Для княжацкай спальні

У музеі «Нясвіж» выставяць радзівілаўскі спальны гарнітур

Радзівілаўская мэбля вяртаецца ў Нясвіжскі палац

У музеі-запаведніку «Нясвіж» 12 снежня адкрыецца выстаўка ўнікальнага музейнага здабытку — радзівілаўскага спальнага гарнітура. Камплект мэблі ў стылі Людовіка XVI быў выраблены для князя Канстанціна Радзівіла ў XIX стагоддзі. Наведвальнікі змогуць дэталёва пазнаёміцца з кожным з 15 прадметаў арыгінальнага гарнітура.

Як паведамілі ў музеі, з 2007 года праводзілася аб’ёмная праца па пошуку і набыцці экспанатаў для ўзнаўлення апартаментаў княгіні ў палацавым ансамблі. У выніку на нью-йоркскім аўкцыёне «Sotheby’s» быў знойдзены гэты спальны гарнітур.

Доўгі час камплект знаходзіўся на віле дэ Дзюн у Канах, якая належала князю Канстанціну Радзівілу. Мэбля, выкананая ў стылі праванс у апошняй чвэрці XIX стагоддзя, дэкарыравана адмысловымі разьбой і роспісам. Асобныя рэчы вянчае фамільны герб Радзівілаў. Вялікія памеры гарнітура тлумачацца тым, што ён быў разлічаны на выкарыстанне ў двух пакоях. Хутчэй за ўсё, мэблю можна падзяліць на два экспазіцыйныя комплексы — гэта спальня і малая сталовая зала.

Князь Канстанцін Радзівіл — прадстаўнік галіны роду на Шыдлоўцы і Паланечцы, з’яўляецца нашчадкам першага нясвіжскага ардыната Мікалая Крыштофа Радзівіла «Cіроткі» ў сёмым калене. Ажаніўся з Луізай Бланк, дачкой Франсуа Бланка — заснавальніка казіно ў Манака і, пазней, знакамітага Монтэ-Карла. Як сведчаць сучаснікі, нягледзячы на сваю папулярнасць сярод парыжскага грамадства, Канстанцін Радзівіл не губляў сувязей з радзімай. Так, у 1914 годзе князь сустракаўся ў Парыжы з Антоніем Альбрэхтам Радзівілам і яго жонкай Марыяй дэ Кастэлян. У гэтым жа годзе ён наведваў родных у Нясвіжы і Паланечцы.

Мяркуецца, што да лютага гарнітур будзе экспанавацца ў выставачнай зале Нясвіжскага палаца, пасля чаго 15 прадметаў княжацкай мэблі размесцяцца ў яго інтэр’ерах. Уваход на выстаўку вольны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...
Новости