У Міёрскім раёне закончана рэканструкцыя дзіцячага санаторыя «Расінка»

Для дзетвары не бывае даўгабудаў

Своеасаблiвы падарунак паднеслі дзецям у пераднавагоднія дні ў Міёрскім раёне. Тут закончана рэканструкцыя добра вядомага ў краіне дзіцячага санаторыя «Расінка».


Гэты куточак адпачынку дзетвары змяніўся непазнавальна. Але, бадай, галоўным з’яўляецца адкрыццё новага аддзялення «Маці і дзіця» на 24 пакоі, у якім ёсць дзіцячы гульнявы пакой і нават касметычны кабінет. Аднак самае каштоўнае тое, што побач будзе, як і дома, самы дарагі чалавек — мама! Аб гэтым асабліва падкрэслівае дырэктар санаторыя Іван Паплаўскі.

Рэканструкцыя санаторыя абышлася дзяржаве ў сем мільярдаў рублёў. Гэта — даўгабуд, які зацягнуўся ажно на дзевяць гадоў. І толькі дзякуючы ўмяшанню старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца і асабістаму шэфству над аб’ектам старшыні Міёрскага райвыканкама Ігара Кузняцова справа была завершана.

Добра пашчыравалі на аб’екце Міёрская і Язненская ПМС, іншыя арганізацыі. Увогуле ж у раёне ў апошнія гады шмат робіцца для аздараўлення як дзяцей, так і дарослых. У мінулым годзе карэнным чынам рэканструявана дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы. З’явіўся фізіятэраўпеўтычны кабінет, вялікі гульнявы пакой. Замест палат на 9 месцаў зрабілі на два.


Працягваецца будаўніцтва новай цэнтральнай раённай бальніцы. У сакавіку наступнага года ў Дзісне будзе адкрыта бальніца сястрынскага догляду.

На мяжы з Полацкім раёнам на гэтым тыдні адчыніць дзверы прыдарожнае кафэ. Узвядзенне яшчэ аднаго — пачата.

— Аздараўленне насельніцтва, і асабліва дзяцей, з’яўляецца прыярытэтным у палітыцы дзяржавы, — сказаў дырэктар рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі. — Толькі сёлета Цэнтру было выдзелена 1,3 трыльёна рублёў, з іх 80 працэнтаў — на дзяцей. Рознымі відамі аздараўлення было ахоплена 700 тысяч дзяцей. Пуцёўка, якая каштуе дзяржаве звыш 6 мільёнаў рублёў, для дзіцяці бясплатная. 


Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter