ў Мінску пачынаецца міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае…»

Для сэрца і розуму

Сёння ў Мінску пачынаецца міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае…». Яго ўдзельнікам і гасцям накіраваў прывітанне Прэзідэнт. Фестываль ужо на працягу дзесяці гадоў праходзіць у Маскве і французскім Кальмары, прыемна, што і ў нашай краіне прапісаўся надоўга: сёлета маэстра збірае сяброў ужо ў чацвёрты раз.


Атмасфера абяцае быць вельмі цёплай, бо зараз Уладзімір Тэадоравіч будзе сустракаць гасцей разам з жонкай Саці. Прычым яна будзе выступаць не толькі ў якасці музы, але і прадставіць музычна-драматычны спектакль Рамана Вікцюка «Пяшчота», дзе выканае галоўную ролю. У пастаноўцы таксама ўдзельнічаюць піяністка Басінія Шульман і струнны квартэт. «Спектакль «Пяшчота» — тонкае, пранізлівае і абсалютна бескампраміснае даследаванне чалавечай душы, — гаворыць Вікцюк, які абяцае асабіста прысутнічаць на спектаклі. — Саці — надзвычай адораная актрыса. На сцэне яна цалкам пагружаецца ў сваю ролю, усе яе пачуцці шчырыя і сапраўдныя». 

Але адкрываць фестываль даверана іншай даме — Хібле Герзмава, адной з лепшых оперных спявачак сусветнай сцэны, якая валодае сваім асаблівым стылем і манерай выканання. Народная артыстка Расіі і Абхазіі, лаўрэат шматлікіх прэмій і музычных конкурсаў, уладальніца тытула «Залатое сапрана Расіі», салістка Музычнага тэатра ім. Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі выканае самыя вядомыя і любімыя арыі, якім апладзіруюць лепшая залы планеты: ад Ковент Гардэна да Метраполітэн-опера. У праграме прыме ўдзел аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова.

Яшчэ адна зорка фестывалю — народная артыстка Расіі, прыма Марыінскага тэатра Ульяна Лапаткіна з праграмай «Танга гала». Яна з`яўляецца адной з самых запатрабаваных балерын у свеце і ўладальніцай шматлікіх тытулаў. Яе манера выканання танца адрозніваецца асаблівай мінімалістычнай высакароднасцю. Нароўні з зачаравальнай пластыкай прыма-балерына дэманструе па-мужчынску цвёрды, нават часам агрэсіўны стыль танца. Танга яна падае так, быццам у яе жылах цячэ гарачая аргентынская кроў. Крытыкі лічаць балерыну феноменам, геніем і заслужана называюць «боскай». 

18 лютага на сцэне Магілёўскай абласной філармоніі Уладзімір Співакоў прадставіць сваю праграму «Час Баха». У гэтым незвычайным канцэрце маэстра не дырыжыруе аркестрам, а віртуозна саліруе на скрыпцы. Кантаты і месы нямецкага генія XVIII стагоддзя Іагана Себасцьяна Баха ў праграме выконваюцца аўтэнтычна: пад акампанемент дзвюх скрыпак, віяланчэлі і клавесіна. На адной сцэне з маэстра выступяць салісты Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі.

Закрываць фестываль даручана знакамітаму віяланчэлісту Мішу Майскаму. Ён адзіны ў свеце вучань адразу двух найвялікшых музыкантаў дваццатага стагоддзя — Мсціслава Растраповіча і Рыгора Пяцігорскага. Галоўнымі ўрокамі, атрыманымі ад іх, Майскі лічыць не прыёмы гульні на віяланчэлі, а тое, што кожны інструмент — гэта толькі сродак, які дапамагае музыкантам дасягнуць галоўнай мэты — выразнай музыкі. Менавіта гэта віртуозны віяланчэліст дэманструе на сваіх выступленнях. Майстар вялікага струнна-смычковага інструмента з нязмушанай лёгкасцю ва ўласным рэпертуары спалучае творы класічных кампазітараў і мелодыі сучасных аўтараў. У канцэрце, які адбудзецца 21 лютага, прыме ўдзел Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр. 

— Праграма фестывалю ў Беларусі ўключае ў сябе ўсю разнастайнасць імёнаў, стыляў і жанраў, якія мне ўдаецца сабраць разам з перыядычнасцю раз у два гады, — гаворыць маэстра. — На канцэртах вы адкрыеце для сябе новыя прозвішчы, атрымаеце асалоду ад сустрэч з сусветна вядомымі музыкантамі. Абяцаю ні з чым не параўнальнае падсілкаванне для сэрца і розуму!

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter