Для мяне беларуская — у прамым сэнсе матчына мова

Андрусь Такінданг — пра пацеры, трасянку і зварот самапавагі

Андрусь Такінданг — пра пацеры, трасянку і вяртанне самапавагі

Вось ужо гадоў з пяць два разы на ты-дзень у ранішнім эфіры тэлеканала АНТ выходзяць невялікія сюжэты, прысвечаныя вывучэнню беларускай мовы. Увагу тэлегледачоў яны прыцягваюць нязменна. Па-першае, у праграмы вельмі запамінальны вядучы — Андрусь ТАКІНДАНГ, музыкант, паэт і мастак. Па-другое, прыемна здзіўляе і лашчыць слых яго чыстая, мяккая і меладычная беларуская гаворка.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы карэспандэнт «Р» заві-тала да тэлевядучага.

— Спадар Андрусь, чым прываблівае вас, чалавека творчага ў розных накірунках, удзел у праграме менавіта пра беларускую мову?

— Перш за ўсё тым, што ў працэсе яе падрыхтоўкі я і сам даведваюся многа новага пра паходжанне некаторых беларускіх слоў. Мы ж карыстаемся мовай і часцей за ўсё не задумваемся, чаму менавіта так гучыць тое ці іншае слова, адкуль яно прыйшло. А тут ёсць магчымасць даведацца пра гэта больш. Разам з тым важная і тая каманда, калектыў, які стварае праграму. Мне пашчасціла супрацоўнічаць з вельмі разумнымі і цікавымі людзьмі, і я раблю гэта з вялікім задавальненнем.

— А падзяліцеся, якое слова адкрылі для сябе з асаблівым здзіўленнем?

— Напрыклад, слова «пацеры», «пацеркі» — гэта і каралі ў дзяўчат, і ружанец, па-руску «чётки». Хаця па гучанні слова беларускае, паходзіць яно з касцёльнага лацінскага звароту «Ойча наш!» («Pater Noster!»).

— А ці адчуваеце зваротную сувязь з тымі, хто глядзіць вашу праграму?

— Вядома. Тэлебачанне ж разлічана на масавага гледача. Таму людзі адгукаюцца, бывае, падыходзяць на вуліцы, дзякуюць. Прызнацца, раней я думаў, што размовы пра беларускую мову сябе даўно вычарпалі. Але, аказваецца тэма актуальная, цікавасць у людзей ёсць і жаданне чуць беларускую мову таксама.

— Тым не менш вельмі многія беларусы зусім не маюць жадання хаця б паспрабаваць адчуць яе сваёй, роднай, нават пагарджаюць ёю...

— На жаль, гістарычна склалася так, што шмат цярпеў беларускі народ, то былі часы апалячвання, то русіфікацыі — ад гэтага нашай гісторыі нікуды не падзецца. Вядома, гэта негатыўна адбівалася і на стаўленні да беларускай мовы. Каб працягваць трымацца свайго, патрэбны характар, моцны падмурак, хрыбет. А гэта заўсёды цяжэй — ісці супраць плыні, калі цябе ўшчамляюць альбо ствараюць імідж тваёй зямлі як нейкай нягеглай. Напэўна, праблема мовы — гэта нейкі знак больш глыбокай праблемы: самаадчування чалавека, павагі да самога сябе.

— Вы нарадзіліся ў Мінску, дзе беларуская мова, на жаль, гучыць зусім нячаста. Калі і чаму пачалі размаўляць па-беларуску?

— Бацька ў мяне з Рэспублікі Чад, а маці — беларуска, па-беларуску размаўляла і размаўляе. Таму для мяне беларуская — у прамым сэнсе матчына мова. Акрамя таго, я вучыўся ў каледжы мастацтваў імя І. Ахрэмчыка, у народзе яго называюць Парнатам, дзе былі беларускамоўныя выкладчыкі. Паўплывала і тое, што пэўны час я жыў у вёсцы, з першага па пяты клас хадзіў там у школу. 

— А з якога часу Андрэй стаў Андрусём?

— Гэта адбылося ў каледжы мастацтваў. Андрусём мяне зрабілі мае аднакурснікі. З таго часу імя прыжылося.

— Беларускай мовай вы карыстаецеся штодня, у побыце. Як рэагуюць людзі?

— У цэлым стаўленне пазітыўнае. Ёсць тыя, хто ў адказ таксама пераходзіць на беларускую. Але зразумела, што працы яшчэ шмат, калі мы жадаем, каб беларуская мова была прадстаўлена больш шырока ў нашым паўсядзённым жыцці. Трэба і больш яе папулярызаваць, і больш зацікаўліваць людзей. Што да непаразуменняў, якія здараюцца, то, калі параўноўваць з пазітыўнай рэакцыяй, іх значна менш.

— Калі ў краме не разумеюць, што вы хочаце купіць, напрыклад, шкарпэткі, як будзеце выходзіць з сітуацыі?

— Мне няцяжка перайсці на рускую мову, нічога супраць яе не маю. Наогул, можна скарыстаць і мову рухаў — проста паказаць на тыя ж шкарпэткі. А ў прынцыпе падобная сітуацыя — гэта навука, чалавек жа пра новае слова даведаецца.

— У айчынных лінгвістаў ёсць меркаванне: маўляў, трасянка — гэта паўнапраўнае адгалінаванне беларускай мовы, якое спрыяе пашырэнню яе ўжытку. Што думаеце на гэты конт?

— Цяжка сказаць. Трасянка ёсць, ігнараваць яе — марная справа. У кагосьці яна з-за недахопу адукацыі, недасканаласці валодання рускай або беларускай мовай. Хтосьці ўжывае трасянку ў пэўных сітуацыях, каб проста пакпіць, паіранізаваць. Ёсць нават шэраг музычных калектываў, якія будуюць сваю творчасць на трасянкамоўнай культуры. Таму я прымаю яе існаванне як факт. Але, на мой погляд, трэба адрозніваць трасянку ад дыялектных гаворак. Дыялекты былі заўсёды, і гэта наша моўнае багацце. Трасянка ж, хутчэй, моўная іронія.

— Як пачаць размаўляць па-беларуску? Што параіце?

— Ёсць розныя шляхі. Напрыклад, шмат хто з маіх знаёмых, якія ў побыце карыстаюцца рускай мовай, у другім жыцці, у сетцы, карыстаюцца беларускай. Атрымліваецца, беларуская мова набывае статус элітарнай у пэўным сэнсе. Вядома, трэба шукаць асяродкі. У Мінску, прынамсі, існуюць ажно два масавыя курсы, людзі проста збіраюцца і гавораць па-беларуску. Што яшчэ? Наведвайце беларускія канцэрты, чытайце прэсу, беларускія кнігі, нарэшце, — у іх жа сапраўднае багацце роднай мовы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter