Директор Толочинского унитарного предприятия "Ридомльский" Вадим Иванов: "К хозяйственному риску всегда основательно готовлюсь"

Вырас Вадзім у горадзе. Бацькі працавалі на прамысловых прадпрыемствах індустрыяльнай Оршы. Здзіўленнем для іх было рашэнне сына паступаць вучыцца ў Смальянскі сельгастэхнікум. Паспяхова здаў уступныя экзамены і быў залічаны ў навучэнцы. Штораніцы рэйсавым аўтобусам ездзіў з дому за 30 кіламетраў на вучобу. Юнака захапіла аграномія. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў навучэнцы на доследных дзялянках ладзілі вопыты па вырошчванні сельгаскультур, даглядалі плодагадавальнік.


З дыпломам агранома Вадзіма Іванова накіравалі ў талачынскае УКСП «Рыдамльскі». Прыехаў у самы разгар жніва. Тэхніка працавала і на сенажацях. Маладому спецыялісту даручылі кантраляваць тэхналогію закладкі сенажу. Увечары з апошнім трактарам пакідаў запоўненыя зялёнай масай траншэі. На ранішніх нарадах дакладваў кіраўніку Васілю Хадневічу пра ход нарыхтоўкі кармоў.

Два гады таму Вадзім Валер’евіч узначаліў УКСП «Рыдамльскі». Сельгаспрадпрыемства ўваходзіць у інтэграцыйную структуру, створаную на базе ААТ «Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў». Яму дасталася незайздросная спадчына: значная фінансавая запазычанасць, слабая матэрыяльная база. Мехдвор і жывёлагадоўчыя фермы патрабавалі навядзення парадку. З падтрымкай раённага кіраўніцтва да пачатку палявых работ хуткімі тэмпамі паставілі на лінейку гатоўнасці сельгасмашыны і агрэгаты. Аператыўна правялі веснавую сяўбу. За два мінулыя гады валавая вытворчасць збожжа вырасла ў паўтара разы. Значна палепшыліся справы на фермах. Летась на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы назапасілі амаль па 45 цэнтнераў кормаадзінак. Гадавы прырост надояў на кожную з 1240 кароў перавысіў 300 кілаграмаў. Штодзённа 11 тон малака гаспадарка пастаўляе ў філіял «Талачынскія сыры» ААТ «Віцебскі мясакамбінат».

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Вадзім ІВАНОЎ удзельнічаў у VІ Усебеларускім народным сходзе.

— Вадзім Валер’евіч, жыццё кожнага з нас напоўнена падзеямі. Сярод іх, напэўна, нямала і прыемных? Давайце пачнём размову менавіта з гэтага.

— Адна з яркіх апошніх па­дзей — удзел у складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці ў рабоце VІ Усебеларускага народнага сходу. Кранулі словы Прэзідэнта пра малую радзіму, невялікія вёскі, пра тое, што важна, каб моладзь вярталася ў іх, працавала на карысць роднага краю. Сваімі ўражаннямі пра сход і зараз дзялюся з землякамі, але гэтага мала — нам таксама трэба значна прыбаўляць у працы, каб дасягнуць намечаных народным сходам рубяжоў. Тут ёсць шмат рэзерваў.

Якія яшчэ падзеі важныя для мяне і калектыву? Прыгадваецца, як мінулай восенню з механізатарам Мікалаем Мядзенцам прадстаўлялі гаспадарку на абласным свяце «Дажынкі» ў Віцебску. Пачэсна было атрымліваць ганаровыя граматы з рук старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Андрэйчанкі. Такое не забываецца. Прыемна адчуваць сябе сярод лепшых хлебаробаў вобласці. Па вале збожжа сярод сямнаццаці гаспадарак Талачынскага раёна ўступілі толькі РУП «Талачынскі кансервавы завод», а па нарыхтоўцы кармоў на другім месцы. Гаспадарка паступова набірае тэмп. Жывёлаводы настроены пераадолець пяцітысячны рубеж па надоях малака. Летась механізатары намалацілі 8300 тон зерня, а сёлета плануем сабраць не меней 10 000. Намагаемся здзейсніць задуманае.

— А першыя крокі ў гаспадарцы былі якія?

— З першых дзён адчуў сваю запатрабаванасць. Працоўны рытм не дазваляў расслабляцца. Вырашыў далей вучыцца. Паступіў на завочнае аддзяленне аграфака Белдзяржсельгасакадэміі. Пасля атрыманай у тэхнікуме базы ведаў і практычнай дзейнасці лёгка здаваў залікі і экзамены. Перад абаронай дыпломнага праекта ўзначаліў агранамічную службу гаспадаркі. Талачынскія суглінкі патрабуюць якаснай апрацоўкі, паўнацэннай запраўкі мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі. Ведаў, што хлебаробы суседняга былога калгаса імя Леніна, якім шмат гадоў паспяхова кіравала Герой Сацыялістычнай Працы Лідзія Андрэеўна Навумава, атрымлівалі з кожнага гектара збожжавых у два разы больш. Калі ўзначаліў сельгас­прадпрыемства, рызыкнуў зрабіць стаўку на азімыя збожжавыя.

— Так неразважліва…

— Без рызыкі нецікава жыць. Скажу шчыра: да прыняцця рашэння аб пашырэнні збожжавага кліна грунтоўна рыхтаваўся. Параіўся з галоўнымі спецыялістамі. І рызыка апраўдала сябе. З кожнага гектара азімых атрымалі амаль па 30 цэнтнераў зерня. Поспех садзейнічае мужнаму. Сваім ураджаем поўнасцю забяспечылі грамадскі статак канцэнтратамі. Сталі расці надоі. Ад рэалізацыі малака адчувальна папоўнілася казна. За выручаныя сродкі набылі бартавы грузавік, МТЗ-82, культыватар, прэс-падборшчык, два КУНы, 15-мятровую барану і іншыя агрэгаты.

Падтрымала нас кіраўніцтва Аршанскай інтэграцыйнай структуры і выдзеліла тры новыя мінскія трактары. Дзякуючы папаўненню мінулай восенню ў сціслыя тэрміны справіліся з сяўбой азімых збожжавых і рапсу. Прычым на 600 гектараў больш звычайнага пасеялі пшаніцы і жыта гібрыдных сартоў. З галоўным аграномам Алегам Шастаковым пасля зімоўкі агледзелі рунь. Яна ў добрым стане. Крыху падсохне глеба, і пачнём падкормку мінеральнымі ўгнаеннямі. Спадзяюся, зямля не застанецца ў даўгу.

— Вадзім Валер’евіч, і ўсё ж асноўны прыбытак у гаспадарцы дае жывёлагадоўля. Як справы ў гэтай галіне?

— Валавая вытворчасць малака і ялавічыны значна вырасла. Але мяне хвалюе кадравае папаўненне жывёлаводаў. Моладзь чамусьці ігнаруе гэты занятак, а дарма. У нас на кожнай з трох малочна-таварных ферм створаны спрыяльныя ўмовы працы. І заробкі прыстойныя.

Слаба папаўняецца моладдзю і калектыў механізатараў. На веснавым полі плануем арганізаваць двухзменную работу на агрэгатах па апрацоўцы і падрыхтоўцы глебы да сяўбы. На сеялках экіпажы будуць у полі ад святла да святла. Нядаўна сустракаўся з вучнямі Кастрычніцкай базавай школы, што ў аграгарадку Серкавіцы. Выпускнікі могуць паступаць вучыцца ў сельгасліцэі і каледжы па мэтавым накіраванні ад гаспадаркі. Падчас гэтай сустрэчы жаданне вывучыцца на механізатараў выказалі дзевяцікласнікі Іван Міцкевіч і Кірыл Крыўчына. Дадаткова будзем ім выплачваць стыпендыю. Пасля заканчэння вучобы яны вярнуцца ў калектыў. Шкада толькі, што адзіную базавую школу пасля завяршэння вучэбнага года плануюць закрыць. Навучэнцаў будуць вазіць на заняткі ў Талачын. Адмоўна гэта паўплывае і на аграгарадок Серкавіцы.

— Трэці год самастойна ўзначальваеце калектыў. Якім вы ўяўляеце сучаснага кіраўніка сельгаспрадпрыемства?

— Справядлівым, адукаваным, акуратным ва ўсім — ад адзення да паводзін, прыкладам для іншых. Вопыт кіравання прыходзіць з гадамі, а тэарэтычныя веды трэба пастаянна абнаўляць. Цудоўна, што на базе аграрных вышэйшых навучальных устаноў наладжана павышэнне кваліфікацыі. Шмат новых ведаў далі мне курсы ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі БДАТУ.

— Кіраваць калектывам — справа адказная. Ці склаўся ў вас касцяк аднадумцаў?

— Паступова фарміруецца атрад галоўных спецыялістаў. Шмат гадоў загадвае машынным дваром Валерый Марцынкевіч. Інжынернай службай кіруе выпускнік сталічнага агратэхуніверсітэта Дзмітрый Бачун. Цудоўным спецыялістам у жывёлагадоўлі зарэкамендавала сябе Хрысціна Хастратава. Галоўны аграном Алег Шастакоў скончыў аграфак у Горках. Эканамічную службу ўзначальвае Ангеліна Леанідаўна Іванова. Гэта мая жонка, мы пазнаёміліся, калі яна прыехала па размеркаванні працаваць эканамістам у гаспадарку. Атрымалі катэдж. Падрастае дачка Аліна.

— Хто ваш галоўны настаўнік?

— У асноўным — жыццё. А што тычыцца людзей, то шмат карыснага пераняў у былога дырэктара гаспадаркі Васіля Аляксеевіча Хадневіча.

— Якую рысу характару ў сабе хацелі б перайначыць?

— Пэўна, ад бацькоў у мяне мяккі характар. Больш бы цвёрдасці. Жыву ў асноўным сэрцам. Не трымаю доўга зла. Бывае, павышу голас на падначаленага, а потым цяжка супакоіцца. Многія кажуць: кіраўнік павінен быць справядліва жорсткім. Праца на зямлі нялёгкая, а заробкі не надта вялікія. Калі не вырашыцца пытанне з аплатай, хто будзе на палях і фермах працаваць? Вёскі Віцебшчыны пусцеюць на вачах. Зацікавіць людзей можна толькі рублём. Каб было адкуль браць грошы на аплату, патрэбен парытэт цэн на прадукцыю. Шмат пра гэта гаворыцца на розных узроўнях. У гэта ўсё ўпіраецца. Мы вышукваем варыянты, каб павышаліся заробкі ў калектыве. Працавітых і старанных больш паважаю і падтрымліваю. Сэрца падказвае жыць з Богам у душы. На тэрыторыі гаспадаркі ў вёсцы Манастыр на месцы былой святыні, ад якой засталася паўразбураная сцяна, адроджаны мужчынскі манастыр. Пры ім невялікая гаспадарка. Выдзелілі манахам 5 гектараў поля. Дапамагаем тэхнікай апрацоўваць зямлю, забяспечваем сенам жывёлу, выдзяляем матэрыялы для ўпарадкавання крыніц, што цурчаць побач з манастырскім Свята-Троіцкім храмам.

— Калі выдаецца вольны час, як бавіце яго?

— З задавальненнем у вольны час распальваю дровамі кацёл у лазні. Збудаваў яе на падворку. Калі сябры прыязджаюць, а іх у мяне шмат, частую моцным парам. Наведваюць нас бацькі. Асабліва ім падабаецца тут летам. Наш аграгарадок Серкавіцы ўтульны, цудоўна ўладкаваны. У магазінах багаты выбар харчовых тавараў. Пабудавана шмат жылля для нашых працаўнікоў. Аграгарадок з усіх бакоў акружаюць палеткі, сенажаці. Вясною на вачах ажывае наваколле. Люблю летнім золкам выехаць у поле, калі там пануе незвычайная цішыня і над каласамі казачна-мройныя аблокі. А як прыгожа красуюць канюшына ці рапс!

— Які час года любіце?

— Па прыгажосці вясне няма роўных. У сяўбу з раніцы да вечара ў полі. Кранае душу свежаўзараная ралля. Мы аднымі з першых на Віцебшчыне звычайна выходзім вясною ў поле.

— Дзякуй, Вадзім Валер’евіч, за адкрытасць і шчырасць у нашай размове!


Талачынскі раён

Фота аўтара

 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter