Для Міёраў будоўля веку

Як уласная белая бляха зменіць жыццё правінцыйнага раёна

Пачнем з таго, чым тады завяршылі «Пісьмы з Міёрскага раёна». А  менавіта з будаўнічай пляцоўкі, якую рыхтавалі  работнікі мясцовай ПМС. Знаходзіцца яна не ў саміх Міёрах, а  за пару кіламетраў. Падаліся мы туды на бартавым «УАЗе»  галоўнага механіка Міёрскай ПМС Леаніда Шокеля, бо пасля няспынных дажджоў на іншым легкавым транспарце  не дабрацца. Праўда, гэта — часовая з’ява. Хутка «Віцебскаблдарбуд» пракладзе тут добрую аўтамабільную дарогу.

У пачатку пляцоўкі, як і тады, стаяў вагончык, а вось тэхніка маячыла далёка, ажно на другім канцы, пад лесам.

— Заканчваем, — патлумачыў Леанід, — знялі і вывезлі 78 тысяч кубічных метраў расліннага грунту з усіх 40 гектараў, што вызначаны пад будоўлю.

Апошнія рэйсы з зямлёй рабілі  вадзіцелі «МАЗаў» Станіслаў Кісель, Вячаслаў Пазняк, Сяргей Маркевіч.  На пагрузчыку  «Амкадор» завіхаўся Віктар Сташулёнак:

— Загружаю ў дзень ад 600 да 800 тон грунту, — расказаў ён. — Цяпер  нармальна, а вось зімой цяжкавата. Было складана завесці тэхніку, якую тут пакідалі. Умёрзшую зямлю разбівалі, рыхлілі, але работы не спынялі.

Трэба сапраўды аддаць належнае меліяратарам і кіраўніку іх арганізацыі Уладзіміру Ніка- лаёнку, якія, нягледзячы на складанасць работы ў зімовых умовах, справіліся ў тэрмін і падрыхтавалі да здачы аб’ект заказчыку.

Даручана ж весці саму будоўлю завода   ТАА «ММПЗ-групп», дырэктарам якога вызначаны Сяргей Чабуранаў. З ім мы сустрэліся ў райвыканкаме і набылі апошнюю інфармацыю.

Выявілася, што аб’яўлены тэндар, хто будзе непасрэдна ўзводзіць завод. Жаданне выказалі  літоўцы і палякі, але, па ўсёй верагоднасці, круг гэты пашырыцца. Ва ўсялякім разе аб’ектам ужо зацікавіліся і расіяне. Актыўныя работы па будаўніцтву адміністратыўнага будынка  пачнуцца ў пачатку верасня. А ўжо ў пачатку ліпеня ў саміх Міёрах для работнікаў будучага завода будзе закладзены фундамент першага двухпавярховага  васьмікватэрнага дома з дзесяці запланаваных такога тыпу.

Тэхналагічнае  абсталяванне для прадпрыемства паставіць вядомая на ўвесь свет нямецкая  кампанія  SMS Siemag. Трэба зазначыць, што падобнай аснасткі, якую будзе мець Міёрскі металургічны пракатны завод, няма на ўсёй прасторы СНД. Прадпрыемства будзе  вырабляць да 150 тысяч тон белай бляхі ў год рознай таўшчыні. Патрэба ўнутры Беларусі — 30 тысяч тон. Астатняе пойдзе на экспарт.

Працаваць на заводзе будуць 550 чалавек. Акрамя рабочых, спатрэбяцца і спецыялісты высокага класа. Ёсць жадаючыя пераехаць  з металургічных заводаў Казахстана і Расіі, а таксама папярэдняя дамоўленасць з Магнітагорскім металургічным камбінатам, які мае сваю ВНУ, аб прадастаўленні ў ім  4—5 месцаў міёрцам.

Ад 9 чэрвеня 2014 года выйшаў  Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 271  аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ў мэтах стварэння імпартазамяшчальнага і экспартна арыентаванага прадпрыемства металічнага ліста і белай бляхі ў Віцебскай вобласці. У ім, у прыватнасці, сказана, што  сеткі  электра-, газа- і  водазабеспячэння і электрасувязі  павінны быць уведзены ў строй адпаведнымі прадпрыемствамі вобласці да 1 студзеня 2016 года, камунікацыі  чыгуначнага транспарту — да 1 ліпеня 2016 года, а сам завод цалкам здадзены ў эксплуатацыю да 1 студзеня 2020 года.

Старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў лічыць, што рэальна справіцца нават раней. Першы этап будаўніцтва — узвядзенне адміністрацыйнага будынка  і 6 вытворчых — павінен закончыцца ўжо да канца 2015 года.

Што дасць новае прадпрыемства  раёну і ў цэлым рэспубліцы? З Міёрскага раёна будуць задзейнічаны ў будаўніцтве, як гэта ўжо сталася з ПМС, розныя арганізацыі і прадпрыемствы. Вернуцца дадому міёрцы, якія падаліся за «доўгім рублём» у Расію, бо зарплата на будучым прадпрыемстве будзе не меншая. Зменяцца сам райцэнтр і жыццё яго жыхароў.  Валаўтваральнае прадпрыемства, як падкрэсліў Ігар Кузняцоў, пацягне за сабой цэлы сацыяльны шлейф: школы, дзіцячыя  сады, ахову здароўя, жыллё, дарогі, гандаль.

Калі ж гаварыць пра краіну, то сёння мы цалкам імпартуем белую бляху. Напрыклад, Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат, як інфармавала намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы Вольга Кулакоўская,  закупляе яе да двух тысяч тон у год. Улічваючы, што адна тона каштуе ад паўтары да двух тысяч долараў, можна палічыць, якая астранамічная лічба атрымліваецца. У кошце банкі згушчонкі і канцэнтраванага малака ўдзельная цана бляхі займае ад 12 да 17 працэнтаў. А гэта ў канчатковым выніку сказваецца на канкурэнтаздольнасці прадукцыі.

І на заканчэнне нельга не ўпамянуць аб адной, здавалася б, невялікай, але важнай дэталі. Узамен забраных 40 гектараў сельгасугоддзяў пад будаўніцтва завода яго дырэкцыя  верне такую ж плошчу ў іншым месцы, для чаго заключаны дагавор з той жа Міёрскай ПМС. Ужо высечаны кусты і праведзена раскарчоўка на першых 12 гектарах няўдобіц.

P.S. «СГ» працягвае сваё інфармацыйнае шэфства над знакавай для віцебскай глыбінкі будоўляй.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter