Давайце лiчыць адзiн аднаго па душах...

На Мiншчыне не даюць прапасцi сiротам

Кветкавая вулiца
Вользе Янкоўскай з Дзяржынска 28 гадоў, такi ж малады i яе муж Аляксандр. Спачатку гэта пара i не думала пра сямейны дзiцячы дом, муж i жонка хацелi ўсынавiць немаўля, бо сваiх дзяцей у iх не было. Паехалi выбiраць дзiця. Пэўна, Бог вёў iх, пераблыталi Барысаў i Жодзiна, трапiлi да старэйшых дзяцей. Так аказалася ў сям’i 5-гадовая Наташа. Потым забралi яе 14-гадовую сястру... Сёння ў маладой сямейнай пары 9 дзяцей. Апошняга хлопчыка забралi ў 10 месяцаў: мiнская мама-зязюля нарадзiла яго ў Дзяржынску i знiкла.
Двухпавярховы дом, якi быў гатовы працэнтаў на 60, дапамаглi дабудаваць сябры. Яны i сёння надзейныя памочнiкi гэтай сям’i. Ну i, зразумела, не забывае Янкоўскiх Дзiцячы фонд. Арганiзацыя абсталёўвае такiя дамы мэбляй, бытавой тэхнiкай, адной сям’i нават карову набыла. Падтрымлiвае i райвыканкам, найперш аддзел адукацыi.
Вольга атрымлiвае паўтары стаўкi выхавальнiка, гэта прыкладна 600 тысяч рублёў, муж — каля 250 000. Але яны не разлiчваюць толькi на дапамогу збоку: Аляксандр будаўнiк, робiць забяспечаным заказчыкам еўрарамонты i такiм чынам зарабляе на дом сваёй мары. А яна высокая i ў прамым, i ў пераносным сэнсе. Янкоўскiя збiраюцца дабудаваць трэцi паверх, бо не выключаюць, што сям’я папоўнiцца...
Дзецi ў Вольгi i Аляксандра жывуць у спакойнай абстаноўцы, у адзiн голас кажуць, што такi паварот iх лёсаў — гэта шчасце. Мама Оля — настаўнiца пачатковых класаў i таму майстрыха на ўсе рукi. Дзецi яе памочнiкi ва ўсiх справах, яны растуць творчымi асобамi, умеюць рабiць розныя падзелкi. Многiя iграюць на розных музычных iнструментах. А як спяваюць!

Iрына Мiхалёва раней працавала ў райаддзеле адукацыi, займалася ўладкаваннем дзяцей з пакалечанымi лёсамi. I пакрысе ў яе выспела думка: трэба самой паспрабаваць дапамагчы канкрэтным дзецям. З пачатку 2001 года яна выхавальнiк дзiцячага дома сямейнага тыпу.
У Iрыны i Вячаслава ёсць свой сын. Iлья спачатку не мог зразумець, як гэта мама будзе дзялiць сваю любоў. А зараз сумуе, калi браты і сёстры дзесьцi затрымлiваюцца.
Iльi зараз 13, а Сашы — 15, менавiта ён загiтаваў свайго малодшага таварыша да заняткаў футболам. Хлопчыкi наведваюць ДЮСШ, дараслi ўжо да абласных спаборнiцтваў. Дарэчы, Саша прымаў удзел у акцыi “Лiст Прэзiдэнту”. Пабываў на сустрэчы з кiраўнiком дзяржавы i нават запрасiў яго ў Дзяржынск на таварыскi матч.
Зразумела, калi ў хаце столькi гасцей, мiжволi хочацца гаварыць толькi пра лепшае. Але Iрына не ўтойвае сваiх апасенняў: “Хвалiцца рана, бо не ведаю, якiмi вырастуць мае падапечныя. Усе бацькi хочуць, каб у старасцi дзецi сагравалi iх сваёй любоўю, падтрымлiвалi. Будзе так, значыць, нездарма старалiся мы з Мiхайлавiчам”.
Вось i адказ скептыкам, якiя лiчаць, што спадчыннасць аглобляй не пераб’еш. Сям’я мае вялiкi тэрапеўтычны патэнцыял, у ёй выпраўляюцца хiбы ранейшага “выхавання”, i дзiця iдзе ў жыццё, так бы мовiць, па Кветкавай вулiцы.
Мэта — сям’я...
Сёння ў Беларусi 32 207 сiрот. У 86 працэнтаў дзяцей, якiя знаходзяцца пад апекай дзяржавы, ёсць таты i мамы, але яны альбо пакiнулi iх, альбо былi пазбаўлены бацькоўскiх правоў. На сённяшнi дзень у замяшчаючых сем’ях знаходзiцца 48,3 працэнта бязбацькавiчаў. “Дзяржава стараецца зрабiць усё магчымае, каб такiя дзецi траплялi ў сям’ю, а не ў iнтэрнацкую ўстанову, дзе складана выхаваць сем’янiна, грамадзянiна i працаўнiка, — гаворыць дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Мiнiстэрства адукацыi Наталля Паспелава. — Iнтэрнацкiя дзецi не разумеюць, як будаваць сямейныя адносiны. У вынiку сацыяльнае сiроцтва праецыруецца ў будучыню. Ёсць сем’i, дзе яно ў пятым-шостым пакаленнi”.
Дамы надзеi
Сёння ў краiне 58 дамоў сямейнага тыпу, 29 з iх знаходзяцца пад патранатам Беларускага дзiцячага фонду.
— Мы знайшлi ў Англii дабрачынную арганiзацыю “Надзея i дамы — дзецям”. Пазнаёмiлiся, цэлы год прыглядалiся адзiн да аднаго. Гэтыя людзi даюць грошы, i мы будуем альбо дабудоўваем катэджы для сямейных дзiцячых дамоў. 29 сем’яў разабралi 331 дзiця, з iх 272 — сiроты: 3 паўнацэнныя дзяржаўныя дзiцячыя дамы. 58 дарослых узялiся выхоўваць хлопчыкаў i дзяўчынак, i гэта зусiм iншае выхаванне, — зазначае старшыня праўлення Беларускага дзiцячага фонду, пiсьменнiк Уладзiмiр Лiпскi. — 2006 год аб’яўлены ў нашай краiне Годам мацi. Давайце ж накiруем нашы намаганнi на працу з сем’ямi, каб пазбавiцца праблемы сацыяльнага сiроцтва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter