, замкі, сядзібы, цэрквы і саборы, ратушы — усяго больш за сотню рэпрадукцый.

Таксама ў гэтым месцы адбудзецца падвя-  дзенне вынікаў мастацкага пленэра «Спадчына Беларусі», удзельнікамі якога былі юныя мастакі, выхаванцы гімназіі-каледжа імя І. Ахрэмчыка. У праграме яшчэ і флэшмоб «Звонавы перазвон».

Скульптурная ноч


Яна пройдзе ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Галоўнай падзеяй стане прэзентацыя праекта трохвымернага мастацтва «Год скульптуры». Больш як пяцьдзясят нашых скульптараў прадставяць свае творы ў вялікай выставачнай зале галерэі і на пляцоўцы пад адкрытым небам. Наведвальнікі пазнаёмяцца з разнастайнымі канцэптуальнымі падыходамі аўтараў, будуць уражаны багаццем тэм і сюжэтаў сучаснай скульптуры, адчуюць характар цёплага дрэва, халоднага металу, спрадвечнай гліны, высакароднага мармуру.

На працягу ночы там будуць працаваць творчыя майстэрні і праходзіць майстар-класы, дзе кожны жадаючы зможа адчуць сябе творцам. Асобная пляцоўка адведзена для калектыўнай творчасці. Па выніках скульптурнай ночы народзіцца новы арт-аб`ект, аўтарамі якога стануць наведвальнікі. А яшчэ памятаеце: «Мора хвалюецца раз, мора хвалюецца два»? У кожнага з вас з`явіцца рэдкая магчымасць ператварыцца ў падатлівую гліну для вялікага скульптара. 

Ну і куды ж без сюрпрызаў? Арганізатары абяцаюць, што адным з такіх будзе зорнае неба, салодкі пачастунак, пеністы напой і ўспамін на ўсё жыццё пра спатканне на даху мастацкай галерэі. Дарэчы, для тых, хто з гітарай, уваход будзе вольны, для астатніх — 50 тысяч.

Рыцары на ўсе часы


Сапраўдны парад рыцараў і воінаў усіх часоў і народаў адбудзецца ў дворыку Археалагічнага музея «Верхні горад». Рымскія легіянеры саступяць месца суровым вікінгам, белыя плашчы тампліераў нагадаюць пра Крыжовыя паходы, за французскімі рыцарамі Стагадовай вайны пройдзе шляхта Вялікага Княства Літоўскага. Вясёлыя гусары напалеонаўскай эпохі, салдаты Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай завершаць начны парад. А за ўсім гэтым урачыстым дзеяннем спакойна будзе назіраць чырванаскуры індзейскі воін. Наведвальнікі музейнай ночы не застануцца простымі гледачамі. Іх чакаюць урокі фехтавання, прымерачны пакой, вясёлыя конкурсы і займальныя гульні ад пана шляхціца. Выступленне каралеўскіх музыкаў, прыдворныя і народныя танцы прымусяць пайсці ў скокі нават самых сур`ёзных гледачоў, бо будуць іграць гурты «Арацэя» і «Дзівабор». Нагадаем адрас музея: вуліца Кірыла і Мяфодзія, 6. Кошт білета — 50 тысяч.

Святло ў акне


Такую назву акцыі далі супрацоўнікі музея Якуба Коласа: «Пры жыцці дзверы дома паэта заўсёды былі гасцінна расчынены для ўсіх добрых людзей. А калі на зямлю апускалася ноч і на мінскіх вуліцах панаваў змрок, у акне кабінета загаралася святло. Гараджане ведалі, што наступаў самы адказны час для творцы, і больш яго не турбавалі».

Гэты рэтрааўтамабіль можна ўбачыць у музеі Якуба Коласа.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

Гэта і ёсць адно з тлумачэнняў, чаму свята ў гэтым месцы пачынаецца так рана — апоўдні. Першае мерапрыемства ў праграме — квэст-гульня «Мінскія адрасы Якуба Коласа», на яе трэба запісацца загадзя. Яе ўдзельнікам прапануецца зірнуць на горад вачамі Якуба Коласа. У час прагулкі можна будзе даведацца, якім быў горад пры жыцці пісьменніка, якія месцы ў Мінску звязаны з яго жыццём і апісаны ў яго творах. Ігракі дзеляцца на каманды. Кожная каманда атрымлівае падказку, як дабрацца да наступнага аб`екта, дзе схавана наступная падказка. І гэтак далей, да апошняй кропкі. У час квэста каманды выконваюць шэраг заданняў: разгадваюць галаваломкі, спаборнічаюць у фотапаляванні. 

Пазней удзельнікі ўбачаць міні-выстаўку рэтрааўтамабіляў 1950-х гадоў, а таксама будуць мець магчымасць пагартаць старонкі дзённіка жыцця народнага паэта, прыпыніўшыся на больш знакавых падзеях. Яшчэ ў праграме паэтычнае падарожжа ў тры розныя эпохі — язычніцтва, Сярэднявечча, Сярэбраны век — і, вядома ж, добрая музыка ў добрай кампаніі на свежым паветры.

svirko@sb.by

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter