Давыд-Гарадок: прыстань старажытнасці

Хвалі свавольнай Гарыні і гістарычных эпох безліч разоў выпрабоўвалі жыхароў Давыд-Гарадка на жыццяздольнасць. Але адно з самых старажытных мястэчак Беларусі, што на Брэстчыне, вытрывала: адбудавалі пасля войнаў і пажараў дамы, утаймавалі “блукаючую” раку, накіраваўшы яе па новым русле. Будучыня ж у значнай ступені залежыць ад таго, ці стане Давыд-Гарадок турыстычнай мекай і ці з’явяцца тут новыя прадпрыемствы, што дадуць людзям работу і стабільны заробак.

Ціхая правінцыя
Размешчаны на ўскрайку Беларусі Давыд-Гарадок неаднойчы за сваю 900-гадовую гісторыю трапляў у самы цэнтр міжнародных падзей. Ен гарэў, патанаў у вясенніх паводкавых водах Гарыні, але захаваў сваю правінцыяльную прывабнасць. Усіх гасцей мястэчка па-ранейшаму сустракае пераважна невысокімі ў большасці сваёй драўлянымі хатамі з па-гаспадарску прыгожымі фасадамі, акуратнымі агародамі ды — у час, калі зіма адпачывае — ярка-свежымі кветнікамі.
На вуліцах непрамысловага па свайму профілю горада цяжкіх машын амаль што не сустрэнеш, гарадскія аўтобусы па сацыяльных стандартах для маленькага Давыд-Гарадка — неабавязковыя. Таму мясцовы засяроджаны спакой парушаюць толькі прыватныя легкавыя аўто, ціхі шум соцень веласіпедаў ды галасы хатняй жывёлы, асабліва гусей і качак, якіх у мястэчку, названым калісьці за мноства вадзяных люстэркаў беларускай Венецыяй, на рэдкасць багата.
Госці тут бываюць нячаста. Да Брэста — 280 кіламетраў. Да бліжэйшай чыгуначнай станцыі Гарынь — больш за 40. З Мінска на машыне сюды дабірацца не менш як чатыры гадзіны. Міжгароднія аўтобусы злучаюць Давыд-Гарадок са сталіцай, Гомелем, Брэстам ды абмежаванай колькасцю некаторых іншых вялікіх гарадоў. Але рэйсаў няшмат. Таму падарожнікі, якія не маюць уласнага транспарту,  мусяць загадзя вывучаць расклад мясцовага руху і планаваць час свайго ад’езду.
Ёсць і іншая прычына тутэйшай цішыні. Як і шмат стагоддзяў таму, у мястэчку нямала “лішніх” працоўных рук, і многія на заробкі ад’язджаюць у іншыя рэгіёны Беларусі і нават у замежжа.
Не жыццё, а “рай”
Калі верыць старажытным летапісам, Давыд-Гарадок быў заснаваны яшчэ ў 1100 годзе ўнукам Яраслава Мудрага валынскім князем Давыдам. У пазнейшы час гісторыя мястэчка была звязана з Радзівіламі, каралевай Бонай, іншымі славутымі постацямі. Населены пункт называўся  і Гарадок Давыдаў, і проста Гарадок. Яму неаднаразова надавалі статус цэнтра адміністрацыйнай адзінкі, але, відаць, так і наканавана гарадчукам, як называюць мясцовых жыхароў, заставацца правінцыяламі.
Напрыклад, у 1795 годзе Давыд-Гарадку даравалі герб і прызначылі цэнтрам уезда. Але “сталічнае” жыццё было на здзіўленне непрацяглым: праз год цэнтр уезда “пераехаў” у Мазыр.
Праз паўтара стагоддзя ў 1940 годзе мястэчка стала цэнтрам Давыд-Гарадоцкага раёна.
“Быў свой райваенкамат, райбальніца, райвыканкам. Усё было з дадаткам “рай”. Таму і жылі як ў раі”, — з гумарам пра адну са старонак гісторыі свайго краю расказвае Мікалай Брэзоўскі, заўзяты гісторык і кіраўнік мясцовага Народнага музея гісторыі. Пакуль раён не скасавалі ў 1961 годзе, райцэнтр актыўна адбудоўваўся, развіваліся камунікацыі. Калі ж цэнтр перамясціўся ў Столін (размешчаны бліжэй да чыгункі), актыўнасць згасла. І, мабыць, самае галоўнае — засталіся без работы тыя людзі, які дагэтуль працавалі ў той самай райуладзе.
І шавец, і жнец
Галоўнай спецыялізацыяй мясцовых жыхароў сёння лічыцца вырошчванне насення кветак і гародніны на продаж. Але за шматвяковую гісторыю гарадчукі паспрабавалі свае сілы ў безлічы прафесій. У свой час жыхары мястэчка займаліся рыбалоўствам, вырошчвалі гародніну. Шаўцы выраблялі пад заказ адмысловыя боты з высокімі халявамі. Цяжка ўявіць, але ў свой час на 11,7 тысячы жыхароў прыходзілася звыш 400 шаўцоў.
У Давыд-Гарадку будавалі драўляныя лодкі ды баржы і нават выраблялі марожанае, якое ў першай палове мінулага стагоддзя зусім неверагодным чынам з глыбіні Палесся вазілі ў далёкія Гданьск, Кракаў, Гдыню ды іншыя гарады.”Лёды для пані млоды”, — гучна рэкламавалі яны свой прыемна халодны тавар.
На побыт мястэчка вялікі ўплыў зрабілі татары, яўрэі ды палякі. Паволжскія татары, якія пасяліліся тут, прыклалі рукі да развіцця гароднінаводства ды насеннай справы. Яўрэі, што складалі ў свой час амаль што трэцюю частку насельніцтва, былі, як вядома, дзяржаўнымі распараджэннямі адлучаны ад зямлі, і таму прыкладалі свае сілы ў разнастайным рамесніцтве і гандлі. Польскі корпус аховы памежжа, які размясціўся ў Давыд-Гарадку — памежным горадзе —  у дваццатых гадах мінулага стагоддзя, пакінуў гарадчукам цагляныя будынкі, электрастанцыю, некаторыя іншыя аб’екты.
Прамыслова-турыстычны перыяд
Час ідзе, і цяперашні насенны бізнес гарадчукоў, прадказальна, прыйдзе да заняпаду. Канкурэнцыя за апошнія гады значна ўзрасла. Пакупніка вабяць яркай паліграфіяй, “заморскімі” тэхналогіямі. Таму галоўны клопат мясцовых уладаў — якую новую работу прапанаваць  людзям?
“Трэба ў першую чаргу  задзейнічаць іх на прамысловых прадпрыемствах”, — лічыць старшыня Давыд-Гарадоцкага гарсавета Уладзімір Галавач. Ёсць, напрыклад, электрамеханічны завод. Ён пабудаваны ў 80-х гадах і быў разлічаны не больш як на 2 тысячы работнікаў. Разам з ім у горадзе з’явіліся водазабор, добра развітыя інжынерныя сеткі, выраслі і два інтэрнаты, іншыя аб’екты. Але пасля развалу СССР былы ваенны завод застаўся сам-насам са сваімі праблемамі. І сёння на ім працуюць крыху больш за 400 чалавек.
Палепшыць сітуацыю на заводзе ў апошні час удалося дзякуючы перадачы гарадчукам тэхналагічнага абсталявання, якое раней размяшчалася на прадпрыемстве ў іншым горадзе, ды атрымання вялікага заказу ад ЗАТ “Атлант”. Але ў далейшым вырашаць праблемы незанятых рук прыйдзецца, безумоўна, разам з развіццём сацыяльнай інфраструктуры. Беспрацоўныя мясцовыя жыхаркі, безумоўна, з задавальненнем пайшлі б зарабляць. “Вось толькі куды падзець маленькіх дзяцей, калі ў дзіцячым садку месцаў няма?” — адразу ж узнікае законнае пытанне.
Стварыць працоўныя месцы маглі б і прадпрымальнікі. Многія з іх ужо і прыгледзелі для сябе свабодныя будынкі. Ды механізм іх продажу на заканадаўчым узроўні дасканала не адпрацаваны, уздымае праблему Уладзімір Галавач. З радасцю перадаў бы нерухомасць пад добрую справу, ды незразумела, як гэта правільна зрабіць.
Тым не менш толькі сёлета ў горадзе плануецца стварыць каля 50 працоўных месцаў. У далейшым колькасць вакансій можа павялічыцца і за лік развіцця турызму.
Да аўтобусных экскурсій, напэўна, усе ўжо прызвычаіліся. А вось падарожжа па вадзе па маршруце Пінск — Тураў — Давыд-Гарадок, безумоўна, зацікавіла б многіх. Турысты маглі б не толькі пракаціцца па Прыпяці і Гарыні, але і дакрануцца да помнікаў гісторыі гэтых мястэчак.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter