Для дам і кавалераў

У Мірскім замку ўпершыню пройдуць стылізаваныя калядныя балі

У Мірскім замку ўпершыню пройдуць стылізаваныя калядныя балі.

На касцюміраваных балях у інтэр’ерах XVII стагоддзя можна будзе пабываць 4, 5-га і 6 студзеня, паведамляе БЕЛТА.

Так, 4 студзеня ў Партрэтнай зале адбудзецца сапраўдны венскі баль са 120-гадовымі традыцыямі. Тут будзе гучаць жывая інструментальная музыка, неапалітанскія напевы, выступяць оперныя спевакі, гасцей чакаюць свецкія гульні, танцавальная праграма з вальсам і паланэзам.

А 5 студзеня ў Сталовай зале адкрыецца свецкі рэтрасалон — такі ж, які праводзіўся ў 20—30-я гады ХХ стагоддзя князямі Святаполк-Мірскімі. У салоне будуць прадстаўлены ўсе атрыбуты таго часу: нямое кіно, свінг, джаз і інш.

Баль для маленькіх дам і кавалераў адбудзецца ў замку 6 студзеня. Спецыяльна для дзяцей ад 6 да 14 гадоў будуць арганізаваны нечаканыя калядныя прыгоды з віншаваннямі ад Дзеда Мароза і Снягуркі.

Як падкрэсліваюць у дырэкцыі музейнага замкавага комплексу, традыцыя правядзення баляў у Міры невыпадковая. У замку, які быў уласнасцю княжацкіх родаў Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх, даваліся шыкоўныя прыёмы, балі былі неад’емнай часткай свецкага жыцця князёў.

Як паведамілі ў музеі, да ўдзельнікаў “сучасных” баляў прад’яўляюцца мінімальныя патрабаванні: абутак на змену без абцасаў, вячэрнія сукенкі для жанчын, касцюмы для мужчын.

Замкавы комплекс у г.п. Мір займае 26 га, музей адкрыты пасля рэканструкцыі ў снежні 2010 года. У яго структуру, акрамя Мірскага замка і пахавальні, уваходзяць італьянскі рэнесансны сад, англійскі парк і сажалка. Гэта ўнікальны помнік архітэктуры, у канструкцыі і дэкаратыўным убранні якога прасочваюцца элементы еўрапейскіх стыляў: готыкі, рэнесансу і барока. Мірскі замак уключаны ў 2000 годзе ў Спіс аб’ектаў Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Са студзеня па жнівень мінулага года музей наведалі 190 тыс. чалавек — на 55 тыс. чалавек больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter