Пра што пісала «Сельская газета» 60 гадоў таму

Дэфiцыт ад старшынi сельпо

ГАЛОЎНАЯ тэма тыднёвага камплекту газеты з 23 лютага па 1 сакавіка — выбары ў Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя Саветы народных дэпутатаў. Падзея гэта адбылася ў нядзелю, 27 лютага. «Калгасная праўда» (так у 1955 годзе называлася «Сельская газета») шырока распавядае пра тое, як праходзяць выбары ў глыбінцы.



Цікава, што ўжо ў першай палове дня 27 лютага прагаласавала 70 працэнтаў сельскіх выбаршчыкаў. А самі выбары пачыналіся а шостай гадзіне раніцы. У 10-годдзе Вялікай Перамогі насельніцтва краіны было згуртавана і арыентавана менавіта на дружную працу, бо тое пакаленне зведала спаўна горыч ліхалецця. Таму, мяркуючы па нататках і нарысах, выбары праходзілі ў прыўзнятым настроі усенароднай урачыстасці. Модныя былі ў той час агітгрупы, якія складаліся з сельскай інтэлігенцыі — бібліятэкараў, культработнікаў, камсамольцаў. А балатаваліся ў дэпутаты, як правіла, калгаснікі, якія пакаштавалі салдацкага і партызанскага хлеба. Заставалася толькі апраўдаць крэдыт народнага даверу.

Актуальнай у той час заставалася падрыхтоўка машынна-трактарнага парку да сяўбы. Але «Калгасная праўда» крытыкуе марудны працэс на МТС, механізатары дрэнна спраўляюцца з рамонтам тэхнікі. «З чым выходзіце на вясенне-палявые работы?» — пытаецца карэспандэнт К. Уральскі ў  кіраўніцтва  Полацкага  раёна,  МТС  якога  —  самая   буйная,   але   самая   адсталая на Віцебшчыне. Журналіст знаходзіць бясспрэчныя тармазы ў рабоце машынна-трактарнай станцыі: адсутнасць неабходнага інструмента, запасных частак, непрыстасаванасць кузняў, нізкая працоўная дысцыпліна. Бываюць нават дні, калі ў майстэрнях без уважлівых прычын адсутнічаюць 30—40 чалавек. Амаль палова механізатараў адседжваецца дома. Супрацьлеглая сітуацыя ў Варнянскай МТС Астравецкага і Жуладоцкай МТС Шчучынскага раёнаў (на здымку). Там усталявалі цвёрды парадак: механізатарам своечасова выпісваюцца нарады, выдаюцца неабходныя дэталі і матэрыялы.

Праблему сельскага гандлю ўзнімае на сваіх старонках «Калгасная праўда» 23 лютага. Карэспандэнцыя, заснаваная на вострых сігналах з рэдакцыйнай пошты, разнастайная па геаграфіі — Аршанскі, Ашмянскі, Пухавіцкі, Мсціслаўскі, Талачынскі раёны. Праблема агульная: магазіны беспадстаўна зачыняюцца, тавараў — дэфіцыт. Тое, што можна набыць, прадаецца па спісах, якія размяркоўвае старшыня сельпо. Журналіст Д. Еўзікаў незадаволены і тым, што Саюз спажывецкіх таварыстваў, які аб’ядноўвае дзясяткі тысяч пайшчыкаў, не паляпшае актыўнасць кааперацыі. А неабходна, каб у магазінах былі належныя тавары і крамы працавалі.

З Масквы вярнуліся ўдзельнікі дэкады беларускага мастацтва і літаратуры. У праекце былі задзейнічаны артысты вядучых на той момант тэатраў — Беларускага оперы і балета, драматычных імя Янкі Купалы, імя Якуба Коласа, рускага тэатра; мастакі, кампазітары, пісьменнікі, а таксама калектывы мастацкай самадзейнасці. Усе яны пабылі на прыёме ў Міністэрстве культуры, дзе з творцамі сустрэўся старшыня Савета Міністраў БССР Кірыл Мазураў. За ўдзел у дэкадзе мастацтва і літаратуры Беларусі ў Маскве ордэнамі і медалямі ўзнагародзілі 120 чалавек. Ганаровае званне народнага артыста СССР надалі артыстам Купалаўскага тэатра Уладзіміру Уладамірскаму-Малейку і Лідзіі Ржэцкай, кампазітару, мастацкаму кіраўніку Белдзяржфілармоніі Яўгену Цікоцкаму і мастацкаму кіраўніку Дзяржаўнага хору Рыгору Шырме.

Падшыўкі гартала Таццяна УСКОВА, «СГ»

uskova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter