Стагадовы юбілей адзначае ў гэтыя дні фальклорны карнавал у старажытным Давыд-Гарадку

Давыд-гарадоцкiя «конiкi»

З ПЕРШАГА нумара ў нашай газеце расказвалася не толькі пра вытворчыя поспехі, а і пра традыцыі, культуру, звычаі беларускай вёскі. Пра кірмашы-фестывалі, пленэры, выставы, фальклорныя святы, на якія багата наша спадчына, расказвалі журналісты выдання. Стагадовы юбілей адзначае ў гэтыя дні фальклорны карнавал у старажытным Давыд-Гарадку, равесніку славянскіх гарадоў Кіеў, Полацк, Тураў. Госці з Расіі, Украіны, Латвіі, суседніх раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей запрошаны на традыцыйнае каляднае свята, дзе ёсць што ўбачыць, пачуць і чым пачаставацца.


СТАРОЕ рэчышча хуткацечнай ракі Гарыні, што бярэ пачатак з прыкарпацкіх мясцін, яшчэ нядаўна падзяляла адзін з дванаццаці пагарынскіх гарадоў на дзве часткі. Высокі бетонны мост велічна ўзвышаецца над былой імклівай плынню. Некалькі дзесяцігоддзяў па рукатворнаму рукаву рака абмінае вузенькія гарадскія вулачкі, шчыльна забудаваныя пафарбаванымі ў пярэстыя колеры дамамі палескіх рамеснікаў. 

Заснаваў Давыд-Гарадок адзін з Рурыкавічаў — князь Давід Ігаравіч, стрыечны брат і сват слаўнага рускага князя Уладзіміра Манамаха, унука Яраслава Мудрага, праўнука Уладзіміра Святога і Рагнеды Полацкай. У Сярэднявечча тут уладарыла італьянская каралева Бона Сфорца д’Аргона, жонка вялікага польскага князя Жыгімонта I. 

Замкавая гара, што ўзвышаецца над нізіннымі сядзібамі, стагоддзямі была цэнтрам стараславянскага горада, які меў Магдэбургскае права. Вузенькая вулачка злучае гару з прасторнай плошчай, пасярод якой углядаецца ў далячынь адліты ў бронзе заснавальнік горада — князь Давід. Нават у самыя лютыя маразы штогод тут праводзіцца карнавальны фэст “Конікі”. Як толькі ў небе загараюцца першыя зоркі, гурты пераапранутых вершнікаў і розных міфічных герояў выходзяць на гарадскія вуліцы. Музыка і спевы гучаць паўсюдна. Пераапранутыя ў касцюмы Бабы-ягі, чарадзеяў і цыганоў, дзікіх і хатніх жывёл, карнавальшчыкі скачуць з вершнікам ад падворка да падворка. Віншуюць гаспадароў з каляднымі святамі, выказваюць пажаданні на ўвесь год, пад гармонікі і бубны спяваюць, падскокваюць, частуюцца, і так амаль да апоўначы горад святкуе.

— Сёлетні калядны карнавал “Конікі” ў нас юбілейны, — адзначае пастаянная ўдзельніца народнага песеннага калектыву “Прамень” Вера Мароз. — Заснавалі яго сто гадоў таму рускія казакі, якія стаялі ў Давыд-Гарадку ў гады Першай сусветнай вайны. Дарэчы, сярод ваяроў кватараваў у нашых мясцінах і вядомы рускі паэт Аляксандр Блок. У калядныя дні баявыя дзеянні не вяліся, і казакі, каб развеяцца, наладзілі святочны карнавал. З салдацкіх валёнкаў змайстравалі галовы коней. Прымацоўвалі іх да драўлянага каркаса з альховых ці бярозавых гнуткіх палак, прывязаных да звычайнага лазовага кошыка. Валёнак абмотвалі белай анучай. Дзвюма шлейкамі змайстраваную канструкцыю каня замацоўвалі на плячах вершніка, які апранаўся ў шыракаполую шынель. Льняныя грыва і хвасты ўпрыгожвалі каня. У такім своеасаблівым убранні весялілі мяшчан перад Новым годам па старому стылю. Традыцыя захавалася да нашых дзён. Штогод 13 студзеня наш гарадок патанае ў калядных спевах, шчырых пажаданнях гаспадарам дамоў ад удзельнікаў маскарадных гуртоў на чале з вершнікамі. Гаспадыні да гэтага свята гатуюць багатыя пачастункі. Кожная сям’я жыве чаканнем сустрэчы з “Конікамі”. І мы ў гарадскім Доме культуры пастаянна рыхтуем святочны канцэрт, насычаны мясцовым рэпертуарам. 

Не заўсёды так шырока ладзілася карнавальнае свята ў Давыд-Гарадку. У гады масавага атэізму яно лічылася рэлігійным і мясцовымі ўладамі забаранялася. Благачынны святар Столінскага раёна Рыгор Кажаноўскі, які служыць у Давыд-Гарадоцкай царкве Казанскай іконы Божай Маці, узгадвае, што мясцовыя вернікі ўсяляк падтрымлівалі традыцыю. Пасля святочнага набажэнства прыхаджане ўдзельнічалі ў свяце “Конікі”. За імі па вуліцах і завулках ганяліся вартавыя парадку, зрывалі маскарадныя маскі, але з года ў год гарадчукі жылі чаканнем чарговага карнавалу і рыхтаваліся да яго. 

У гады незалежнай Беларусі карнавальны фэст атрымаў падтрымку ў дзяржаўных структурах і стаў народным. Напярэдадні гарадскі Дом культуры разам з гарвыканкамам абвяшчаюць план правядзення яго і аб’яўляюць конкурс на лепшае святочнае афармленне сядзіб і арганізацый, а таксама на лепшы гурт “Конікаў”. Людзі розных узростаў аб’ядноўваюцца, шыюць касцюмы, развучваюць калядныя песні, чакаюць сваякоў і сяброў у госці. Запрашаюцца мастацкія калектывы з іншых мясцін, і ў дзень свята ладзяцца іх выступлені. Звычайна прыязджаюць запрошаныя мастацкія калектывы з Расіі, Украіны, Літвы і Латвіі, Польшчы. Сёлетняя студзеньская завея, якая засыпала снегам шляхі-дарогі, стрымала і прыезд некаторых чаканых гасцей. Але дзясятак калектываў мастацкай самадзейнасці з суседніх раёнаў Брэстчыны і Гомельшчыны ўсё ж дабраліся ў гэты аддалены куток Палесся і каляднымі спевамі напоўнілі карнавальны фэст. На ўбеленай пушыстым снегам плошчы князя Давіда яблыку не было дзе ўпасці. Бурліў-кіпеў гандаль на прылягаючых вуліцах і вулачках. Бліны з пылу-жару з грыбной мачанкай і мёдам, духмяныя шашлыкі і столінскія мясныя “коўбікі”, тураўскія прысмакі і кулінарныя вырабы з Піншчыны, безліч сувеніраў і пацешных цацак ішлі нарасхват. А перад апоўначчу пад гукі фанфар пачалося параднае шэсце гуртоў карнавальшчыкаў. Святочнае журы вызначыла і ўзнагародзіла прызёраў. Мех пачастункаў атрымаў гурт “конікаў” дружнай давыд-гарадоцкай сям’і Кулагаў.

— АМАЛЬ штогод фестывальнае журы нас адзначае, — дзеліцца заўзятая карнавальшчыца Лідзія Некрашэвіч. — Мае родныя сёстры Наталля Каваленка, Соф’я Самсун, Галіна Бесан, Тамара Цубер і браты Міхаіл і Пётр Кулагі ад бацькоў перанялі калядную карнавальную традыцыю. Нявестка Наталля, суседка Ганна Александрова, якая выйшла замуж за гарадчука, папоўнілі наш калектыў. Сёлета галоўны “конік” у нашым калектыве маладзенькі Аляксандр Вараноўскі. Пад яго фігуру падганялі каркас каляднага “коніка”, якога гадоў дваццаць таму юнаком зладзіў мой сын Мікалай Домніч, які служыць ваенным на Далёкім Усходзе. Скакаў з ім па Радзічах, Мельніках, Пясках, Сежцы, Каморы і іншых закутках Давыд-Гарадка. У цэнтр не асмельваўся паказвацца, каб не трапіць на вочы міліцыянераў, настаўнікаў. Штогод аднаўляў “коніка”. Цяпер наш гурт выходзіць з ім на свята. Мікола з Уладзівастока тэлефануе і цікавіцца, як праходзіць фэст, што пераўтварыўся ў сапраўдны карнавал. Раней у асноўным былі касцюмы краўца, шаўца, гарбара, Бабы-ягі, нячысціка, барана, казла, бусла, мядзведзя, ваўка. З’явіліся Мікі-Маўсы, Электронікі і іншыя сучасныя героі. Каго толькі не сустрэнеш у такі дзень на нашых вуліцах. Нават маскі сусветных палітычных дзеячаў з’явіліся ў апошнія гады. 

— У апошнія дзесяцігоддзі ваш куток славіцца і смачнай садавіной, гароднінай. 

— Давыд-Гарадок з усіх бакоў акружылі сучасныя сады і агароды. Палескія фермеры абяцаюць забяспечыць усю Беларусь яблыкамі, грушамі, слівамі, абрыкосамі і якаснай гароднінай. На фермерскай зямлі майго сына Андрэя Некрашэвіча на сямі гектарах растуць слівы і на дваццаці пальметныя яблыні. Вырошчваецца і капуста. Садавіну і гародніну пастаўляем у магазіны Мінска. А трэці сын, Сяргей, займаецца грузаперавозкамі. Абодва жывуць у Давыд-Гарадку і ўдзельнічаюць у калядным карнавале. І ўнукі ўсе задзейнічаны ў фэсце.

Статная Лідзія Андрэеўна сапраўднай снежнай каралевай выглядае ў ладна пашытым строі. Яе малодшая сястра Наталля Каваленка ў свята пераўтвараецца ў паляўнічага са стрэламі, лукам і трафейнай лісіцай у руках. Прыгожа абсталяваны дом Наталлі Андрэеўны, як казачны палац. Тут перад святам падганялі маскарадныя касцюмы цыганкі, гусара, анёла, рэпеціравалі калядныя спевы пра сасну з залатой карыцай. Гэты карнавальны гурт вядомы далёка за межамі Давыд-Гарадка. Дзесяцігоддзе таму іх запрашалі ў Белавежскую Пушчу на адкрыццё рэзідэнцыі Дзеда Мароза і Снягуркі. У далёкім Таджыкістане яны прадстаўлялі палескі фальклор на міжнародным этнаграфічным форуме. 

Упершыню сёлета даверылі галоўную ролю “коніка” суседу Аляксандру Вараноўскаму. Загадзя прымерваўся юнак да карнавальнага касцюма, які важыць амаль пуд. Завадатары спеваў гурта былая калгасная даярка Ганна Александрова з Наталляй Кулагай, якой нявестка параіла пашыць касцюм ёлкі, калядныя спевы чаргавалі з прыпеўкамі. Так з песнямі і выйшлі на высокі бетонны мост праз раку Гарынь, дзе іх сустракаў і расступаўся шматлюдны натоўп, каб прапусціць на плошчу князя Давіда, які з вострай дзідай у руках быццам сам гатовы быў пайсці ў скокі. 

— Дагэтуль мне помніцца незвычайны прыз, якім нас узнагародзілі, — узгадвае Наталля Кулага. — Кожны ўдзельнік гурта атрымаў па сем кубічных метраў дроў.

— Дровы ў нас ужо не карыстаюцца попытам, — канстатуе старшыня Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама Вячаслаў Стаднік. — Горад газіфікаваны, і навакольныя вёскі атрымалі “блакітнае” паліва. На юбілейным свяце лепшым уручалі салодкія падарункі. Звыш трыццаці гуртоў “конікаў” прыняло ўдзел у карнавальным парадзе. На вуліцах да іх падбягалі дзеці, і яны маленькіх садзілі на “коніка” і разам скакалі. Вершнікі ў асноўным мужчыны, а жанчыны ў карнавальных касцюмах. У гарадскім краязнаўчым музеі захоўваюцца цікавыя экспанаты пра гісторыю давыд-гарадоцкіх “конікаў”. 

— Конік — сімвал дабрыні, працаўнік, які цягне воз, — разважае Наталля Кулага. — Конік заўжды гаспадару быў моцнай падмогай. У нас раней было шмат рамеснікаў, і яны ў гэты дзень пераапраналіся і калядавалі, праслаўлялі Госпада Бога.

 У даваенныя часы ў Давыд-Гарадку пражывала звыш чатырохсот шаўцоў. Нават польскаму прэзідэнту Масціцкаму тут шылі боты. Па асабліваму рэцэпту гатавалі палескае марожанае. Балаголы ў спецыяльных вазках у Варшаву і Вільнюс вазілі і прапаноўвалі “лёды для пані млоды”. Вяндліну і іншыя мясныя і рыбныя прысмакі па Прыпяці і Дняпру дастаўлялі ў стольны Кіеў.

 Выраблялі давыд-гарадоцкія майстры і залатыя ўпрыгожванні, скураны абутак, дарагое адзенне, якое карысталася попытам у еўрапейскіх краінах. Напачатку ХVI стагоддзя тут узнік новы від рамяства — вытворчасць высакароднага царкоўнага ўбрання, і азначыўся цэнтр царкоўнага мастацтва палескага накірунку. Па-майстэрску вырабляліся крыжы, надмагільныя элементы, драўляныя і металічныя ўпрыгожванні, абразы. Мясцовыя майстры і зараз распісваюць новыя храмы. Дахі гарадоцкіх дамоў аздабляюць  драўляныя элементы ў выглядзе сонечных промняў. 

У КАЛЯДНЫЯ дні адкладзены ўсе справы — горад святкуе. “Конікі” ў спевах просяць ад Усявышняга дабра, шчасця, здароўя, удачы, і ўсё гэта зычаць сваім землякам. Па традыцыі святкаванне доўжыцца да Вадохрышча.

Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter