Дэстабілізацыя

Няспынны ланцужок трагічных падзей... Масавыя тэракты ў розных кутках планеты неўзабаве сталі звычайным трэндам у блоках навін сусветных масмедыя
Няспынны ланцужок трагічных падзей... Масавыя тэракты ў розных кутках планеты неўзабаве сталі звычайным трэндам у блоках навін сусветных масмедыя. Да гэтай інфармацыі, на жаль, прызвычаіліся. Так, колькасць ахвяр пасля нападу баевікоў на ўніверсітэцкі кампус пакістанскага Чарсада, дзе ў той час знаходзілася каля трох тысяч студэнтаў, узрасла да 21-й. Крыху раней у гэтай жа краіне тэрарыст-смяротнік знішчыў блок-пост паліцыі: 11 чалавек загінулі, 20 параненыя. Днямі з захопленага джыхадзістамі гатэля ў Буркіна-Фасо спецназ вызваліў больш чым 126 заложнікаў. Паведамляецца аб 20 загінуўшых і 33  параненых. Зазначым, што ў гэтых, на першы погляд, “мірных” дзяржавах не вядуцца актыўныя баявыя дзеянні з тэрарыстычнымі групоўкамі.

Нягледзячы на тое, што міжнародная кааліцыя на чале са Злучанымі Штатамі і ВКС Расіі працягвае знішчаць баевікоў і іх інфраструктуру ў Сірыі і Іраку, разведка ЗША папярэджвае: тэрарысты плануюць тэрытарыяльны бліцкрыг у суседняй Лівіі.

На фоне гэтых выклікаў на 46-м Сусветным эканамічным форуме ў швейцарскім Давосе распачалі работу самыя выбітныя прадстаўнікі міжнароднай палітычнай і бізнес-эліты. Сярод найбольш вострых тэм саміту: чацвёртая прамысловая рэвалюцыя, вырашэнне міграцыйных праблем, змяненне клімату, кошт энергарэсурсаў і надыход эпохі нізкіх тэмпаў эканамічнага росту. Такіх, што паказала эканоміка КНР за мінулы год.

Міграцыйная хваля пакрысе паглынае збянтэжаны Стары Свет. Кіраўнік Еўрапола Роб Уэйнрайт падлічыў: гадавы даход кантрабандзістаў ад перавозкі нелегалаў у Еўропу склаў ад трох да шасці мільярдаў долараў. Для спынення масавага патоку бежанцаў Нарвегія, Швецыя, Данія, Германія, Францыя, Мальта і Аўстрыя ўвялі памежны кантроль. Каментарый старшыні Еўрасавета Дональда Туска адпаведны: Шэнгенская зона можа спыніць сваё існаванне праз два месяцы, тады ЕС, як палітычны праект, атрымае паразу.

Тым часам Расія мусіць ператварыць Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) ва ўніверсальную міжнародную арганізацыю, здольную супрацьстаяць шырокаму спектру пагроз. Аб гэтым згадваецца ў каментарыі да новай рэдакцыі Стратэгіі нацыянальнай бяспекі Расіі. А вось на міжнароднае становішча нашай краіны, згодна з аналізам вучоных-міжнароднікаў БДУ, паўплывае ўдзел у ЕАЭС, канфлікт Расіі з Захадам і дэстабілізацыя “ісламскай дугі”.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter