Дажджу просяць пчолы

У Андрэя Барана з Верхнядзвіншчыны на яго перасовачнай пасецы тры сотні пчаліных сем'ў, і ён цяпер ледзь спраўляецца адкачваць мёд: год, па яго словах, выдаўся надта багаты

У Андрэя Барана з Верхнядзвіншчыны на яго перасовачнай пасецы тры сотні пчаліных сем`ў, і ён цяпер ледзь спраўляецца адкачваць мёд: год, па яго словах, выдаўся надта багаты.

Да апошняга часу пасека стаяла на полі з яравым рапсам. Але рапс — толькі адзін з меданосных участкаў. Вясною добра было ўзята з вярбы і садоў. Пасля — з маліны. Потым быў перапынак з-за дажджоў, а цяпер ізноў пайшло.

Ёсць у яго выдатная платформа для перавозкі вуллёў. Самі пчаліныя домікі зроблены з лёгкага пенаполістыролу. У іх да таго ж пчолы лепш пераносяць гарачыню. Праўда, каштуе такі домік таксама нямала, пад мільён.

Учора патэлефанаваў Андрэю і пацікавіўся справамі на пасецы.

— Усё нармальна, прытаміўся толькі крыху.

— Спёка, вядома?

— Ды не, мёд качаю цэлы тыдзень!

— Адкуль жа ён бярэцца, калі перасохла кругом?

— З канюшыны, дзягелю... Ёсць з чаго. На верас думаю неўзабаве перабрацца.

Пад цэх выкачкі мёду Андрэй прыстасаваў невялікі катэдж, які будаваў для жылля. Тут усё механізавана: і зняцце пячаткі на рамках, і работа цэнтрыфугі.

Галоўная праблема для чыстапольскага пчаляра якраз не гарачыня, а рэалізацыя ўраджаю. Прадае ён яго аптавікам, прытым не заўсёды своечасова і ўдала. Самому ж стаяць за прылаўкам няма часу. А грошы між тым патрэбны і на лекі пчаліныя, і на падкормку. На рапсавым ці верасавым мёдзе пчолы не перазімуюць. Толькі летась давялося закупіць дзве тоны цукру...

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter