Пятый год управляет КСУП «Полесская опытная станция» молодой директор Александр Юзупанов

«Давяраю людзям, якімі кіруе сумленне»

Заснаваную стагоддзе таму на Лунінеччыне «Палескую доследную станцыю меліярацыйнага земляробства і лугаводства» ўзначальвае выпускнік Белдзяржсельгасакадэміі Аляксандр Юзупанаў

Працоўную дзейнасць ён пачынаў эканамістам у ААТ «Лядзецкі» Столінскага раёна, якім кіруе Уладзімір Вярэніч. З Горак прывёз і жонку Яўгенію, якая ў акадэміі атрымала дыплом юрыста. Маладога эканаміста прыкмецілі і ўключылі ў абласны рэзерв кіруючых кадраў. Пяць гадоў таму прызначаны старшыня суседняга Лунінецкага райвыканкама Аляксандр Пачка прапанаваў 27-гадоваму спецыялісту ўзначаліць доследную гаспадарку. Акрамя вытворчай дзейнасці, тут займаліся навуковымі распрацоўкамі. Падпарадкоўвалася сельгаспрадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук. Гаспадарка восенню 2018 года рэарганізавана ў камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Палеская доследная станцыя».

Пэўна, у кожнага ў юнацтве ёсць ідэал — з каго хочацца браць прыклад і на каго раўняцца. Для Аляксандра Юзупанава такім чалавекам быў бацька. Карані яго роду вядуць да нямецка-балтыйскіх продкаў. Адзінага сына Васіль Станіслававіч вучыў: неабавязкова ўсё рабіць, галоўнае — умець. Працай, спортам з маленства выхоўвалі яго. Абавязковая традыцыя — наведванне лазні. З чацвёртага класа рослы падлетак пачаў зай­мацца баскетболам. У вольны час дапамагаў бацькам па хатняй гаспадарцы.

Маці Сафія Іванаўна параіла сыну пасля дзевяці класаў паступаць у Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, які паўвека таму сама скончыла. Вышэйшую эканамічную адукацыю ён атрымаў у Белдзяржсельгасакадэміі. Вучобу спалучаў з грамадскай дзейнасцю: адстойваў гонар факультэта на акадэмічных спартыўных спаборніцтвах, аглядах мастацкай самадзейнасці. Узгадваючы студэнцтва, Аляксандр Васільевіч шчыра прызнаецца, што ў Горках сустрэў сваю будучую жонку Яўгенію Дорах:


— Як убачыў яе ў інтэрнаце — запалала пачуццё. Да заканчэння вучобы сустракаліся. Пазнаёміўся з яе сям’ёю ў рэчыцкай вёсцы Баршчоўка. І да маіх бацькоў ездзілі на Палессе. Яўгенія ў акадэміі вучылася на юрыста, а я засвойваў «камерцыйную дзейнасць». Размеркаванне атрымалі на маю радзіму. Працаваць пачыналі ў гаспадарках Столінскага раёна. У той час упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання кіраваў Аляксандр Пачка. З ім часта абмяркоўвалі вытворчую дзейнасць ААТ «Лядзецкі», дзе я ўзначальваў эканамічную службу. Вясною 2015 года Аляксандра Мікалаевіча прызначылі старшынёй Лунінецкага райвыканкама. Па яго ініцыятыве пяты год кірую Палескай доследнай станцыяй меліярацыйнага земляробства і лугаводства. У першы год дырэктарства нярэдка ездзіў у Мінск на пасяджэнні Нацыянальнай акадэміі навук. Мне было 27 гадоў. З больш як ста кіраўнікоў розных структурных падраздзяленняў НАН я быў самы малады. На мяне сыпаліся пытанні, як з меха. Пакуль адзін са сталых вучоных не сказаў: «Дайце маладому паспытаць сябе кіраўніком. Нам на асфальце сеяць не трэба». Пасля гэтага мяне зацвердзілі дырэктарам доследнай станцыі. Не ўсё адразу ладзілася. Адчуваў, што не хапае вопыту. Дэталёва прааналізаваў эканамічную дзейнасць калектыву і вырашыў пайсці на непапулярныя меры.

— Аляксандр Васільевіч, з самага пачатку дырэктарства рызыкоўныя меры?

— Так, з галоўнымі спецыялістамі перагледзелі нормы выпрацовак. Правялі сходы па вытворчых падраздзяленнях. Людзям растлумачылі: ад агульнай сумы паступленняў на рахунак гаспадаркі за рэалізацыю прадукцыі ў першую чаргу вызначаюцца сродкі на забеспячэнне далейшай дзейнасці вытворчасці — паліва, запчасткі і іншыя неабходныя рэчы. А таксама гасяцца абавязковыя плацяжы. Застаецца 60—70 працэнтаў сродкаў. А фонд заработнай платы перавышаў 95 працэнтаў ад выручкі. За што набываць неабходныя запчасткі? Працаўнікі ўважліва слухалі. Некаторыя не вытрымалі і пакінулі калектыў. Канечне, перажываў. Рэформу заработнай платы пачаў з сябе: напалову зменшыў службовы аклад. Пасля гэтага не сорамна людзям у вочы глядзець. Сярод кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна мой заробак быў самы меншы. Жонка з паразуменнем аднеслася да майго рашэння. У нас два сыны падрастаюць. Кватэра службовая. У эканамічным аддзеле райвыканкама здзіўляліся майму рашэнню.

Увогуле, першы год дырэктарства быў даволі складаным. У калектыве панавала напружанне. Нагрузка на тых, хто застаўся працаваць на палях і фермах, узрасла. Узмацніліся патрабаванні да дысцыпліны. На многіх участках з-за недахопу кадраў людзям даводзілася працаваць без выхадных.

— І як утрымалі калектыў?

— Яшчэ школьнікам захапляўся псіхалогіяй чалавека. Нават збіраўся паступаць у педінстытут. Калі вучыўся ў Горках, не пераставаў чытаць спецыялізаваную літаратуру па псіхалогіі. Памятаю бацькавы словы: зарабіць капейку — не самае галоўнае, важна самасцвярдзіцца. Так і лю­дзям тлумачыў. Роўна год спатрэбілася, каб стабілізаваць сітуацыю. Потым заробкі сталі паступова павышацца. Калі ўсё наладзілася, людзі пачалі вяртацца. Мне паведамлялі, што нехта з механізатараў ці жывёлаводаў хоча вярнуцца, і я прымаў іх заявы. Днямі звярнуўся вадзіцель Дзмітрый Піліпчык. У яго шматдзетная сям’я. Гаспадар, каб больш зарабіць, пайшоў у дальнабойшчыкі. Дастаўляў грузы па краінах Еўропы. Сям’і па льготнай чарзе ў Пінску выдзелілі кватэру. А калі сусвет агарнула пандэмія каронавіруса, ён застаўся без заробкаў. Часова працуе ў нас. Гаворыць, калі б далі новую аўтамашыну і дом у вёсцы, вярнуўся б назаўжды ў гаспадарку. Паабяцаў пры першай магчымасці выканаць яго просьбу. Разумею, што камусьці гардыня не дазваляе прыйсці з заявай. З павагай адношуся да кожнага: чалавека нельга прыніжаць.

— Дзякуючы чаму папаўняецца фонд заработнай платы?

— Выручылі жывёлагадоўчыя фермы. Палепшылі кармавую базу, і адразу павялічыўся валавы надой малака. Рэалізуем яго на Лунінецкі малочны завод. У еўрапейскіх краінах на такіх прадпрыемствах сыравіна падзяляецца на дзве катэгорыі: прыёмная і непрыёмная. У нас свая сістэма ацэнкі якасці прымаемага ад сельгаспрадпрыемстваў малака. Гадавы надой ад кожнай з 1617 кароў звыш 5600 кілаграмаў. Сёлета спадзяёмся перавысіць 6-тысячны рубеж. На малочна-таварных фермах пабудавалі даільныя залы. Праца на зямлі нялёгкая, але калі чалавек адносіцца да яе з душою, то ўсё атрымаецца.

— На вашу думку, чым заахвоціць маладых, каб яны заставаліся на вёсцы?

— Не кожнаму дадзена адчуваць і любіць жыццё ў прыродным храме. У нашых аграгарадках сацыяльныя стандарты на ўзроўні з горадам. Для выхавання дзяцей створаны ўмовы. Дзейнічаюць дзіцячыя школы мастацтваў, спартыўныя секцыі, гурткі па інтарэсах. Жыхары аграгарадка маюць магчымасць трымаць на падворках жыўнасць, мець свае грады з гароднінай, вырошчваць садавіну, зай­мацца пчалярствам. Выбар заняткаў неабмежаваны. І заробкі зараз у працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў неблагія.

Акрамя земляробаў і жывёлаводаў, на нашай доследнай станцыі працавалі 70 навукоўцаў. Сёння іх значна менш. Кіруе імі кандыдат тэхнічных навук Мікалай Аўраменка. Па дзяржаўных праграмах спецыялісты даследуюць спецыфіку земляробства на тарфяніках. Навуковая дзейнасць падтрымліваецца ў асноўным са сродкаў дзяржавы і гаспадаркі. Некаторыя праекты фінансуюцца па лініі ПРААН. Вучоныя вызначаюць асаблівасці сельгасдзейнасці на абноўленых землях. На нашых доследных палях ладзяцца рэспубліканскія семінары па выкарыстанні тарфянікаў. Прыязджаюць навукоўцы з Беларусі, Расіі і Украіны. Іх уражвае высокая культура земляробства.

Навуковыя даследаванні важныя і запатрабаваныя. Пастаянна вядзецца маніторынг сельгасдзейнасці на тарфяніках. Аналізуецца ўздзеянне на глебу ядахімікатаў і мінеральных удабрэнняў. У адрозненне ад заходнееўрапейскіх нашы сельгасугоддзі не так засмечаны хімікатамі. Зараз у свеце актыўна прапагандуецца арганічнае земляробства.

Паўтара года таму да нас далучылася суседняя гаспадарка «Дзятлавічы». Яна была на мяжы банкруцтва. Там палі працяглы час не запраўляліся мінеральнымі ўдабрэннямі. І аддача ад іх адпаведная. Мы перагледзелі структуру севазвароту. Некалькі гадоў спатрэбілася, каб адрадзіць занядбалы меліяраваны масіў Сваха плошчай 506 гектараў. Тарфянік заправілі тукамі і арганікай згодна з тэхналогіяй і засеялі збожжавымі. Добры ўраджай сёлета даспявае там.

За апошнія гады шмат станоўчых перамен і ў жывёлагадоўлі. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася на трэць і перавысіла 4800 галоў. На малочна-таварных фермах пабудаваны даільныя залы. На ўскрайку пасёлка Палескі з дзяржаўнай падтрымкай узводзім гаспадарчым спосабам даільную залу і два кароўнікі на 600 галоў. Да новага года плануем іх увесці ў эксплуатацыю. Непадалёку ад новабудоўлі ў канцы чэрвеня запоўнілі маладняком цялятнік. Побач з вёскай Бараўцы ўзвялі яшчэ адзін цялятнік на 200 галоў. Будуецца павець для ўтрымання маладняка на жывёлагадоўчай ферме «Дзятлавічы».

З дапамогай дзяржавы абнаўляецца машынна-трактарны парк. Сёлета па лізінгу набылі некалькі трактараў, два корманарыхтоўчыя комплексы, іншую сельгастэхніку. Усё гэта дазваляе нарошчваць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі.

— Аляксандр Васільевіч, што больш усяго цэніце ў чалавеку?

— Сумленне. Калі яно кіруе чалавекам, яму можна давяраць. Менавіта такія людзі ў нашым калектыве. Кажуць: на месцы і камень абрастае. Гэта пра мяне. На Палессі нарадзіўся, і вялікае шчасце, што тут запатрабаваны. Імкнуся кожнага працаўніка заахвоціць, каб вынік агульнай працы яго зацікавіў. У нас склалася каманда аднадумцаў. Працуем на агульны поспех. І бачым перспектыву гаспадаркі.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter