Дайсці да кожнага вяскоўца

У Шаркаўшчынскім раёне прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Удзельнікі мерапрыемства цікавіліся, як у рэгіёне выконваецца Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян”. Дарэчы, Шаркаўшчынскі раён выбраны месцам правядзення пасяджэння не выпадкова — мясцовыя ўлады даволі паспяхова вырашаюць гэтыя пытанні. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў нават адзначыў: “Калі б так арганізоўвалі работу ў іншых раёнах вобласці, то праблемы ўзнікалі б значна радзей”.

Старшыні райсаветаў Віцебшчыны з карысцю для сваіх рэгіёнаў вывучалі вопыт работы з асабістымі падсобнымі гаспадаркамі ў Шаркаўшчынскім раёне.

У Шаркаўшчынскім раёне прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Удзельнікі мерапрыемства цікавіліся, як у рэгіёне выконваецца Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян”. Дарэчы, Шаркаўшчынскі раён выбраны месцам правядзення пасяджэння не выпадкова — мясцовыя ўлады даволі паспяхова вырашаюць гэтыя пытанні. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў нават адзначыў: “Калі б так арганізоўвалі работу ў іншых раёнах вобласці, то праблемы ўзнікалі б значна радзей”.

Шаркаўчане дастойна вытрымалі экзамен. Падрабязна аб развіцці Шаркаўшчыны і асабістых падсобных гаспадарак грамадзян у раёне расказаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мечыслаў Морхат. Яго дапоўніў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец.

Адзін з першых аб’ектаў у маршруце гасцей — аграгарадок Радзюкі. Старшыня мясцовага сельвыканкама Мікалай Грабянёк і дырэктар КУВСП імя Маркава Леанід Зубовіч расказалі дэпутатам, як у іх населеным пункце вырашаюцца праблемы з арганізацыяй пашавага ўтрымання асабістага статка.

— Колькасць кароў, якія ўтрымліваюцца на асабістых падворках жыхароў Шаркаўшчынскага раёна, па аб’ектыўных прычынах скарачаецца, — выказаўся старшыня райсавета дэпутатаў Уладзімір Шпец. — Аднак аб’ём закупляемага малака да ўзроўню 2005 года павялічваецца.

 Гэта значыць, што мясцовае насельніцтва з разуменнем адносіцца да палітыкі дзяржавы па развіццю ўласных падсобных гаспадарак. А сельвыканкамы добра выконваюць сваю работу.

У ходзе рэйду ў дэпутатаў узнікла пытанне: як у раёне абслугоўваюць ветэранаў і састарэлых? Прыемна ўразілі словы дырэктара раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святланы Савейкі: у той катэгорыі жыхароў раёна, якая знаходзіцца пад апекай цэнтра, праблем з апрацоўкай агародаў няма. Аператыўна вырашаюцца і індывідуальныя заявы.

Дапамагаюць сялянам у вядзенні асабістых падсобных гаспадарак і работнікі райспажыўтаварыства, якое ў гэтым напрамку лічыцца адным з лепшых у вобласці. У чым, дарэчы, старшыні райсаветаў пераканаліся пры наведванні магазіна ў аграгарадку Вялікае Сяло. Намеснік старшыні райспажыўтаварыства па закупках і знешнеэканамічнай дзейнасці Наталля Пятрова расказала, як у раёне арганізаваны закуп лішкаў прадукцыі з падворкаў, як ідзе забеспячэнне вяскоўцаў камбікармамі і іншымі неабходнымі таварамі.

У гаспадарках Шаркаўшчынскага раёна ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб вяскоўцы трымалі кароў, свіней і іншую жыўнасць. Сена — без праблем, абмалаціць участкі збожжавых — не пазней тэрмінаў, якія ўстаноўлены ў гаспадарках. І тым не менш дэпутатам захацелася зазірнуць у “негаспадарчы свет”. Накіраваліся ў Лужкаўскую сярэднюю школу. Сюды заўсёды прывозяць гасцей, калі хочуць іх здзівіць. Так здарылася і на гэты раз. Дырэктар Ларыса Гараніна ўразіла членаў пасяджэння экскурсіяй па школьнай тэрыторыі, дзе знайшлося месца і для экалагічнай сцежкі, і для дэндрарыя. У дапаўненне гасцям было прапанавана паглядзець на цяпліцы, парнікі, пасадкі маладых саджанцаў пладовых дрэў і кустарнікаў. Садавіна і агародніна ідзе адсюль не толькі ў школьную сталовую, але і на продаж мясцовым жыхарам.

Многія старшыні раённых Саветаў дэпутатаў падтрымалі думку Аляксандра Ацясава, што комплексны падыход да развіцця асабістых падсобных гаспадарак у Шаркаўшчынскім раёне заслугоўвае ўсебаковага вывучэння і пераймання вопыту.

Эдуард КОРСАК

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Уладзімір ШПЕЦ, кіраўнік прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “МолТрансЭкспрэс” Віктар ШАРЫПА і Мікалай ГРАБЯНЁК знаёмяць старшыню абласнога Савета дэпутатаў Аляксандра АЦЯСАВА з арганізацыяй закупу малака ў Шаркаўшчынскім раёне.

 Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter