Падведзены вынікі конкурсу “100 ідэй для Беларусі”

Ідэі трапляюць у дзясятку

Папулярнаму маладзёжнаму праекту чатыры гады. За гэты час з разавай акцыі-прэзентацыі ён вырас да маштабнага спаборніцтва, пераможцы якога атрымліваюць падтрымку ў рэалізацыі задумак.


Летась у адрас экспертнага савета паступіла больш за тысячу новых ідэй, з якіх выбралі сотню лепшых. Аўтараў інавацый запрасілі ў Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭкспа”. Упершыню ўдзельнікі прадстаўлялі распрацоўкі не толькі экспертам, але і шырокай публіцы.

Усе прапановы маладых навукоўцаў, вынаходцаў і рацыяналізатараў заслугоўваюць увагі. Некаторыя — асаблівай. Да прыкладу, малодшыя навуковыя супрацоўнікі Дзяніс Адамчык і Сяргей Саламевіч распрацавалі прэпараты для лячэння раку з дапамогай лакальнай хімія-тэрапіі. Ноу-хау не мае аналагаў. Дзмітрый Бусел, аспірант Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН, упэўнены, што ўзімку траўматызм на прыпынках і пешаходных пераходах прыкметна знізіцца, калі ствараць на іх спецыяльныя палосы проціслізгацення. Тэхналогія супрацоўніцы студэнцкага Навукова-вытворчага цэнтра “Бізнес-інкубатар” Вольгі Астальцавай дае магчымасць мару шматлікіх спадарынь — есці булачкі і не таўсцець — пераўтварыць у рэальнасць. А дзесяцікласнік з Гродна Леанід Ганчар запрашае ў музей тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Музей, праўда, віртуальны, але ўражанні ад яго наведвання вельмі нават рэальныя.

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч лічыць, што праект “100 ідэй для Беларусі” адбыўся:

— Ён набыў вялікую папуляр-насць. Гэта гаворыць аб тым, што ў маладых людзей ёсць значны патэнцыял, які трэба дапамагчы рэалізаваць у інтарэсах краіны. Я азнаёміўся з матэрыяламі. Падавалася, у нейкай галіне ўжо нешта складана прыдумаць, а моладзь знаходзіць удалае рашэнне. Наша эканоміка мае патрэбу ў такіх крэатыўных ідэях.

Экспертны савет вызначыў залатую дзясятку праектаў, аўтары якіх атрымаюць грант ад Беларускага інавацыйнага фонду.

Наталля Даўлатава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter