В этом году о своих достижениях на хлебной ниве Витебщины расскажут в Глубоком на «Дожинках-22»

«Дажынкі-2022»: сустрэнемся ў Глыбокім

Роўна 10 год таму Глыбокае прымала рэспубліканскае свята пісьменства, на якім галоўнай каштоўнасцю быў скарб слова: набыткамі на гэтай ніве дзяліліся паэты і пісьменнікі. Сёлета аб сваіх дасягненнях на ніве хлебнай раскажуць у Глыбокім аграрыі Віцебшчыны на «Дажынках-22». Жыхары горада пачалі рыхтавацца загадзя, як толькі выпаў такі гонар. Будаўніча-рамонтныя работы разгарнуліся звыш на 100 аб'ектах: ва ўстановах аховы здароўя, спорту, адукацыі, жыллёвым фондзе, на вуліцах і г.д.


Амаль чвэрць з іх — жылыя дамы: 10 шматкватэрных на капітальным рамонце (сем з іх здадуць у гэтым месяцы) і 14 — на бягучым. На ўсё гэта пойдзе каля 6,5 мільёна рублёў.


Як паведаміў намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Андрэй Голубеў, на сацыяльную сферу звернута вялікая ўвага. Так, у гарадской СШ № 3, якая набыла статус гімназіі, заменены дзверы, замест драўлянай падлогі гамагеннае пакрыццё і керамічная плітка, атынкаваны сцены. На завяршальнай стадыі і фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Басейн уражвае: чатыры дарожкі па 25 метраў кожная. Глыбачанам не трэба будзе ездзіць у Докшыцы амаль за тры дзясяткі кіламетраў, каб удосталь паплаваць. Багата абсталяваны і прасторны трэнажорны зал, там ужо ідуць заняткі. Словам, ёсць усё, каб адпачыць, паправіць здароўе.

Значныя перамены ў цэнтральнай раённай бальніцы: адрамантавана памяшканне, устаноўлены апарат КТ. Цяпер глыбачанам і жыхарам суседніх раёнаў, каб абследавацца, няма неабходнасці ездзіць за дзве сотні кіламетраў у абласны цэнтр. Нядаўна завяршыўся рамонт прыёмнага аддзялення бальніцы. На чарзе — паліклінічнае.

Па-новаму выглядаюць вуліцы горада: многія асфальтуюцца, што даспадобы вадзіцелям, робяцца пешаходныя дарожкі з пліткі. Толькі летась іх пракла­дзена шэсць кіламетраў, а сёлета дабавіцца яшчэ тры. Другі год запар гэтай справай займаецца брыгада Аляксандра Капшуля з УП ЖКГ. Днямі спецыялісты пралажылі 70 метраў дарожкі ад возера Кагальнае да вуліцы Ламаносава.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ, старшыня Глыбоцкага Савета дэпутатаў Вера ЦЯЛІЦА (справа) і выконваючы абавязкі дырэктара фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Анастасія РАЗВАДОЎСКАЯ абмяркоўваюць ход спраў па рэканструкцыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Канечне, асноўны фронт работ лёг на камунальнікаў горада, а таксама на ДЭУ-145. Аднак глыбачанам дапамагаюць рыхтавацца да «Дажынак» і будаўнікі іншых раёнаў вобласці (напрыклад, з той жа Шаркаўшчыны). На вуліцы Палявой шчыруе брыгада прараба Мікалая Таболы з ДБУ № 26:

— З вызначаным аб'ёмам работ, а гэта не ямачны, а капітальны рамонт, справімся прыблізна за тры тыдні. Дзе няма тратуара, пракладзём яго, дзе ёсць — заменім стары бардзюрны камень на новы, зробім па­дсыпку. Па ўсёй вуліцы (каля васьмісот метраў) спачатку для выраўноўвання дарожнага палатна пакладзём тонкі слой асфальту, а наверх, у адпаведнасці з тэхналогіяй, — яшчэ адзін. Усяго каля 800 тон асфальту.

Задзейнічана на рэканструкцыі дарог, вуліц сем дарожных арганізацый вобласці. І не толькі Віцебскай. Каля таго ж фізкультурна-аздараўленчага цэнтра можна заўважыць будаўнікоў ЗАТ «ПМК-55» з Вілейкі, якія займаюцца тратуарнай пліткай.

Фото  БЕЛТА
 
Добра, што пры падрыхтоўцы да «Дажынак» глыбачане клапоцяцца рацыянальна расходаваць рэсурсы, берагуць дзяржаўныя грошы. Тую ж тратуарную плітку не завозяць здалёк, з-за меж вобласці і раёна, а вырабляюць у мясцовым УП ЖКГ, дзе зманціравана спецыяльная лінія па яе вырабе. Дзякуючы падобным адносінам да справы ўдалося сабраць сродкі на капітальны рамонт яшчэ аднаго шматпавярховага дома, які быў не запланаваны.

Будоўля і рэканструкцыя розных аб'ектаў вядуцца не толькі ў райцэнтры, але і ў вёсцы. Летась пакладзена 6 кіламетраў асфальту па дарозе ад Празарокаў да аграгарадка Чарневічы, сёлета — у вёсцы Мнюце і да яе, а таксама ад вёсак Мярэцкія да Петрунова. Уведзена ў строй станцыя абезжалезвання ў Галубічах, такая ж неўзабаве з'явіцца і ў аграгарадку Азярцы. Маштабна, іначай не скажаш, разгорнута рэканструкцыя старых і будаўніцтва новых аб'ектаў у жывёлагадоўлі (звыш двух дзясяткаў), практычна ў кожнай гаспадарцы. Адзін з прыкладаў — узвя­дзенне жывёлагадоўчага комплексу «Квачы» на 1700 галоў буйной рагатай жывёлы ў сельгаспрадпрыемстве «Канстанцінаў Двор». Ужо пабудавана 5 з 9 запланаваных. Першая чарга яго з малочна-таварным блокам будзе здадзена да канца года. Пуск гэтага аб'екта дазволіць, згодна са сцвярджэннем дырэктара гаспадаркі Васіля Якімовіча, не толькі знізіць расходы на ўтрыманне жывёлы, мець больш прадукцыі, але, што вельмі важна, значна палепшыць умовы работы працаўнікоў, павялічыць ім зарплату.

Асфальтаванне дарогі ў Мнюце.

Ну і, вядома ж, хлебаробы імкнуцца парадаваць да свята «Дажынак». Аднымі з першых у вобласці завяршылі сяўбу яравых збожжавых, кукурузы, правялі дзве падкормкі азімых, а на гэтым тыдні прыступілі і да нарыхтоўкі кармоў.

Кожны тыдзень збіраецца раённы штаб па правядзенні «Дажынак», які ўзначальвае старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі. Аналізуюцца справы па кожным аб'екце, падымаюцца праблемы і вызначаецца шлях іх вырашэння.

У канцы мая ход падрыхтоўкі да свята аграрыяў Прыдзвінскага краю ў Глыбокім быў разгледжаны на абласным штабе, які правёў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён наведаў будаўнічыя аб'екты «Дажынак»: СШ № 3, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і некаторыя іншыя.

saulich@bk.ru

Фота Андрэя ПАНКРАТА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter