Дазвольце далажыць

У канторы будаўнiчага ўчастка сядзела адна нармiроўшчыца...

У канторы будаўнiчага ўчастка сядзела адна нармiроўшчыца. Ссунуўшы акуляры на нос, яна ўважлiва знаёмiлася з чарцяжамi паверхаў.

I тут нечакана ў кантору ўвалiўся брыгадзiр электразваршчыкаў Сцяпан Стах. Прывiтаўшыся з дзяўчынай, ён сеў за стол, уздыхнуў i тужлiва паглядзеў на стос папер, якiя сабралiся за два днi яго чарговай гулянкi.

— Кажуць, у нас хтосьцi зверху быў?

— Чула, што быў, але не ведаю хто, — адказала нар­мiроўшчыца. — Вiдаць, з упраўлення. Ды лепш вы ў электразваршчыка Ляпкiна спытайце. Ён казаў мне, што суправаджаў яго па аб’екце.

Пачуўшы прозвiшча Ляпкiна, брыгадзiр пакруцiў галавой. Надзвычай шустры i востры на язык гэты рабочы. Яго як лепшага прызначылi агiтатарам на ўчастку. Ён часта выступае на нарадах, пасяджэннях i больш за ўсё на недахопы цiсне.

Сум агарнуў Стаха, нявесела на душы стала, i як нi круцiўся ён, а давялося Ляпкiна паклiкаць i дазнавацца, хто прыязджаў.

— Кажуць, ты ўчора госця прымаў? — павiтаўшыся, спытаў Стах.

— Так, так, прымаў, стараўся. Дык жа i не абы-хто быў. Сам начальнiк будаўнiчага ўпраўлення...

— Як? Сам таварыш Гваздзiцкi?

ён!.. — адказаў Ляпкiн, i ў яго вачах заiскрылiся гарэзлiвыя агеньчыкi. Паглядаючы на разгубленага Стаха, ён падумаў: «Эге, баiшся начальства. Гэта табе не па святах ездзiць, чарачкi куляць».

— А што ён гаварыў? Пра мяне пытаўся?

— 3 гэтага i пачаў. Дзе, кажа, брыгадзiр?

— А ты што?

— А я i сказаў, што паехаў нейкую «сёмуху» святкаваць...

Стах змянiўся з твару, забегаў па пакоi, зацмокаў языком, замахаў рукамi перад тварам электразваршчыка.

— Дык вы ж мне так сказалi, як ад’язджалi...

— Яно так, але навошта было Гваздзiцкаму гаварыць пра гэта?

Ляпкiн не спяшаючыся нацягнуў свой прапалены ў некаторых месцах камбiнезон i накiраваўся да дзвярэй. Але брыгадзiр зноў падскочыў да яго:

— Ты пачакай, раскажы ўсё па парадку, як было i чым скончылася.

— А далей што ж: пайшоў начальнiк па будоўлi, потым на месца зварачных работ.

— Ну а што ён там убачыў, якiя даў указаннi? — пераходзячы на шэпт, спытаў Сцяпан.

— Зараз раскажу, а вы за­пiсвайце, каб нiчога не ўпусцiць, — сказаў Ляпкiн.

Стах нехаця дастаў са стала i паклаў перад сабой лiст паперы, узяў аловак.

— Дык вось, перш-наперш, што, гаворыць, у вас за агiднасць з камбiнезонамi. На ўсю брыгаду тры камбiнезоны, i тыя на сметнiк пара выкiнуць. Даўно час выпiсаць не толькi камбiнезоны, а i ахоўныя маскi для людзей. Далей запiсвай­це. Чаму ў вас не ва ўсiх аварыйныя паясы ёсць, гэта, кажа, з боку брыгадзiра злачынства. Гэта два. Чаму, кажа, электроды валяюцца на будоў­лi? Для чаго вам iх давалi? Для таго, каб раскiдваць?

— А яшчэ што казаў?

— Усё пра недахопы гаварыў. Чаму, кажа, нясвоечасова нарады дастаўляеце ў кантору ўпраўлення, чаму працоўную дысцыплiну парушаеце?

Стах пiсаў, i твар яго пакрываўся потам.

— А на развiтанне сказаў: няхай брыгадзiр тэрмiнова выправiць недахопы i праз два тыднi даложыць.

Сцяпан пагартаў каляндар i, знайшоўшы патрэбны лiсток, паставiў на iм адзнаку.

З гэтага дня ў брыгадзе электразваршчыкаў пачалiся змяненнi. Усе здзiўлялiся, адкуль што бралася.

Першым змянiўся брыгадзiр. З ранiцы i да позняга вечара ён быў на нагах, перастаў знiкаць па асабiстых справах. Стаў лепш да лю­дзей адносiцца.

Адразу ж нечарговы сход у брыгадзе правёў, заклiкаў працаваць па-новаму, як гэтага патрабуе сучаснасць.

Сабраў ён аднойчы пасля работы членаў брыгады i прымусiў пазбiраць раскiданыя на будоўлi электроды i здаць яму. Яшчэ праз пару дзён са склада ўпраўлення прывезлi новыя камбiнезоны, ахоўныя маскi для электразваршчыкаў. У кантору своечасова здавалiся нарады. У калектыве знайшлiся сапраўдныя людзi, адданыя справе, брыгадзiр раней нават не ведаў пра iх.

А час iшоў, наблiжаўся вызначаны дзень.

За тры днi да яго тэрмiнова паклiкаў брыгадзiр да сябе Стася Ляпкiна i запытаўся:

— Як лiчыш, усе ўказаннi таварыша Гваздзiцкага выкананы?

— Так, так, Сцяпан Дзянiсавiч, можна смела рапартаваць, усё зроблена.

У будаўнiчае ўпраўленне, якое знаходзiлася на ўскраiне горада, Стах прыехаў рана. Да пачатку рабочага дня заставалася яшчэ трыццаць пяць хвiлiн. Стах пайшоў у парк, сеў на лаўку, дастаў з папкi лiст паперы, прабег вачыма. Ён яшчэ раз пераканаўся, што рапарт атрымаўся добры, гладкi. Можна дакладваць. Стах устаў i паволi пайшоў да канторы. Трапiўшы ў прыёмную, ён адрэкамендаваўся:

— Стах, брыгадзiр электразваршчыкаў. На сёння мяне выклiкаў таварыш Гваздзiцкi.

Сакратарка пайшла ў кабiнет i, вярнуўшыся, сказала:

— Прайдзiце, таварыш Стах, да Дзмiтрыя Ягоравiча.

Сцяпан схапiў папку, паправiў гальштук i пайшоў. «Дрэнная прыкмета, што першаму дазволiлi iсцi, — разважаў на хаду Сцяпан Дзянiсавiч. — Будзь мужным, Стах!»

Убачыўшы ў дзвярах брыгадзiра, начальнiк устаў з-за стала i пайшоў насустрач.

— Прывiтанне, Сцяпан Дзянiсавiч, — цёпла сказаў Гваздзiцкi, ляпаючы Стаха па плячы. — Праходзьце, калi ласка, сядайце, расказвайце, з чым да нас завiталi.

Сцяпан да гэтага толькi два разы мiмаходзь бачыў начальнiка ўпраўлення на нарадах, i цяпер той здаўся яму памяркоўным таварышам. Не такiм маўклiвым i злым, якiм уяўляўся да гэтага.

Ён дастаў з папкi паперы, устаў з крэсла:

— Дазвольце, Дзмiтрый Ягоравiч, далажыць...

— Пачакайце, пачакайце, таварыш Стах, — перапынiў яго начальнiк упраўлення, — сядайце, не спяшайцеся.

Вочы Стаха замiтусiлiся, ён збiўся з першапачатковых радкоў i сеў.

— Вось цяпер слухаю вас.

— Камбiнезоны i ахоўныя шчыты атрыманы i дастаўлены на будоўлю. Электроды расходуюцца эканомна, нарады здаюцца сiстэматычна...

— Так, так, таварыш Стах, пачакайце, давайце разбяромся. Ваша брыгада дзе пра­водзiць зварачныя работы?

— На будаўнiцтве васьмiпавярховага дома. Вы ж былi ў нас нядаўна. Шмат недахопаў выявiлi, указаннi далi i праз Стася Ляпкiна сказалi сёння далажыць.

— Цiкава, што ж вы там зрабiлi пасля мяне, раскажыце, калi ласка.

Сцяпан падрабязна паведамiў пра ўсё, што ён зрабiў за гэты час. Ён нават расказаў, якiя швы, трубы i рэйкi сустракалiся пры зварцы.

— Выдатна, таварыш Стах, — сказаў Гваздзiцкi, калi той скончыў даклад. — Так робяць сапраўдныя людзi. Рабочыя вашай брыгады ведаюць сваю справу. Асаблiва гэты Ляпкiн... Вiдаць, гарэза, да ўсяго яму справа, усё хоча зрабiць. Каб такiх больш было. Прыеду, абавязкова прыеду да вас на будоўлю i пазнаёмлюся з iм...

— Як пазнаёмiцеся? Дык вы ж... — пачаў было збянтэжаны Сцяпан Дзянiсавiч.

— У тым i справа, таварыш Стах, што не быў я яшчэ ў вас. Не даехаў, колькi разоў збiраўся, усё не тое, дык тое. Прыеду, у самы хуткi час загляну да вас на будаўнiчую пляцоўку.

Пасля гэтых слоў Сцяпана Стаха быццам падмянiлi, ён нейкi момант не валодаў сабой. Але, успомнiўшы пахвалу начальнiка ўпраўлення: «Так робяць сапраўдныя людзi», — зноў ажываў. Гэтыя словы былi для яго падпорай.

Начальнiк цiкавiўся спаборнiцтвам, надзённымi справамi брыгады, зварачнымi рабо­тамi. Потым развiтаўся з iм.

— Да пабачэння, Сцяпан Дзянiсавiч! Да хуткага спаткання на аб’екце. А Стасю Ляпкiну падзяку перадайце. Сумленны, вiдаць, чалавек i фантазёр вялiкi. А вам на развiтанне вось што скажу: лепш слухайце, што гавораць вось такiя, як Ляпкiн. Яны заўсёды падкажуць, што рабiць i як дзейнiчаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter