Дажджы не паставiлi сеялкам шлагбаум

СВК «МАЯК-БРАСЛАЎСКІ» на працягу многіх гадоў трымае лідарства па вырошчванню зерневых. На бедных землях, дзе бал глебы ўсяго 26, збіраюць ад 30 да 40 цэнтнераў на круг. Чым парадуе ніва тутэйшых хлебаробаў сёлета?

Разам з браслаўскімі земляробамі працуюць пагранічнікі

СВК «МАЯК-БРАСЛАЎСКІ» на працягу многіх гадоў трымае лідарства па вырошчванню зерневых. На бедных землях, дзе бал глебы ўсяго 26, збіраюць ад 30 да 40 цэнтнераў на круг. Чым парадуе ніва тутэйшых хлебаробаў сёлета?

- Як не шанцуе, дык не шанцуе! — гэта былі першыя словы пры нашай сустрэчы галоўнага агранома СВК «Маяк-Браслаўскі» Валянціны Таўкінь. — Летась азімыя сапрэлі пад снегам, а сёлета з-за яго адсутнасці палова вымерзла. А рапс — поўнасцю.

Гэта значыць, што да 2,5 тысячы гектараў яравой сяўбы дабавілася яшчэ тысяча гектараў перасеву. Праўда, ёсць тэхніка, людзі, насенне, гаручае. Здолелі забяспечыць сябе самі, у адрозненне ад некаторых гаспадарак, і мінеральнымі ўдабрэннямі. Здолеюць, упэўнены ў гаспадарцы, і адсеяцца ў тэрміны.

Васіль КАЖОХА і Алег МАЦУК на веснавым полі.

На пасяўной працуюць ажно пяць атрадаў. Адзін з іх — на полі ля вёскі Дамашы. Галоўная ўдарная сіла тут — «МТЗ-3022», якім кіруе Васіль Кажоха. Трактару ўжо шосты год, а выглядае ён дабра і не падводзіць пакуль што свайго гаспадара.

Зернем сеялку Васілю запраўляў вадзіцель Опсаўскай пагранзаставы Алег Мацук.

— На дапамогу «маякоўцам» прыходжу ўжо пяты год, — паведаў ён. — І на пасяўную, і на ўборачную. На баяздольнасць заставы гэта не ўплывае.

Трэба зазначыць, што ў гаспадаркі з пагранічнікамі наладжана цесная сувязь. Яна забяспечвае байцоў гароднінай, мясам, а тыя ў сваю чаргу падсабляюць па магчымасці. Вось і сёлета адправілі на вясенне-палявыя работы трох чалавек.

Што тычыцца пасяўной, то яе адметнасцю ў гаспадарцы з’яўляецца тое, што пасля працяглых дажджоў глеба раскісла, і не на кожнае поле ўз’едзеш цяжкім пасяўным агрэгатам. Але і тут знайшлі выйсце: у работу ўключаны 4 поўнасцю адноўленыя лёгкія сеялкі СЗТ-3,6. Выгада ад гэтага двайная: засяваецца поле зернем і адначасова ідзе падсеў траў. Да 60 гектараў у дзень.

Як сказаў начальнік Браслаўскага райсельгасхарчу Максім Чагарын, яравы клін зойме ў раёне 18700 гектараў. Давядзецца перасеяць 35 працэнтаў азімых. Акрамя СВК «Браслаўскі», у лідарах на вясенніх палявых работах ААТ «Агра-Відзы» і «Друйскі». У цэлым за дзень засяваецца па паўтысячы гектараў. З паляпшэннем надвор’я раён выйдзе на 800 гектараў.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter